Top.Mail.Ru

«Знікненне Глеба»: падлеткавы дэтэктыў пра страх, надзею і сяброўства

Аўтар: Лізавета Крупянькова
26.08.2025 | 07:00

У Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыла свет апавяданне Ірыны Карнаухавай «Знікненне Глеба», якое выйшла ў папулярнай серыі для падлеткаў «Пераходны ўзрост». Гэта не першы твор пісьменніцы ў названай серыі. 

У № 15 за 2025 год мы аглядалі яе аповесць «Ботан», дзе ў цэнтры падзей таксама былі падлеткавыя інтрыгі. Паглядзім, чым здзіўляе творца гэтым разам.



Галоўная гераіня Аська — звычайная дзяўчынка, якая, падобна шматлікім яе аднагодкам, баіцца заставацца ў кватэры адна. І вось у адзін з такіх вечароў, калі бацькі паехалі ў камандзіроўку, яе старэйшы брат Глеб таксама вырашыў пайсці на трэнероўку і пакінуць Аську адну. Як дзяўчынка ні супраціўлялася, аднак на планы брата паўплываць не змагла. Глеб паабяцаў вярнуцца дамоў у 9 гадзін вечара. Час ішоў, а брата ўсё не было. У такой сітуацыі многім у галаву палезуць дрэнныя думкі... Глеб не адказваў на тэлефонныя званкі, і сястра запанікавала. Дзяўчынка звярнулася па дапамогу да найлепшага сябра брата — Антона. Аднак і ён не змог сказаць дзяўчынцы, дзе яе брат — Глеб не прыйшоў на трэніроўку. І тут трэба адзначыць, што, нягледзячы на ўзрост, унутраныя страхі і боязь адзіноцтва, Аська пачала маштабныя пошукі брата, да якіх далучыліся сябры і суседзі. І хоць з дзяўчынкі спачатку смяяліся і жартавалі, аднак інтуіцыя яе не падвяла: Глеб сапраўды трапіў у бяду. Канешне, зомбі і іншапланецяне, пра якіх думала Аська, не мелі да знікнення Глеба ніякага дачынення, але ўпершыню хлопчык быў удзячны, што яго сястра такая ўважлівая. 

Аповед ідзе ад трэцяй асобы, кожная частка прысвечана аднаму з галоўных герояў: Асьцы, Антону, Тарасу (аднакласнік Глеба), Ангеліне (сімпатыя Глеба), Крысціне (сяброўка Асі), Назару (сусед) і Глебу. Адны і тыя ж падзеі пісьменніца трансліруе праз успрыманне розных персанажаў, што надае гісторыі новыя грані і зусім іншы маштаб. Такі падыход часта выкарыстоўваюць у дэтэктыўных творах для ўзмацнення інтрыгі. Кожны герой спрабуе прыдумаць сваю версію падзей, і ўпэўнена можна сказаць, што чытач таксама не застанецца абыякавым.

Кніга арыентавана на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, таму больш сталым чытачам некаторыя дыялогі могуць здацца штучнымі. Пісьменніца часта выкарыстоўвае ўнутраны маналог, які, канечне, раскрывае характар кожнага персанажа, але занадта доўгія разважанні парушаюць дынаміку апавядання і перагружаюць тэкст, што асабліва важна ўлічваць пры напісанні кнігі для падлеткаў.

Выданне ўпрыгожваюць графічныя ілюстрацыі мастачкі Марыі Жаўлаковай, якія надаюць твору загадкавы і містычны характар. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю