Top.Mail.Ru

Пяць беларускіх і расійскіх п’ес прагучалі са сцэны Дома літаратара ў Мінску

Аўтар: Ларыса Цімошык
03.11.2025 | 16:26
Ад напісання да чытання

Столькі твораў было прадстаўлена ў фінале Міжнароднага драматургічнага конкурсу «С любовью к Отчизне / З любоўю да Бацькаўшчыны». Яго арганізатарам з’яўляецца Гільдыя драматургаў Расіі. Сёлета конкурс атрымаў падтрымку Саюза пісьменнікаў Беларусі. Паводле меркавання экспертнага журы, фіналістамі сталі пяць сучасных арыгінальных п’ес, якія далей будуць ставіцца на вялікіх сцэнах Расіі і Беларусі. Некаторыя беларускія тэатральныя калектывы пазнаёмілі з імі праз фармат чыткі.

Такая сучаснасць

Кожны аўтар драматургічнага твора марыць пра тое, каб ён прагучаў са сцэны. Гэта своеасаблівы падарунак для фіналістаў конкурсу, які сёлета адбыўся трэці раз, але цяпер ужо з удзелам беларускіх партнёраў. Генеральны дырэктар гільдыі драматургаў Расіі Наталля Шор прызналася, што ідэя прывезці конкурс у Мінск нарадзілася пасля яе незабыўнага падарожжа ў Беларусь. Пазней выйшлі на Саюз пісьменнікаў Беларусі. 

— Тэатр, які не ставіць сучасную драматургію, не мае будучыні. Немагчыма карыстацца толькі класікай. Глядач, які прыходзіць у залу, хоча бачыць гісторыі пра сябе, пра тое, што адбываецца за акном, пра сваіх суседзяў. Задача рэжысёра — знайсці такую п’есу. 

Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла: «Такі жанр як драматургія для нас важны, што пацвярджае Нацыянальная літаратурная прэмія, якая ўручаецца і ў гэтай намінацыі. Ёсць жаданне, каб гэты жанр развіваўся, бо як бы ні рухаўся свет наперад у тэхналагічным плане, душа чалавека патрабуе эмоцый, уражанняў, якія можа даць тэатр». Галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Вольга Макарава падкрэсліла: «Драматургі — тыя, хто праз уяўленне захоўвае памяць пра мінулае і фарміруе будучыню». 

На падставе таго, што ствараецца, можна меркаваць пра будучыню і саміх тэатраў, якія пастаноўкі яны змогуць прапанаваць людзям. Але конкурсы маюць яшчэ адну здольнасць — актывізаваць творчасць і абуджаць цікавасць да твораў, што асабліва важна для Беларусі, дзе колькасць п’ес сучасных айчынных аўтараў у тэатрах можна палічыць па пальцах. Хоць бы дзеля таго, каб змяніць сітуацыю, варта зацікавіць як аўтараў, так і тэатры. У выніку 

ў ІІІ Міжнародным драматургічным конкурсе гісторыка-патрыятычных п’ес «С любовью к Отчизне / З любоўю да Бацькаўшчыны» былі прадстаўлены 33 п’есы, сярод іх сем твораў беларускіх аўтараў. У фінальных чытках з пяці п’ес прагучала адна беларуская — Фёдара Палачаніна. Паводле Таццяны Сівец, прадстаўніцы Беларусі ў экспертным журы конкурсу, у фінале прагучала адна беларуская п’еса: для гістарычнай драмы пра падзеі часоў Напалеона на беларускіх землях «Чужое золата» Віктара Варанца, якая ўвайшла ў кароткі спіс фіналістаў конкурсу, з-за вялікай колькасці персанажаў не знайшлося тэатральнага калектыву, гатовага за кароткі час увасобіць такі аб’ёмны матэрыял. 

Найбольш складана, напэўна, прыйшлося студэнцкім калектывам: яны толькі асвойваюць сцэну. Нездарма рэжысёр Наталля Башава звярнула ўвагу на працу выхаванцаў Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе сама выкладае: падчас чыткі акцёры не прыкрытыя ніякім рэжысёрскім рашэннем. Тым не менш рэжысёр мае сваю частку працы, бо трэба размеркаваць, хто і як агучвае кожнага з персанажаў. А маладому рэжысёру чыткі п’есы Фёдара Палачаніна «Найярчэйшая зорка» Уладзіславу Ляшчынскаму са студэнтамі трэцяга курса факультэта кіно, тэатра і тэлебачання давялося звярнуцца да жыцця духоўнай асобы — беларускага святога Афанасія Філіповіча, які быў вядомы сваёй пазіцыяй катэгарычнага непрымання царкоўнай уніі і адданасцю праваслаўю. Зразумела, чаму міжнароднае журы адзначыла гэтую п’есу, якая прагучала на беларускай мове. 

З Расіі на фінальныя чыткі прыехала прадстаўнічая дэлегацыя, у склад якой увайшлі члены гільдыі драматургаў і незалежныя аўтары, чые творы выйшлі ў фінал, а таксама прадстаўнікі літаратурнай супольнасці, якія з павагай ставяцца да Беларусі, як, напрыклад, Ігар Шырманаў, старшыня Ханты-Мансійскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі: у іх аўтаномнай акрузе вельмі шмат беларусаў, а ў горадзе Лангепасе іх — сем працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў. Натуральна, хочацца разумець тых, з кім жывеш побач і сябруеш. А калі гаворка пра п’есы, то расійскія аўтары часам звяртаюцца да падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі. 

Шлях да тэатра

— «Смаргонь» — адна з п’ес, якая была прапанавана гільдыяй драматургаў Расіі, я выбрала яе сярод іншых, — патлумачыла Таццяна Аксёнкіна, рэжысёр Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. — Дзеянне адбываецца ў 1916-м годзе, падчас Першай су-

светнай вайны. Месца дзеяння — беларускае мястэчка Смаргонь (паводле гісторыі было цалкам знішчана ў выніку баявых дзеянняў). Знакамітае яно з часоў Айчыннай вайны 1812 года, бо адсюль Напалеон бег назад у Парыж, перадаўшы кіраванне арміяй маршалу Мюрату. Падзеі п’есы разгортваюцца вакол лёсу маладога тады яшчэ Міхаіла Зошчанкі, які служыў, бываў у разведвальных аперацыях і ў газавых атаках, перад тым, як стаў вядомым літаратарам. Гэтая п’еса гаворыць пра тое, як патрэбны мір, як нам трэба рабіць усё, каб пазбягаць вайны. Канешне, мы шмат чаго скарацілі, таму што чытка — гэта не паўнавартасны спектакль, але дзякуючы таму, што п’еса добрая і аб’ёмная, дзеючых асоб многа, аўтар паказаў падзеі вельмі дакладна, мне і акцёрам было працаваць з ёй цікава. 

Аўтар п’есы «Смаргонь» Дзмітрый Бачароў сказаў, што ідэя і змест ад скарачэнняў не пацярпелі. Насамрэч чыткі дапамагаюць паглядзець ўласны твор збоку, бо ёсць розніца ў тым, калі ён успрымаецца ў кантэксце літаратуры, а калі — як сцэнічны, дзе шмат што можа быць не сказана літаральна, а абазначана пастановачнымі сродкамі. 

Нават у фармаце чыткі рэжысёры спрабавалі сёе-тое прыўнесці ад сябе. Напрыклад, Алег Коц і ўдзельнікі «Тэатра на Нямізе», распавядаючы гісторыю вядомай піяністкі французскага паходжання Веры Латар-Шаўчэнка, пастараліся, каб разам з тэкстам са сцэны гучаў жывы раяль. А галоўную гераіню агучвалі розныя артысткі, бо вялікі прамежак часу, на працягу якога разгортваюцца падзеі. 

Муж Веры быў рэпрэсіраваны яшчэ да вайны, яна раздзяліла яго лёс, але вызваліўшыся, здолела вярнуцца да музыкі. Напрыканцы п’есы Вольгі Мілаванавай «Чараванае кола» гераіня паказана ў 70-я гады мінулага стагоддзя. 

— Задача тэатра — п’есу данесці так, каб былі зразумелыя гісторыя, звышзадача і каб персанажы былі паказаны інакш, чым уяўлялася аўтару, — сказаў Алег Коц. — Воляй лёсу мы атрымалі нават дзве п’есы для чыткі. Удзельнікі студыі ўпадабалі і адзін, і другі матэрыял. 

Пасля чыткі п’ес стваральнікі і чытальнікі пастараліся вызначыцца, як зразумець герояў, што азначаюць сімвалы, зашыфраваныя ў тэксце, у чым сутнасць твораў. Такія дэбаты, напэўна, маюць вялікае значэнне для аўтараў, якія хочуць далей бачыць свае творы ўвасобленымі на сцэне ўжо ў паўнавартаснай пастаноўцы. Так па-

шчасціла Маліцы Ікрамавай — яе п’еса «Калі вярнуцца галубы» ўжо ідзе на тэатральнай сцэне. Створаная паводле рэальнай гісторыі чалавека, які ў дзяцінстве перажыў вайну ў Сталінградзе, цяпер яна запатрабавана ў тэатры юнага гледача цяперашняга Валгаграда. Галоўныя героі — Юрка і Віцька, якія пазбягаюць смерці і выбіраюцца з месца, дзе фашысты забіралі кроў у дзяцей. Гісторыя, якую ў Беларусі разумеюць, бо на нашай тэрыторыі існавалі такія пункты. Інакш успрымалася тое, пра што распавяла Алена Радчанка, аўтар з Санкт-Пецярбурга ў п’есе «Бімба хоча жыць», якую прадставілі студэнты кафедры тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ім было няпроста. П’еса вельмі актуальная для цяперашняй Расіі. І, напэўна, не толькі. Аўтар прызналася: «У нашай сям’і ёсць сваякі ў Расіі, Беларусі і ва Украіне. Сярод нашых сваякоў ёсць загінулыя ва Украіне...» Герой яе п’есы гіне на сучаснай вайне, дома яго чакае жонка і... ненароджанае дзіця — замарожаны эмбрыён ў межах працэдуры ЭКА. Жанчына вельмі хоча яго нарадзіць, але для медыцынскага цэнтра патрэбна пацвярджэнне мужа, з якім прапала сувязь... П’еса не пра пошук вінаватых, яна дае моцны гуманістычны пасыл. Цікава, якія ў яе перспектывы ў тэатры?.. 

Таццяна Сівец, кіраўнік секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі, падзялілася думкамі наконт перспектыў для беларускіх аўтараў і тэатраў: 

— Казаць, што ў нашай краіне няма драматургіі, нельга, але, на жаль, некаторыя нашы аўтары 

ў Расіі вядомыя часам больш, чым дома. Мне здаецца, надышоў час наблізіць тэатры да драматургаў. Я зрабіла падборку п’ес сямі нашых аўтараў і адаслала ў 13 беларускіх тэатраў. Збі-

раюся рабіць рассылку пастаянна. Хачу запрасіць айчынных драматургаў дасылаць у СПБ свае п’есы, і тады, магчыма, іх шлях да тэатра будзе карацейшы. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю