Top.Mail.Ru

«Радасць Слова»: чым запомнілася наведвальнікам праваслаўная выстаўка-кірмаш

23.05.2025 | 07:00

Гомель — горад з глыбокімі культурнымі каранямі, дзе шануюць слова і духоўную традыцыю. Шматпланавай і творчай, багатай на падзеі і па-асабліваму цёплай запомніцца жыхарам ды гасцям горада Міжнародная праваслаўная выстаўка-кірмаш «Радасць Слова», якая шырока разгарнулася ў абласным цэнтры 16–18 мая.


Шэраг мерапрыемстваў рыхтаваўся пры падтрымцы органаў мясцовай улады сумесна з Гомельскай епархіяй і Пастаяннай камісіяй па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Нацыянальнага сходу Беларусі, Гомельскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». У кожнай з падзей — царкоўных, асветніцкіх і свецкіх — бралі ўдзел дэпутат парламента, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч і літаратары творчага аб’яднання.

Пра веру, слова і памяць

А сёмай раніцы для малітвы быў адкрыты кафедральны Петра-Паўлаўскі сабор, дзе пад святочны спеў званіцы архіепіскап Стэфан, духавенства і прыхаджане сустракалі святыню — каўчэг з мошчамі велікамучаніка Георгія Пераможца. 

А ўжо праз дзве гадзіны на пляцоўках абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна і гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна стартавалі літаратурна-асветніцкія мерапрыемствы форуму, арганізаваныя абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Творчая акцыя «Гадзіна пісьменніка» была прымеркавана адразу да некалькіх памятных дат: 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 100-годдзя Гомельскай епархіі і 895-годдзя з дня нараджэння свяціцеля Кірылы, епіскапа Тураўскага.

Пісьменнікі вобласці на трох пляцоўках распавялі юным і дарослым чытачам пра шлях да іх асветніцкага праекта «Радасць Слова». Выбар Гомеля ў якасці пляцоўкі для форуму стаў шмат у чым магчымы дзякуючы супрацоўніцтву абласной пісьменніцкай арганізацыі з Гомельскай епархіяй. Істотную ролю адыграла і актыўная асветніцкая дзейнасць творчага аб’яднання — у прыватнасці, шматгадовае правядзенне тут Міжнароднага фестывалю «Славянскія літаратурныя дажынкі» (сёлета ён пройдзе ўжо ў дваццаты раз), а таксама з’ездаў праваслаўных пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, якія тры гады запар арганізуюцца У. Гаўрыловічам.

У рамках сустрэч-прэзентацый пісьменнікі Міхась Болсун, Тамара Кручэнка, Мікола Ждановіч, Аляксей Бычкоў, Алег Ананьеў, Лідзія Долбікава, Алена Мацвіенка, Іна Зарэцкая, Іна Спасібіна, Дар’я Дарошка, Лілія Вялічка, Наталля Шэмяткова і Валерый Вятошкін акцэнтавалі ўвагу на творах на тэмы веры, дабра, любові, духоўнага подзвігу, а таксама памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Прагучалі вершы, празаічныя фрагменты, адбыліся прэзентацыі новых зборнікаў. 

Асветніцкае багацце

А 11 гадзіне ў гарадскім цэнтры культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё «Радасці Слова». Звяртаючыся да прысутных, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан адзначыў значэнне праваслаўнай кнігі як з’явы, у якой злучаюцца духоўная глыбіня і маральны змест. Уладыка падкрэсліў, што менавіта праз чытанне добрай і змястоўнай літаратуры фарміруецца погляд на жыццё, выхоўваюцца ідэалы вернасці, любові, подзвігу і спагады. 

Асаблівае, знакавае значэнне міжнароднай падзеі для гамяльчан і пісьменніцкай супольнасці рэгіёна падкрэсліў заслужаны дзеяч культуры краіны У. Гаўрыловіч, які адзначыў: «Наша зямля — унікальная, тут нарадзіўся свяціцель Кірыла Тураўскі, яе праславілі чатыры народныя пісьменнікі, тут працягваецца духоўнае і літаратурнае жыццё. Мы, пісьменнікі, як і святары, працуем з душамі людзей, і хочацца, каб гэтыя душы былі напоўнены дабром. Няхай на нашай зямлі сцвярджаюцца мір і згода».

З пастырскім словам да прысутных звярнуўся госць з Масквы, вядучы спецыяліст Выдавецкага савета Рускай Праваслаўнай Царквы, куратар праекта «Радасць Слова» святар Андрэй Сцяпанаў, а таксама выступіла начальнік аддзела культуры гарвыканкама Кацярына Магонава. 

Сотні людзей рознага ўзросту змаглі на працягу трох дзён пазнаёміцца з экспазіцыямі і шырокім спектрам праваслаўнай літаратуры: ад Святога Пісання і тварэнняў святых айцоў да прац Свяцейшага Патрыярха Кірыла, жыційнай, дзіцячай, публіцыстычнай і мастацкай літаратуры. 

Міжнародны аспект

Пра кніжнае багацце, прадстаўленае на выстаўцы і шырокае выхаваўчае значэнне ішла размова і ў дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, дзе адбылася Міжнародная асветніцкая канферэнцыя «Кірыл Тураўскі і значэнне яго спадчыны для сучаснасці. 80 гадоў Перамогі і міру», у якой бралі ўдзел студэнты вышэйшых навучальных устаноў горада Гомеля, выкладчыкі, літаратары, прадстаўнікі духавенства і грамадскасці.

Адкрываючы канферэнцыю, У. Гаўрыловіч нагадаў пра значныя даты 2025 года: 80-годдзе Вялікай Перамогі, 100-годдзе Гомельскай епархіі, 895-годдзе з дня нараджэння Кірылы Тураўскага, а таксама юбілеі беларускіх і рускіх пісьменнікаў. Ён падкрэсліў, што Праваслаўная Царква ў гады вайны не толькі малілася за перамогу, але і актыўна дапамагала фронту, падтрымлівала народ у тыле і ў партызанскіх атрадах. 

«Гісторыя Царквы і гісторыя дзяржавы на беларускай зямлі заўсёды былі цесна звязаныя. Сённяшняя канферэнцыя — магчымасць яшчэ раз асэнсаваць багацце нашай духоўнай і культурнай спадчыны», — адзначыў ён. 

З прывітальнымі словамі выступілі рэктар універсітэта Сяргей Хахомаў, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, куратар праекта «Радасць Слова» святар Андрэй Сцяпанаў.

10_19.jpg

Ад імя Асацыяцыі пісьменнікаў БРІКС на канферэнцыі ўзяў слова для выступлення кіраўнік гэтай творчай арганізацыі, лаўрэат Патрыяршай прэміі Вадзім Цярохін, які падзяліўся разважаннямі пра ролю паэтычнага слова як сродку духоўнага ператварэння. 

У пленарнай частцы канферэнцыі прагучалі тэматычныя даклады, з якімі выступілі член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі У. Гаўрыловіч, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў), дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны С. Чарапко, прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі і Мінскай духоўнай семінарыі А. Слесараў. Разам са студэнтамі і навукоўцамі абмеркавалі спадчыну свяціцеля Кірылы Тураўскага як аднаго з самых яскравых духоўных мысліцеляў Старажытнай Русі, яго ўнёсак у развіццё пісьмовай традыцыі, багаслоўя і царкоўнай рыторыкі. У кантэксце 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прагучалі разважанні пра лёс Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гады вайны, яе барацьбу за кананічны статус, ролю духавенства ў захаванні веры і ідэнтычнасці народа ва ўмовах выпрабаванняў.

Падвёў вынікі працы канферэнцыі У. Гаўрыловіч, адзначыўшы найважнейшай задачай духоўнага развіцця сучаснага грамадства — паслядоўнае і цвёрдае процідзеянне любым спробам гістарычных фальсіфікацый Вялікай Перамогі 1945 года як абсалютнага здабытку ўсяго чалавецтва.

«У імя міру на зямлі»

Наступным днём шэраг мерапрыемстваў пад адной назвай «У імя міру на зямлі» ладзіліся ў гарадской бібліятэцы імя А. І. Герцэна. Адразу да некалькіх важных юбілейных дат — да 80-годдзя Вялікай Перамогі і 100-годдзя Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы — быў сёлета праведзены абласной пісьменніцкай арганізацыяй Адкрыты літаратурны конкурс «Божая сцежка», які набыў міжнароднае гучанне. Сярод удзельнікаў — як прафесійныя пісьменнікі, так і аматары з Беларусі і Расіі. У адрас журы паступіла каля 200 работ, якія паднімаюць тэмы веры, памяці, маральнага выбару і гістарычнай адказнасці. 

На ўрачыстай цырымоніі Уладзімір Гаўрыловіч, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан і генеральны каардынатар Асацыяцыі пісьменнікаў БРІКС, старшыня Калужскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі Вадзім Фёдаравіч Цярохін уручылі ўзнагароды і памятныя падарункі лаўрэатам і фіналістам конкурсу. 

Дэпутат беларускага парламента У. Гаўрыловіч, вітаючы лаўрэатаў і ўдзельнікаў шэрагу творчых мерапрыемстваў і падводзячы вынікі адкрытага літаратурнага конкурсу, падкрэсліў, што сёння галоўнай каштоўнасцю Беларусі, прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца міжканфесійная і міжнацыянальная згода, у аснове якой — векавыя духоўныя традыцыі і вывераная дзяржаўная палітыка.

«І гэтым беларусы вельмі ганарацца. Але, на жаль, звонку робяцца спробы расхістаць нашы асновы, прышчапіць не ўласцівыя славянскаму менталітэту „заморскія“ каштоўнасці. Мы гэтаму супрацьдзейнічаем. На ўсіх узроўнях мы назіраем паслядоўную працу, праводзім шэраг асветніцкіх, інфармацыйных, адукацыйных, культурных мерапрыемстваў з той мэтай, каб духоўны складальнік па-ранейшаму быў таксама важны для грамадства, для дзяржавы, для кожнага чалавека», — падкрэсліў парламентарый. 

Ганаровы госць Міжнароднай праваслаўнай выстаўкі «Радасць Слова», лаўрэат Патрыяршай прэміі, вядомы рускі паэт і грамадскі дзеяч Вадзім Цярохін распавёў аб ролі праваслаўя ў сваёй творчай біяграфіі, аб вопыце ўзаемадзеяння з царквой, а таксама аб дзейнасці Асацыяцыі пісьменнікаў БРІКС па папулярызацыі духоўнай літаратуры як у краінах БРІКС, так і на постсавецкай прасторы, аб новых творчых праектах, ініцыяваных Асацыяцыяй і Саюзам пісьменнікаў Расіі, пазнаёміў гамяльчан са сваімі новымі вершамі, прысвечанымі радзіме, міру, любові і чалавекалюбству. 

Калі задачы — агульныя

Асобнай падзеяй дня стаў семінар, які правёў Праасвяшчэнны Макарый, епіскап Казельскі і Людзіноўскі, намеснік старшыні Выдавецкага савета Рускай Праваслаўнай Царквы. Тэмай сустрэчы сталі праблемы фарміравання фондаў праваслаўнай літаратуры ў дзяржаўных бібліятэках.

Удзельнікі абмеркавалі практычныя пытанні камплектавання фондаў, актуальнасць духоўнай кнігі для розных узроставых і сацыяльных груп, а таксама шляхі паглыблення ўзаемадзеяння паміж царкоўнымі і свецкімі бібліятэчнымі ўстановамі. Уладыка Макарый таксама выказаў надзею на адраджэнне кніжнай культуры, глыбока ўкаранёнай у традыцыях народаў Беларусі і Расіі. 

Пра ўстойлівую і шматгадовую сувязь паміж бібліятэчнай супольнасцю горада і епархіяй, творцамі пазначыла формы ўзаемадзеяння і перспектывы сумеснай работы ў сферы духоўнай асветы і культурнага дыялогу дырэктар бібліятэкі Святлана Богдан. 

Семінар стаў важнай пляцоўкай для дыялогу паміж прадстаўнікамі бібліятэчнай супольнасці, пісьменнікаў і духавенства, накіраванага на пашырэнне прысутнасці праваслаўнай кнігі ў культурным жыцці рэгіёна. 

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю