Ганна Андрэеўна ЯЗУБЧЫК (1904–1975) нарадзілася ў вёсцы Лядцо (Пухавіцкі раён) у сялянскай сям’і. Скончыла сем класаў, прычым усё навучанне было ўзімку — улетку дапамагала бацькам па гаспадарцы. Скончыла Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, аднак пэўны час працавала ў вёсцы Анопаль (Мінскі раён) настаўніцай прыродазнаўства і выхавацельніцай бездагляднікаў у дзіцячай калоніі «Серп і Молат». Але дзяўчыну вабіла навука. У 1930 годзе яна скончыла Беларускі сельскагаспадарчы інстытут у Горках і паехала вучыцца ва Усесаюзны інстытут сельскагаспадарчай мікрабіялогіі. Тут яна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму ўплыву арганічнага рэчыва на дэнітрыфікацыю глеб. З 1935 года месцам яе працы стаў Інстытут біялагічных навук (сёння Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча) Акадэміі навук БССР, у 1939–1941 гадах выконвала абавязкі яго дырэктара. У гэты перыяд яе больш за ўсё цікавілі бактэрыяльныя ўгнаенні як сродак павышэння ўраджайнасці.

Ганна Андрэеўна, актывістка ў мірныя часы, засталася такой і ў гады ваеннага ліхалецця. З верасня 1941 года яна далучылася да падполля. Збірала зброю, боепрыпасы, медыкаменты, распаўсюджвала падпольную літаратуру, перадавала агентурныя звесткі аб ворагах. Так, у сакавіку 1942 года здабыла сакрэтны ваенны план Мінска, а ў кастрычніку ў Нясвіжы прыняла ўдзел у атручванні сталовых нямецкага гарнізона.
У верасні таго ж года зза пагрозы арышту яна збегла ў лес у партызанскую брыгаду імя Варашылава штабазлучэння партызанскіх брыгад Слуцкай зоны. Тут Язубчык працягвала здабываць зброю, патроны, лекі і інш. У маі 1943 года дапамагла захапіць ў палон нямецкага інжынерабудаўніка з сакрэтнымі чарцяжамі.
Восенню 1943 года Ганна Андрэеўна была адпраўлена ў Маскву, дзе аднавіла навуковую працу ў лабараторыі мікрабіялогіі Інстытута сацыялістычнай сельскай гаспадаркі Акадэміі навук БССР. Пасля вызвалення нашай краіны ад ворагаў вярнулася ў Мінск.
.jpg)
Пасля вайны
З 1944 па 1945 год Ганна Язубчык узначальвала Навуковадаследчы аграглебавы інстытут АН БССР, з 1945 — у якасці загадчыцы аднаўляла дзейнасць лабараторыі мікрабіялогіі Інстытута сацыялістычнай гаспадаркі АН БССР. У далейшым у лабараторыі вывучаліся мікраарганізмы ў глебах БССР, распрацоўваліся пытанні, звязаныя з накіраваным рэгуляваннем мікрафлоры глеб для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур.
На пасадзе старшага навуковага супрацоўніка даследчыца падрыхтавала доктарскую дысертацыю «Мікрафлора асноўных тыпаў глеб Палескай нізіны БССР і шляхі яе актывізацыі». У 1962 годзе стала першай ў БССР жанчынай — доктарам сельскагаспадарчых навук. Аўтар шматлікіх прац па мікрабіялогіі глеб, яна заўсёды заставалася вернай роднай зямлі.
Ганна Язубчык узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалямі «Партызану Айчыннай вайны» (І ступень), «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Вольга САБАЛЕЎСКАЯ
Фота з архіва Інстытута эсперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча