тхнілі на літаратурную творчасць.
Народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, радзімазнаўца Алесь Карлюкевіч, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Казімір Камейша, Янка Сі-
пакоў, Зіновій Прыгодзіч, Алена Стэльмах, Алесь Казека... Гэта далёка не поўны пералік нашых суайчыннікаў-сучаснікаў, чые творы аналізуе Уладзімір Саламаха. Паглыбіцца ў творчую лабараторыю кожнага пісьменніка, прадстаўленага ў кнізе, аўтару дапамаглі шматгадовыя стасункі з гэтымі людзьмі, сумесныя сустрэчы з чытачамі і вандроўкі па роднай зямлі. Падзяляю думку Уладзіміра Пятровіча:
«...сапраўдныя пісьменнікі, гаворачы пра сваё, заўсёды выходзяць на наша агульнае. Як, скажам, наш вялікі Іван Мележ... Мудрыя, зычлівыя, памяркоўныя, працалюбівыя беларусы — гэтую адметнасць нашага народа адзначаюць у свеце...» Так, нашы продкі заставаліся людзьмі ў любых сітуацыях.
Уразіла, што ў гэтым зборніку Уладзімір Саламаха, нібыта кнігу, раскрывае перад чытачом сваю душу: дзеліцца ўласнымі поглядамі, меркаваннямі пра пройдзеныя яго землякамі, усім беларускім народам выпрабаванні ў розныя часы. Пісьменнік, ураджэнец Кіраўскага раёна Магілёўшчыны шмат працаваў як аўтар, рэдактар, укладальнік многіх рэспубліканскіх дакументальных і літаратурных выданняў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, яе ўдзельнікаў — франтавікоў, партызан, дзяцей вайны, вязняў нацысцкіх канцлагераў. Уладзімір Пятровіч цытуе радкі з кнігі Міколы Маляўкі «Сланечнік», адзначанай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй як найлепшая кніга паэзіі 2019 года: «Не дай мне Бог бяспамятным застацца, // Забыць дарогі ўсе і назвы станцый. // За памяццю іду я — след у след, // Каб дарагіх людзей пачуць, убачыць: // Мінулае — той запаветны свет, // Дзе за дабро яшчэ не позна
дзячыць».
Пра вайну сёння пішуць ужо тыя пісьменнікі, якія самі яе не перажылі, але чулі ў свой час скупыя аповеды бацькоў. Пагаджаюся з аўтарам, што «асэнсаванне патрабуе грамадзянскай сталасці, якая даецца з жыццёвым вопытам, і тут патрэбна ва ўсім дакладнасць — і фактычная, і, калі хочаце, псіхалагічная».
Уладзімір Саламаха робіць уласныя высновы, якія падзяляю і я як чытач яго кнігі, грамадзянка Беларусі. Сапраўды, «спробы нашых „зычліўцаў“ сказіць, ачарніць, забраць ад нас ратныя справы продкаў — марныя. Бо ў нас ёсць агульнанародная памяць. А яе перамагчы немагчыма».
Гэтая думка праходзіць чырвонай ніткай і праз творчасць вядомага празаіка, публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўніка Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзіміра Гаўрыловіча.
У раманах «Па веры вашай», «Не сварыся з нябёсамі», а таксама аповесцях «Святая Параскева», «Пад покрывам нябёсаў» і іншых чытачы, як і ў творчасці яго даўняга сябра, літаратурнага настаўніка Уладзіміра Саламахі, адкрываюць для сябе пазнакі-арыенціры ў жыцці.
Уладзімір Саламаха адзначае асноўныя напрацоўкі і пісьменнікаў Гомельшчыны, якіх ужо няма з намі. Справядліва называе артыкул пра Васіля Ткачова «Даследчык беларускага характару», падкрэсліваючы, што па творах Васіля Юр’евіча, асабліва па яго п’есах, можна вывучаць беларусаў.
Сапраўдны пісьменнік-грамадзянін Ізяслаў Катляроў, з якім Уладзімір Пятровіч пазнаёміўся яшчэ ў маладосці, ніколі не ўяўляў сябе, сваёй творчасці без роднай Беларусі. Колькі зроблена ім па ўвекавечанні народнага подзвігу! А пра ўласна перажытае падлеткам Ізяслаў Катляроў пранікнёна напісаў у аповесці «Побег из детства». Яе нельга чытаць, не суадносячы з лёсам самога Ізяслава Рыгоравіча, які стаў сведкам гібелі сваіх сяброў-равеснікаў, які 9 мая 1945 (!) страціў маці. Так, менавіта «ў гэтым асэнсаванні свайго і чужога галоўны герой Лёшка вельмі рана прыходзіць да недзіцячага разумення свайго чалавечага прызначэння — дапамагаць іншым, нават рызыкуючы сабой».
А муза, жонка паэта Ізяслава Катлярова — Соф’я Шах... Яе радкамі і назваў свой зборнік Уладзімір Саламаха, як бы зазначаючы адзінкавасць, рэліктавасць такога санетнага таленту ў нашай краіне. Соф’я Мікалаеўна — аўтар кнігі «Дыядэмная споведзь», адзіная ў Беларусі паэтэса — аўтар вянкоў санетаў. Не можа не крануць сэрца такое прызнанне твор-
цы: «Дазволь тваёй заступніцаю быць, мая ты яснаціхая Радзіма».
Фармулюючы асноўныя матывы лірыкі нашага слыннага паэта-земляка Міхася Болсуна, ганаровага грамадзяніна Чачэрскага раёна, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Уладзімір Саламаха жыццёва-праўдзіва акцэнтуе: «Уся паэтычная творчасць Міхася Болсуна напоўнена жыццём. З усімі яго адценнямі, дзе мяжуюцца трывога і радасць, але заўсёды — з імкненнем да дабрыні». І з лёсаў такіх творцаў, з радкоў іх вершаў, бы з пазлаў, складваецца яркая, непаўторная ў свеце наша Радзіма — Беларусь, яе гераічны працалюбівы народ.
Тамара КРУЧЭНКА