Top.Mail.Ru

Saudade па-беларуску

Аўтар: Яўгенія Шыцька
07.03.2025 | 07:00

Супярэчліваму і складанаму эмацыянальнаму стану, які характарызуецца неперакладальным партугальскім тэрмінам «saudade», прысвяцілі свае работы беларускія мастакі. Гэты стан, згодна з вызначэннем арганізатараў, спалучае ў сабе светлы смутак, меланхолію, настальгію па страчаным, нуду па няздзейсненым, чуллівасць, пачуццё часовасці шчасця. Так, паняцце не ўтрымлівае негатыўнага падтэксту і, як мяркуецца, нараджае летуценную задуменнасць.



Творы, якія адпавядаюць тэрміну, прадставілі на выстаўцы «Saudade» ў прасторы ZAL#2 у Палацы мастацтва. У аснове гэтых работ ляжыць прызнанне таго, што перамены — непазбежная частка жыцця. Натуральна, адным гэтае прыняцце даецца лёгка, бо настальгія і смутак часта дапамагаюць пераасэнсаваць падзеі ў сваім жыцці і жыцці блізкіх, а для мастакоў увогуле могуць стаць крыніцай натхнення; на іншых жа гэты стан уплывае адмоўна з-за празмернай накіраванасці думак у мінулае, доўгага знаходжання ў маркотным настроі, і гэта адлюстроўваецца на ўспрыманні падзей, якія адбываюцца сёння. 

Куратарам экспазіцыі, якая будзе працаваць толькі да 9 сакавіка, выступае Кацярына Янкоўская. Падчас адкрыцця выставачнага праекта яна падкрэсліла, што кожны з мастакоў па-рознаму адчувае сябе ў гэтым стане, па-свойму адлюстроўвае яго ў сваіх работах. Дзевяць аўтараў сталі ўдзельнікамі выстаўкі «Saudade»: жывапісцы Уладзімір Зінкевіч, Сяргей Пісарэнка, Наталля Шапавалава і Тамара Стасевіч, фатографы Міхаіл Кулажанка, Ганна Мельнікава, Віктар Сянькоў і Ірына Пыліна (яе творчасць прадстаўлена відэа-артам), а таксама графік Міша Дайліда, які прадставіў на суд гледача серыю «Ноч — гэта не маё», у якой спалучаны пачуццё адзіноты і прадчуванне бяскрайнасці сумнай штодзённасці. 


— Паўдзельнічаць у праекце мне прапанавала Кацярына Янкоўская, — расказаў мастак. — Цаню шанс прычыніцца да стварэння цікавай выстаўкі, у рамках якой плён сваёй працы дэманструюць надзвычайныя аўтары. І ўсё ж серыю прэзентую нечакана для сябе: прапанова была раптоўная, аднак у мяне якраз сабралася шмат новых скончаных работ. Часта працую на хаду, натхняюся самымі рознымі выпадковасцямі. 

І падобных эскізаў у мяне хопіць на вялікую колькасць выставак. 

Сярод мастакоў, чыя творчасць добра знаёмая беларускай публіцы, — Уладзімір Зінкевіч. Аўтар даўно стварае карціны, якія даволі складана інтэрпрэтаваць, аднак гэта не перашкаджае спробам іх асэнсавання, расшыфроўкі закладзеных у іх загадак і намёкаў. 

Сапраўды, палотнам уласціва таямнічасць, эфект якой дасягаецца з дапамогай адметнай кампазіцыі, дзе ёсць шмат свабоднай прасторы і адсутнічае нават падабенства цяжкавагавасці. У гэтай пустэчы і спакоі якраз і прыхавана тая самая saudade. Сцяна туману, дрэвы, што віднеюцца за ёй, а яшчэ жаночыя вобразы — пастаянныя матывы творчасці Уладзіміра Зінкевіча. Аднак гэтым разам таямнічых персанажаў знайсці не ўдалося — у прапанавых для выстаўкі работах «Ранішні туман» (2022) і «Час дажджоў» (2024) паказана выключна прыроднае хараство. 

Паспяхова ў чорна-белай абстрактнай фатаграфіі працуе Ганна Мельнікава, якая прадставіла творы з серыі «Востраў Нуль» 2023 года. Знакаміты Востраў Нуль — жартаўлівая назва, якая мае месца на нулявых градусах шыраты і даўгаты, кропка скрыжавання нулявога мерыдыяна з экватарам. Знаходзіцца, між іншым, у Гвінейскім заліве каля заходніх берагоў Афрыкі. І ўсё ж востраў, якога не існуе, — нібыта меланхолія, нічым не выкліканая, настальгія па тым, што не спраўдзілася. 


Чорна-белую, але ўжо рэалістычную фатаграфію прапанаваў Міхаіл Кулажанка. «Страта № 66» (2019), «Страта № 37» (2022) і «Страта № 9» (2024) нагадваюць урыўкі з непадрабязнага аповеду аб складаным перыядзе жыцця. Ілюзій, што гэтыя страты ніяк не паўплывалі на асобу, быць не можа, бо, па-першае, гэта не простая канстатацыя — вядзецца нейкі важны адлік, а па-другое, ён адваротны: быццам запушчаны працэс, які вядзе да цалкам акрэсленага выніку. А магчыма, усё гучыць болей трывіяльна і страты, пра якія вядзецца гаворка ў сціплых і чароўных пейзажах, — кожнае імгненне жыцця і немагчымасць павярнуць час назад... 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю