Top.Mail.Ru

«Сапраўдная літаратура» Івана Навуменкі

Аўтар: Алесь Марціновіч
17.02.2025 | 07:00

Згадваючы Івана Навуменку, не так і проста вызначыць, з чаго пачаць. Настолькі ён шматгранны ў сваіх памкненнях і дасягненнях. Народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат прэміі камсамола Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР, доктар філалагічных навук, дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, акадэмік, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савета БССР... Дзе б ні працаваў, вызначаўся высокай аддачай свайго даравання. А як пісьменнік праявіў сябе ў розных жанрах: празаік, дзіцячы аўтар, крытык, літаратуразнаўца, драматург, публіцыст. Дасягненні таму і значныя, што валодаў велізарным ад прыроды талентам. Быў упэўнены: сапраўдная літаратура нараджаецца «з таго, што глыбінна перажыта самім пісьменнікам, што запала яму ў сэрца, што яго хвалюе, радуе, абурае». Гэтым кіраваўся і ва ўласнай творчасці. 




Бацька будучага пісьменніка Якаў Піліпавіч усё жыццё працаваў на чыгунцы, а сям’я жыла ў Васілевічах — цяпер гарадскі пасёлак, а тады невялікая станцыя. У аўтабіяграфіі Іван Навуменка сведчыць: «Гудкі цягнікоў змешваліся з мычаннем кароў і кудахтаннем курэй». Нарадзіўся 16 лютага 1925 года. Як праходзіла маленства, як сталеў, можна даведацца і з яго твораў. Нават з такіх, аўтабіяграфічныя моманты ў якіх не адчувальны, але, тым менш, асобныя рысы з пражытага пазначаны ў характары асобных герояў. А што ўжо казаць пра аповесці «Дзяцінства», «Падлетак», аднак куды больш для разумення даюць асобныя апавяданні, у якіх вельмі адчувальная дакументальная аснова. Ёсць пра гэта згадкі і ў аўтабіяграфіі. З маленства яму спадарожнічалі два захапленні — любоў да птушак і кніг.

Апошняе паспрыяла таму, што рана ўзяўся за пяро. Друкаваўся ў раённай газеце «Сацыялістычная праца», у абласной «Бальшавік Палесся», якая выходзіла ў Мазыры. З пачаткам вайны, нягледзячы на малады ўзрост, не застаўся ўбаку ад усенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Са студзеня 1942 года ўваходзіў у васілевіцкую падпольную камсамольскую групу «За Радзіму», быў яе камісарам. Складаў тэксты лістовак, пісаў сатырычныя вершы. Юныя падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партызанамі. 

Калі наблізілася лінія фронту, камандаванне накіравала для наладжвання сувязі з часцямі Чырвонай арміі спецыяльную групу. У яе ўваходзіў і Іван Навуменка. Потым пачалася новая паласа ў яго біяграфіі: «Прыдняпроўскае Палессе было вызвалена Савецкай Арміяй восенню сорак трэцяга года. Пасля партызан я трапіў на фронт. Удзельнічаў у баях пад Ленінградам, на Карэльскім перашыйку, ва Усходняй Прусіі і ў Сілезіі».

Дэмабілізаваўся ў снежні 1945 года. Былога франтавіка з ордэнам Чырвонай Зоркі на гімнасцёрцы радасна сустрэлі ў рэдакцыі газеты «Бальшавік Палесся», куды ён праз некаторы час уладкаваўся на працу карэспандэнтам. Завочна вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1950 годзе. Працягваў вучобу ў аспірантуры і працаваў у рэдакцыі газеты «Зорька». А пасля былі часопіс «Маладосць», загадванне кафедрай беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 1973–1982 гадах узначальваў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1982-м выбралі віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. 

Пачаткам сталай літаратурнай дзейнасці лічыў 1955 год, калі ў часопісе «Маладосць» апублікаваў свае першыя апавяданні «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка...». Для празаіка як быццам не такі і «стары» дэбют. Хоць меркаваў інакш: «Выступаць у літаратуры — так я лічу сам — пачаў позна. Першае апавяданне надрукавана ў трыццацігадовым узросце. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна». 

У прызнанні ёсць і іншы, прытым важны, момант, з якога відаць, што браў за аснову сваіх твораў: «У тым, што пішу, трымаюся бліжэй да перажытага».

Рана ці позна дэбютаваў як празаік, самому відавочней. Магчыма, у задумках былі цікавыя сюжэты яшчэ да напісання згаданых апавяданняў, але своечасова іх не ажыццявіў. Хто працаваў газетчыкам, добрае ведае, як шмат часу забірае так званая «цякучка». Адно можна сказаць дакладна: Іван Навуменка ўваходзіў у літаратуру ўпэўнена. Пачатковага, вучнёўскага перыяду ў яго пісьменніцкай працы не было. 

Гэта тым больш відаць цяпер, калі ведаеш, што на яго мастакоўскім рахунку дзясяткі твораў «малога жанру». Сярод іх — «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка...» не толькі не губляюцца, але сваім зместам, настраёвасцю блізкія да іншых апавяданняў. Ідучы ад перажытага, адштурхоўваючыся ад лёсу людзей, добра вядомых яму, Іван Якаўлевіч пісаў саму праўду жыцця. Часам у рамантычным святле. Асабліва гэта тычылася твораў, у якіх паўстаюць воблікі юнакоў і дзяўчат канца трыццатых — пачатку саракавых гадоў. Івана Навуменку нездарма называлі песняром юнацтва. Такім і застаўся ён на старонках сваіх кніг: і першай — «Сямнаццатай вясной», і наступных — «Хлопцы-равеснікі», «Верасы на выжарынах», «Таполі юнацтва», «Вераніка».

Аднак, будучы песняром юнацтва, нязменна заставаўся рэалістам, паказваючы жыццё ва ўсёй яго складанасці. Юнакі і дзяўчаты, якія жылі хораша і светла, часам нават празмерна летуценна, рана сустрэліся з суровай рэальнасцю. Яна аказалася драматычнай, далёка не такой, як ім здавалася дагэтуль. І вораг не такім, якім паказвалі яго ў даваенных фільмах і кнігах. З’явіліся расчараванне, няўпэўненасць. Аднак прыйшло і жаданне ва ўсім разабрацца, каб не аказацца ўбаку ад усенароднай справы. Пераацэнка мінулага нярэдка праходзіла балюча, але яна была неабходная. І заканамерная, бо моладзь сталела, а таму пачынала іншымі вачыма глядзець на навакольны свет і інакш ставіцца да падзей. 

Як у апавяданні «Сямнаццатай вясной»: «Мне ішоў сямнаццаты год. Мая сямнаццатая вясна была вельмі багата на кветкі, на цеплыню, на тыя цудоўныя дні, калі, здаецца, сама зямля спявае песню сонцу, жыццю, высокаму сіняму небу». Ды гэтая вясна стала непадобнай на вёсны, якія давялося перажыць тым, хто быў на некалькі гадоў старэйшы: «Але бэз у гэтую вясну не хваляваў мяне і не радаваў зусім. Упершыню за многія гады і мне, і маім сябрам не трэба было здаваць экзаменаў. Не было і настаўнікаў, якія вучылі нас у школе. Многія з іх пайшлі на фронт і ваявалі пад Ржэвам, а можа, пад Севастопалем, а другія таксама не задавалі нам урокаў, бо на фасадзе нашай школы трапятаў чужы сцяг з чорнай свастыкай».

І як працяг гэтага апавядання — «Вераніка». Манера пісьма таксама спавядальная і разам з тым самотная: «Наш дзясяты клас быў гераічны. Нас у класе было шаснаццаць хлопцаў, і амаль усе мы марылі пра подзвігі. Чатырнаццаць з шаснаццаці збіраліся паступаць толькі ў ваенныя вучылішчы. Астатніх двух — Федзю Пячкура і Валерыя Самасада, якія разлічвалі трапіць у „цывільныя“ інстытуты — мы за вочы называлі дэзерцірамі». А яшчэ ўсе хлопцы былі закаханы ў аднакласніцу Вераніку. Не стала Веранікі ў сорак другім годзе, немцы расстралялі яе за тое, што друкавала на машынцы тэксты лістовак... 

Падобная танальнасць і ў іншых апавяданнях Івана Навуменкі пра вайну. Спавядальны матыў асабліва моцны ў аповесці «Трымценне дубовага лісця»: «Даруйце нам, нашы дзяўчаты, што мы былі дрэннымі кавалерамі і не ўмелі вас кахаць. Мы, можа, і навучыліся б, але вайна залішне зацягнулася, ды і мала нас вярнулася з вайны.


З дзясятага класа пайшло на фронт шаснаццаць, вярнулася толькі чацвёра. Ляжаць яны, хлопцы дваццаць чацвёртага і дваццаць пятага года нараджэння, у брацкіх магілах ля вёсачак і безыменных вышынь ад Дняпра да нямецкай Эльбы. Даруйце ім, дзяўчаты...»

Вялікая Айчынная вайна прысутнічае і на старонках іншых празаічных твораў. Найперш у раманах «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці». Гэта своеасаблівая трылогія. Сёй-той з крытыкаў называе яе партызанскай эпапеяй. Ацэнка, безумоўна, высокая. 

І ўсё ж дазволю сабе не пагадзіцца. Не таму, канешне, што гэтыя творы не адпавядаюць эпапеі. Сюжэтна яны звязаны не толькі дзейнасцю партызан.

Несумненна, Іван Навуменка праўдзіва і па-новаму на час з’яўлення гэтых раманаў сказаў пра разгортванне барацьбы народных мсціўцаў на Палессі. Але падзеі мясцовага характару нярэдка як бы падмацоўваюцца тым, што адбывалася далёка ад Беларусі — пад Масквой, Сталінградам, Курскам, Арлом... Відавочна панарамнасць трылогіі, маштабнасць, а яшчэ, што вельмі важна, філасофская заглыбленасць. Таму яна не столькі партызанская эпапея, колькі трылогія-эпапея пра Вялікую Айчынную вайну.

Не маючы вопыту работы над аб’ёмнымі творамі (асобныя аповесці, што былі ўжо напісаны, у разлік не бяруцца), Іван Навуменка смела ўзяўся за свой першы раман «Сасна пры дарозе». Чаго ў гэтым было больш? Маладой упэўненасці — «смелость города берет», веры ў свае творчыя сілы? Першыя кнігі атрымалі высокую ацэнку крытыкі ці сам талент «штурхаў» на нешта большае, чым тое, што ўжо было ажыццёўлена? Відаць, у аднолькавай ступені назіралася і першае. і другое, і трэцяе. Але трылогія з’явілася, зразумела, не адразу. І адрэзкі часу паміж з’яўленнем асобных раманаў даволі значныя: 1962, 1967, 1974 гады.

Задума канкрэтызавалася паступова. Ды і неабходны быў час, каб асэнсаваць такі багаты і разнастайны матэрыял. Больш за тое, калі ў адных выпадках Іван пісьменнік ішоў ад асабістага ваеннага вопыту, то ў іншых патрабаваўся інакшы падыход. Гэта відаць па тым, што кожны з раманаў ахоплівае пэўны перыяд барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У «Сасне пры дарозе» — дзейнасць падполля, арганізацыя першых партызанскіх атрадаў. У другім рамане асноўная ўвага — на далейшым разгортванні змагання з ворагам у тыле. Нарэшце, у «Сорак трэцім» — кульмінацыя. 

Адпаведным чынам уводзіліся новыя персанажы. 

З ранейшых адны атрымлівалі далейшае развіццё, а некаторыя героі ператвараліся ў эпізадычных. З’ява заканамерная пры напісанні маштабнага мастацкага твора. 

Своеасаблівым дапаўненнем да трылогіі стаў пазней напісаны раман «Смутак белых начэй». Умоўна кажучы, атрымалася тэтралогія аб Вялікай Айчыннай вайне. У гэтым творы Іван Навуменка таксама згадвае асобныя моманты ўласнай біяграфіі і звяртаецца да лёсу сваіх аднагодкаў. Былыя падпольшчыкі трапілі на фронт, у 1944 годзе ўдзельнічалі ў баях на Карэльскім перашыйку (першапачаткова назва раман «Карэльскі перашыек»). У стылі рамана нямала засталося ад ранніх апавяданняў. Найперш гэта бачыцца па тых лірызме, цеплыні, паэтычнасці, з якімі пісьменнік апавядае пра сваіх персанажаў. А яны — Сяргей Каліноўскі, Васіль Лебедзь, Косця Ціток, Косця Русіновіч і іншыя — такія непадобныя між сабой, але разам з тым ёсць у іх і агульнае: усе «хлопцы самай вялікай вайны». 

Аднак Іван Якаўлевіч быў уважлівы і да сучаснасці, у мастацкіх творах адлюстроўваў не толькі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Як пасляваеннай, так і бліжэйшай да нашага часу, аб чым засведчылі аповесці «Інтэрнат на Нямізе», «У бары на світанні», «Развітанне ў Кавальцах», «Замяць жаўталісця»... Не абыходзіў і вострых маральна-этычных праблем. Хораша пісаў пра каханне, асабліва калі яно з’яўляецца нечакана, як у герояў аповесці «Замяць жаўталісця». Але галоўны персанаж Высоцкі, які шмат перажыў, разумее, што «свята пачуццяў» — не вечнае. Трэба знайсці сілы своечасова саўладаць з сабой. У гэтым праяўляецца не прагматызм, як можа падацца на першы погляд, калі чалавек не хоча страчваць цяпло сямейнага ачага, а глыбокае ўсведамленне, што трэба думаць і пра іншых людзей, найперш дарагіх табе.

Калі ж гаварыць пра набыткі Івана Навуменкі ў дзіцячай літаратуры, трэба згадаць яго аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі», шэраг апавяданняў. Навуменка-драматург — гэта п’еса «Птушкі між маланак», у якой ажываюць асобныя эпізоды такой блізкай яму падпольнай, партызанскай барацьбы. Літаратурна-крытычная дзейнасць — той даследчыцкі пласт, па якім бы некаторыя аўтары маглі абараніць не адну кандыдацкую, а то і доктарскую дысертацыю. Між іншым, і Дзяржаўную прэмію БССР Іван Якаўлевіч атрымаў за даследаванні «Янка Купала: духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: духоўны воблік героя». Ужо ў сталым узросце аналізаваў творчасць Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, ранняга Кузьмы Чорнага. 

Наколькі шмат напісана на высокім мастацкім ўзроўні Іванам Якаўлевічам, упэўнівае і Збор яго твораў у 10 тамах, выпуск якога завяршыла выдавецтва «Мастацкая літаратура». Дарэчы, не палічыце гэта пахвальбой, але некалі, пішучы свой артыкул у сувязі з 75-годзем Івана Навуменкі, я згадаў яго шасцітомнік, што выйшаў на той час, і дадаў: «Але ён увабраў у сябе далёка не ўсе. 

А мінулася ж пасля выдання заключнага тома пятнаццаць гадоў.<...> Калі б сёння знайшліся ў дзяржаве сродкі для выпуску чарговага Збору твораў І. Навуменкі, дык ён пацягнуў бы сама мала на тамоў дзесяць!» 

Не стала Івана Якаўлевіча 17 снежня 2006 года. Напрошваецца кніга пра яго ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Разумею, што сёння не так і проста знайсці складальніка. Аднак выйсце ёсць. За аснову можна ўзяць кнігу «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні», што ў 2017 годзе выйшла ў выдавецтва «Беларуская навука». Калі дапоўніць шматлікімі здымкамі, ладны том атрымаецца.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота з сямейнага архіва Навуменкаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю