Дзяржаўны літаратурнамемарыяльны музей Якуба Коласа штогод адзначае дзень народзінаў паэта навуковай канферэнцыяй «Каласавіны», якая ў гэтым годзе пройдзе ў 39 раз і будзе прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі і 100-годдзю паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка». Юбілей аднаго з самых прыгожых твораў беларускай літаратуры музей песняра адзначыў выхадам факсімільнага выдання паэмы.
Кожны год навуковая канферэнцыя «Каласавіны» прыцягвае навукоўцаў, моваведаў, літаратуразнаўцаў, музеязнаўцаў, якія дзеляцца сваімі распрацоўкамі ў галіне навуковага коласазнаўства. Прыемна, што не абыходзіцца без паведамленняў аб новых знаходках і адкрыццях, звязаных з жыццём і творчасцю Якуба Коласа.
Падзелімся з чытачамі газеты «Літаратура і мастацтва» знаходкамі апошняга часу, тымі каштоўнымі матэрыяламі, якія былі выяўлены дзякуючы намаганням супрацоўнікаў навукова-фондавага аддзела і папоўнілі скарбніцу музея. Музейны збор узбагаціўся графічнымі работамі, кнігамі, газетамі, рукапісамі і дакументамі.
Рукапісы і дакументы з сямейнага архіва, звязаныя з жыццём і дзейнасцю старэйшага сына паэта, першага дырэктара музея Якуба Коласа — Данііла Канстанцінавіча Міцкевіча — перадала ў фонды яго дачка Вера Даніілаўна Міцкевіч. Прадметы экспанаваліся ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа падчас выставачнага праекта, прымеркаванага да 110-годдзя з дня нараджэння сына класіка беларускай літаратуры, і былі перададзены ўстанове ў дар.
Самымі каштоўнымі здабыткамі 2025 года з’яўляюцца дзве кнігі з аўтографамі класіка беларускай літаратуры. Першая з іх — асобнік паэмы Якуба Коласа «Хата рыбака». У 1949 годзе кніга выйшла на рускай мове ў Маскве ў Дзяржаўным выдавецтве мастацкай літаратуры пад рэдакцыяй М. К. Чукоўскага і ў перакладзе С. М. Гарадзецкага, Б. С. Ірыніна і П. А. Сямыніна. Выданне захавала дарчы надпіс класіка беларускай літаратуры: «Кинооператору, лауреату Сталинской премии Владимиру Цитрону на добрую память. Якуб Колас. 24. VI. 1949 г.». Аўтограф друкуецца ўпершыню.
Паэма Якуба Коласа «Рыбакова хата» мае багатую і цікавую творчую гісторыю. Малодшы сын паэта Міхась Міцкевіч успамінаў: «Работа над трэцяй вялікай паэмай “Рыбакова хата” таксама расцягнулася на многія гады. Спачатку была задумка напісаць твор аб цяжкім лёсе жанчыны ў панскай Польшчы пад назваю “На крэсах усходніх”. Але ў часе распрацоўкі тэмы рамкі твора значна пашырыліся, праца вылілася ў паэму». Сам аўтар пра свой твор пісаў наступнае: «Тэма і змест паэмы — барацьба беларускага народа былой Заходняй Беларусі за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне з-пад панскага гнёту. Каля двух дзясяткаў гадоў вялася гэта барацьба жорстка і ў цяжкіх умовах… Але ні жорсткі панскі рэжым, ні суды, ні рэпрэсіі не зламалі духу барацьбы беларускага народа. Беларускі народ цвёрда верыў у сваю перамогу….»
Якуб Колас перажываў, калі яго паэма была вылучана на дзяржаўную прэмію па літаратуры. Свайму сябру і перакладчыку Пятру Сямыніну 15 студзеня 1949 года паэт пісаў: «8-го января, когда было выдвижение «Рыбаковой хаты», у меня в глазах появились и огненные круги, и пятна, напоминающие по своему очертанию австралийский материк, и шёл огненный снег. Вечером приехал доктор и медсестра, из вены извлекли 225 грамм крови. После этого мне стало легче, и неприятные явления исчезли из глаз. Мне приказано лежать в постели».
Перажыванні з боку аўтара працягваліся. У лісце да Пятра Броўкі ад 16 сакавіка 1949 года Якуб Колас пісаў: «Мая “Рыбакова хата” прэміі, як я мяркую, не атрымае…» Але песімістычныя прагнозы паэта не спраўдзілся, 8 красавіка пастановай Савета Міністраў СССР Якубу Коласу была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР другой ступені.
- На кнізе «Хата рыбака», што папоўніла музейны збор, не пазначана месца, дзе кніга была атрымана ў падарунак. 20—24 чэрвеня 1949 года Якуб Колас выступае з уступнай прамовай на адкрыцці Другога з’езда савецкіх пісьменнікаў БССР, абіраецца членам прэзідыума праўлення ССПБ. На з’ездзе прысутнічала шмат гасцей, сярод якіх былі рускія пісьменнікі — К. Сіманаў, А. Твардоўскі, А. Пракоф’еў. Магчыма, Уладзімір Цытрон сустрэўся з беларускім паэтам падчас з’езда.
Некалькі слоў пра адрасата інскрыпта: Уладзімір Самуілавіч Цытрон — савецкі аператар дакументальнага кіно, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР (1982), лаўрэат двух Сталінскіх прэмій першай ступені (1946, 1951) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1969). Нарадзіўся 24 чэрвеня 1913 года ў Мінску. У 1933 годзе скончыў курсы аператарскага мастацтва пры Белдзяржкіно. У 1930—1941 гадах — асістэнт аператара, аператар кінафабрыкі «Белдзяржкіно», мінскай студыі хранікальна-дакументальных фільмаў.
Цікава, што ў 1939 годзе Уладзімір Цытрон удзельнічаў у здымках дакументальнага фільма «На освобожденной земле». Стужка апавядае пра далучэнне тэрыторыі Усходняй Беларусі да Савецкага Саюза. Тэма твора Якуба Коласа, прысвечанага ўз’яднанню Беларусі, была добра знаёма кінааператару.
Вялікую Айчынную вайну Уладзімір Цытрон сустрэў на тэрыторыі Беларусі: «Когда началась война, в 1941 году, я находился в киноэкспедиции в Западной Белоруссии и в город Минск добраться не смог. С большим трудом вместе с киносъемочной аппаратурой я добрался в Москву. Через некоторое время я был направлен на работу в Куйбышевскую студию кинохроники. Отец, мать, жена и двое детей, а также сестрёнка выехать из Минска не успели, и все были расстреляны фашистами», — з горыччу ўспамінаў кінааператар.
У гады вайны Цытрон працуе франтавым кінааператарам.
У 1941—1942 гадах — на Куйбышаўскай студыі кінахронікі, у 1943 годзе ў кінагрупе Заходняга фронту. З 1943 да 1988 года Уладзімір Самуілавіч — аператар Цэнтральнай студыі дакументальных фільмаў (ЦСДФ).
Фільмаграфія Уладзіміра Цытрона даволі вялікая, сярод дакументальных стужак трэба адзначыць фільмы «Ударом на удар», «Освобождение Западной Белоруссии», «Возрождение Сталинграда», «Парад Победы» і іншыя. За дакументальны фільм «Возрождение Сталинграда», які расказвае пра аднаўленне горада пасля яго вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў у студзені 1943 года, Уладзімір Цытрон разам з членамі здымачнай групы атрымаў Сталінскую прэмію першай ступені (1946).
Уладзімір Цытрон пражыў доўгае і яскравае жыццё, адной з запамінальных падзей якога стала сустрэча і знаёмства з класікам беларускай літаратуры Якубам Коласам. Выдатнага кінааператара не стала 24 снежня 2009 года.
Кніга «Хата рыбака» з дарчым надпісам беларускага творцы, якая адкрыла новую асобу з акружэння паэта, цяпер беражліва захоўваецца ў фондах сталічнага музея песняра.
- Яшчэ адно выданне, якое папоўніла музейны збор — «Русско-белорусский словарь», які выйшаў з друку ў 1953 годзе ў Маскве ў Дзяржаўным выдавецтве замежных і нацыянальных слоўнікаў. На кнізе захаваўся дарчы надпіс тагачаснаму прэзідэнту Акадэміі навук БССР Васілю Феафілавічу Купрэвічу ад рэдактараў слоўніка — Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі. Рукою Кандрата Крапівы на тытульнай старонцы выдання напісана: «Паважанаму Васілю Феафілавічу Купрэвічу — ад рэдактараў слоўніка. 22 студзеня 1954 г.». Аўтограф друкуецца ўпершыню. Уласнаручна подпісы пад тэкстам паставілі Якуб Колас, Кандрат Крапіва і Пятро Глебка. Унікальнасць асобніка слоўніка не выклікае сумневу, бо яе трымалі ў сваіх руках і пакінулі надпісы адразу тры выдатныя дзеячы беларускай літаратуры.
У калекцыі кніг з дарчымі надпісамі Якуба Коласа руска-беларускі слоўнік стаў юбіленым сотым паступленнем і першым з калектыўным інскрыптам. «Русско-белорусский словарь» паступіў у дар ад нашчадкаў беларускага біёлага і міколага, доктара біялагічных навук, прафесара, акадэміка Акадэміі навук БССР Васіля Феафілавіча Купрэвіча. Кнігу ў фонды музея падарыў яго ўнук Генадзь Алегавіч Купрэвіч.
Тэма любові і павагі да роднага слова і беларускай мовы чырвонай стужкай праходзіла праз жыццё і творчасць Якуба Коласа. «Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова, — пісаў Якуб Колас. — У мове адлюстравалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў». Выхад слоўніка, першага пасляваеннага акадэмічнага выдання, стаў важнай падзеяй у айчынным мовазнаўстве. Знакавым гэта было і для самога Якуба Коласа, які яшчэ ў 1920-х гадах займаўся распрацоўкай навуковай тэрміналогіі падчас працы ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, дамагаўся, каб беларуская мова стала мовай вучоных і даследчыкаў у розных галінах навукі. Асноўнай задачай слоўніка, які змяшчаў 86 000 слоў, яго рэдактары бачылі не толькі ў задавальненні патрэбы моўнай практыкі беларускага народа, але і ў дапамозе беларускаму чытачу ў яго працы над рускай грамадска-палітычнай, навуковай і мастацкай літаратурай.
Спадзяемся, што яшчэ шмат адкрыццяў у галіне навуковага коласазнаўства чакае нас наперадзе, што скарбніца Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея будзе і надалей папаўняцца арыгінальнымі прадметамі, звязанымі з жыццём і творчасцю вялікага майстра слова, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа