Top.Mail.Ru

Развіццё літаратурных сувязей паміж Беларуссю і Расіяй у сучасную эпоху абмяркуюць падчас круглага стала ў Мінску

Аўтар: Кірыл Ладуцька
25.08.2025 | 07:00

Штогод рэалізоўваецца нямала творчых ініцыятыў, якія толькі ўмацоўваюць дружбу, спрыяюць выданню кніг расійскіх літаратараў у Мінску, беларускіх — у Маскве. Як працяг такой працы — круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які адбудзецца 4 верасня ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. 


У Дзелавым і культурным комплексе пасольства для размовы пра агульныя прыярытэты ў сучаснай літаратурнай прасторы збяруцца пісьменнікі, перакладчыкі, публіцысты Беларусі і Расіі. Арганізатары круглага стала — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Кола тэм, у абмеркаванні якіх прымуць удзел аўтарытэтныя майстры прыгожага пісьменства, звязана з праблемамі кнігавыдання ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, у дзейнасці бібліятэчных сістэм, у справе арганізацыі прадстаўлення беларускай і рускай літаратур у свеце. Да ўдзелу ў творчых дыскусіях запрошаны прадстаўнікі маскоўскіх кніжных выдавецтваў, галоўныя рэдактары літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў, расійскія перакладчыкі твораў беларускіх пісьменнікаў. 

Асобная частка размовы на круглым стале — пра стасункі беларускіх творцаў з пісьменнікамі народаў Расіі. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі склаўся добры вопыт такіх сувязей. На старонках беларускіх літаратурна-мастацкіх выданняў часта выступаюць паэты і празаікі Чувашыі, Башкартастана, Татарстана, Марый Эл, Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Якуціі, Удмурціі, Чачэнскай Рэспублікі і іншых рэгіёнаў Расіі. Выходзіць серыя паэтычных кніг «Сябрына: паэзія народаў Расіі», у якой пабачылі свет зборнікі Мішы Сеспеля, Юрыя Семендэра, Валеры Тургая, Вячаслава Ар-Сяргі, Роберта Мінуліна, Адама Ахматукаева. 

Кірыл ЛАДУЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю