— У ліку першых сваіх настаўнікаў Віталь Цвірка называў знакамітага Кандрата Крапіву, які ў свой час жыў па суседстве з сям’ёй будучага мастака. Пра талент «дзядзькі Кандрата» як жывапісца згадваюць тыя, хто добра яго ведаў, сярод іх — Віталь Канстанцінавіч. А потым поспехі хлопчыка заўважылі настаўнікі малявання — Анатоль Тычына і Міхаіл Станюта, якія, дарэчы, давалі яму прыватныя ўрокі. Увогуле ж, таленавіты юнак паспеў атрымаць адукацыю ў Мінску, Віцебску і Маскве...
— Падчас Вялікай Айчыннай вайны студэнт-мастак жыў у Самаркандзе. Там у 1942 годзе закончылася яго вучоба ў Сурыкаўскім вучылішчы, педагогі і навучэнцы якога былі ў свой час эвакуіраваны з Масквы. Гады, праведзеныя ў іншай рэспубліцы, кажуць, не ўспамінаў ніколі (хіба толькі можна нешта прасачыць у карцінах, створаных у той перыяд): гэта былі вайна, нястача, смерць маленькага сына, а неўзабаве і бацькі.
— Больш за 40 гадоў таму ў Палацы мастацтва прайшла персанальная выстаўка майстра. Было складана не заўважыць, што сярод работ дэманстраваліся лісты з абгарэлымі краямі. Справа ў тым, што напярэдадні вернісажу ў майстэрні аўтара здарыўся пажар. Зразумела, карціны мастака пажарныя імкнуліся выратаваць, аднак штосьці згарэла, а штосьці было заліта вадой.
— У Віталя Цвіркі была асаблівая манера працы. Яго сучаснікі, у тым ліку Леанід Шчамялёў, успаміналі, што паглядзець, як той «чаруе» над палатном пад адкрытым небам, прыходзілі не толькі студэнты, але і іншыя мастакі, а таксама людзі, не звязаныя з творчасцю. Ды прысутнасць гледачоў Віталя Канстанцінавіча ніколькі не хвалявала і не бянтэжыла. Ён атрымліваў задавальненне ад працы і, напэўна, ад зацікаўленасці творчым працэсам, здавалася б, пабочных людзей. І ў гэты ж час яшчэ мог нешта напяваць, насвістваць, бывала, і прытанцоўваў. Між тым не ўсім, каму даводзілася працаваць побач з мастаком, гэта было даспадобы.
— Мастак Віктар Грамыка, вучань Віталя Канстанцінавіча, некалі палічыў неабходным абараніць свайго педагога, на той час рэктара Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, ад некаторых яго калег і адначасова апанентаў. Згадваў: «Свой кароткі рэктарскі шлях ён пачаў з ліквідацыі лішніх шаф, папер і наогул усялякай канцыляршчыны. Свой кабінет ён упрыгожыў шэрагам мяккіх крэслаў вакол калекцыйнай работы стала, з якога прынесеныя паперы неадкладна адпраўляў у канцылярыю. На фоне сцен ва ўсім інтэр’еры адведзенага пад інстытут будынка былі змешчаны злепкі антычных статуй». Тагачасныя студэнты парадаваліся такім новаўвядзенням, аднак сакратар ЦК КПБ Кірыл Мазураў паставіўся да «акцыі» адмоўна. У выніку Віталя Цвірку пазбавілі пасады, аднак да такой ацэнкі сваёй працы той паставіўся з гумарам.