А можа, пісьменнік проста любіць прыроду, вёску і ўсё з ёй звязанае, таму смуткуе, што цяпер многае знікае, і хоча захаваць мінулае ў сваёй кнізе.
Кніга «Прагулка да аблокаў» прыйдзецца даспадобы ўсім, хто любіць нататкі аб прыродзе і хоча навучыцца заўважаць яе цуды, як гэта ўмее рабіць аўтар. Пад адной вокладкай сабраны самыя розныя творы: апавяданні, заметкі, мініяцюры, фельетоны, ёсць і аповесць «Прагулка да аблокаў», якая дала назву кнізе. Яе галоўны герой Ромка з-за сямейных абставін вымушаны паехаць у вёску да бабулі. Хлопчык вельмі любіць прыроду, і праз яго ўражанні ад звычайных момантаў жыцця аўтар, безумоўна, прызнаецца ў любові да навакольнага свету: «Ромка, нібы зачараваны, хадзіў па ручаі, разглядаючы ўсё, што траплялася на шляху. Ніколі яшчэ ён не адчуваў такога самазабыўнага задавальнення, такой спакойнай цікаўнасці, якую з лёгкасцю забяспечваў сам, без дапамогі дарослых. Ручай і яго жыхары здаваліся яму цудам, і было дзіўным, што нікога, акрамя яго, гэта не хвалявала».
Без усялякіх гаджэтаў, без якіх ужо нават немагчыма ўявіць сучасных дзяцей, Ромка знаходзіць сапраўды цікавыя рэчы, што робяць яго шчаслівым. Напрыклад, калі залезці на вышку, то можна будзе дацягнуцца да аблокаў. Так думае Ромка, а бабуля не дазваляе ўнуку адыходзіць далёка ад хаты, а тым больш забірацца высока. Аднак хлопчыка настолькі вабяць цуды прыроды, што ён адпраўляецца ў тую самую прагулку да аблокаў, бо верыць: да іх сапраўды можна дацягнуцца рукой і нават пакаштаваць на смак. І калі адразу не атрымалася, хлопчык усё роўна працягвае верыць у сваю мару: «Да Ромкі пачало даходзіць, што з гэтай вышкі да аблокаў яму не дацягнуцца. Значыць, павінна існаваць іншая вышка, якая дазволіла б гэта зрабіць. І яе варта пашукаць». Зразумела, гэтая гісторыя зусім па-іншаму бачыцца бабулі, якая хвалюецца, што ўнук можа ўпасці з вышыні. Яна просіць больш ніколі не лазіць на вышку, і Ромка абяцае, што на гэтую ён не палезе...
Аповесць варта было б выдаць нават асобнай кнігай, каб яе пачыталі вучні пачатковай школы: ім было б карысна даведацца, як цікава можна бавіць час на прыродзе, а з учынку Ромкі яны вынеслі б урок, як сваімі гульнямі могуць усхваляваць родных. Добра, што экстрэмальная прагулка да аблокаў скончылася без непрыемнасцей.
Вельмі кранае апавяданне «Ручнік», у якім аўтар расказвае, як бабка Ганна з-за пажару была вымушана пераехаць у гарадскую кватэру да дачкі. З «каштоўнасцей» з сабой удалося ўзяць толькі выратаваныя старую ікону і ручнік. Бабулі, усё жыццё якой было звязана з вёскай, асабліва шкада было старую ліпу, што расце ў двары. Вядома, з сабой яе ў горад не возьмеш, ды і пасля пажару дрэва «пачарнела з аднаго боку і глядзела на свет нявесела». Аўтару ўдалося перадаць пачуцці бабкі Ганны, якая сумуе па сваёй малой радзіме, бо ў горадзе ёй няма чаго рабіць: «Посуд хоць памыла б, дык у дачкі машынка на кухні стаіць спецыяльная. Абед зварыць, дык незразумела, як падысці да той замарожанай ежы ў цэлафане, якая ляжыць у халадзільніку». Адзінае, што грэе душу, — ручнік, які старая час ад часу дастае з шафы і гладзіла старыя ўзоры на ім: «На палатняным полі скакалі пеўнікі, сінімі зоркамі рассыпаліся валошкі, чырвоным іскрыліся сунічныя ягады. Узоры спляталіся ў мазаіку, знаёмую з дзяцінства, і нараджалі ў душы забытую цеплыню. Цяпер яна хавала ручнік пад падушку, і гэта было адзінае, ад чаго яна ні за што не адмовілася б».
Усім, хто любіць вёску, абавязкова спадабаецца мініяцюра «Дом родны». Нават у такім невялічкім творы можна ўзняць важнае пытанне — пра лёс старых вясковых хат. Аўтар перакананы, што толькі ў такім доме, няхай і неідэальным, але родным, сапраўды лёгка і спакойна на душы.
А як пісьменнік апісвае захад сонца ў вёсцы! Ён перакананы, што любавацца гэтай з’явай прыроды трэба запрашаць замежных турыстаў. «Усе думкі і пачуцці там, за даляглядам, за недасягальнай і няўлоўнай лініяй святла і цемры. І чамусьці шчаслівае ў такі момант маркотнае сэрца, якое працягвае біцца ў такт з сусветным гадзіннікам» («Беларускі захад сонца»).
- У кнізе ёсць не толькі шчымлівыя апавяданні, якія сапраўды бяруць за душу, але і гісторыі з гумарам. Напрыклад, апавяданні «Помста цешчы», «Жаночая псіхалогія» і г. д. Аматарам літаратуры будзе таксама цікава пазнаёміцца з фельетонамі Сяргея Клімковіча «ў стылі Зошчанкі і Антошы Чэхантэ».
Ірына ПРЫМАК