Top.Mail.Ru

Публіцысту, грамадскаму і палітычнаму дзеячу, вядомаму ў нашай краіне педагогу, вучонаму Аляксандру Радзькову споўнілася 75 гадоў

Аўтар: Алесь Карлюкевіч
20.07.2026 | 16:04
Асновы жыццятворчасці

Сёння маштаб уздзеяння на чытача праз мастацкае слова, як і ўвогуле праз мастацкую культуру, значна зменшыўся ў параўнанні з мінулым стагоддзем. Прычыны?.. Адказаць коратка, знайсці вінаватых наўрад ці атрымаецца. Паразважаць, зразумела, можна... Але цяпер хацелася б толькі адно заўважыць: адбываюцца эвалюцыйныя змены, якія фарміруюць як новага чытача, так і новыя патрабаванні да мастацкіх, мастацка-публіцыстычных тэкстаў. І не разгледзець гэтага нельга.

Маючы за плячыма каласальны жыццёвы вопыт, прайшоўшы школу грамадска-палітычнага сталення, застаючыся педагогам, настаўнікам па прызванні, Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў выклаў перад чытачом свае думкі ў цэлай серыі кніг. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», праявіўшы разважлівасць, разуменне, з якім патэнцыялам прыйшоў да іх аўтар, выпусціла кнігі ў свет у межах адной серыі — «Люстэрка лёсу» («Зеркало судьбы»). Вось гэтая сапраўдная бібліятэка аднаго аўтара: «Дискретный подход к наблюдению жизни», «Мой физмат», «Маленькие истории большой семьи» (у суаўтарстве з дачкою — пісьменніцай Наталляй Ігнаценка), «О математике и математиках», «Ректоры». 

Што прываблівае ў кнігах, якія, на першы погляд, тэматычна абмежаваныя, носяць вузкі характар, не прэтэндуюць на абагульненні і публіцыстычныя высновы?.. Якраз усё наадварот. Узяўшы за аснову ўласны досвед, стараючыся выпісваць выключна тыя падзеі, расказваць пра тых людзей, якія яму знаёмыя, Аляксандр Радзькоў знайшоў уласную публіцыстычную інтанацыю. Адкрытасць, шчырасць і тактоўнасць, разважлівасць, якімі ён вызначаўся і вызначаецца ў побытавым і грамадскім жыцці, сфарміравалі і падыходы ў творчай працы. Можна смела сказаць, што выпрацаваўся публіцыстычны стыль Радзькова, стыль, які варта разгледзець, а некаму з аўтараў параіць ісці следам. 

Аляксандр Міхайлавіч, расказваючы пра рэктараў, якія сустрэліся на яго студэнцкім, выкладчыцкім, рэктарскім, міністэрскім, навуковым, грамадскім, палітычным шляхах, пра вучоных-матэматыкаў, не проста гаворыць пра здзейсненае, што характарызуе ранейшыя дзесяцігоддзі ў лёсе БССР і Рэспублікі Беларусь, а імкнецца зазірнуць у будучыню. Пісьменніка, публіцыста цікавіць, наколькі моцны патэнцыял сфарміраваўся і наколькі трывалым ён будзе ў лёсе нашай Айчыны заўтра. Скразной лініяй літаральна праз усе кнігі Аляксандра Радзькова праходзіць яго захопленасць людзьмі, пра якіх ён расказвае. Часам даводзіцца гаварыць і пра пэўныя маласімпатычныя характарыстыкі. Але аўтар робіць гэта тактоўна, нагадваючы, што ў многіх праявах яго героі з’яўляюцца цікавымі асобамі, здольнымі да добрых учынкаў. Відавочнай уяўляецца і такая характарыстыка публіцыстычнай творчасці Аляксандра Міхайлавіча: ён паказвае залежнасць грамадскіх, палітычных, навуковых з’яў ад паводзін і характараў людзей, пра якіх піша. 

Неаднойчы, адкрываючы старонкі кнігі «Пра матэматыку і матэматыкаў», разважаў пра тое, як не хапае сёння публіцыстыкі пра навуку, дасведчаных, здольных захапіцца той ці іншай навуковай праблематыкай аўтараў. У памяці — серыя кніг пра беларускую навуку, якой апекавалася выдавецтва «Мастацкая літаратура». І цяпер на маёй паліцы гэтыя выданні, сярод якіх вылучаецца «Беларускі гіпербалоід» Алеся Шагуна, кнігі нарысістыкі публіцыстаў, празаікаў, якія ўгрызаліся ў жыццё, якіх цікавілі праблемы экалогіі, навуковага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу. І ў гэтых нарысах, пуб-ліцыстычных кнігах паўставалі найперш людзі з іх памкненнямі да здзяйсненняў. А сёння такога не хапае, як у фармаце папяровай кнігі, так і ў розных медыйных рэсурсах... Кніга «Пра матэматыку і матэматыкаў» Аляксандра Радзькова адкрывае перад чытачом партрэты часам малавядомых у краіне людзей, хаця за кожным з іх — навуковыя публікацыі, манаграфіі, абароненыя кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, а самае галоўнае, што гэтыя выкладчыкі, вучоныя падрыхтавалі сотні, тысячы вучняў. І аўтар, аддаючы даніну павагі цікавым, адметным, яркім асобам, стварае партрэт развіцця матэматыкі ў нашай краіне, асабліва — ва ўніверсітэцкім асяроддзі. «Пра матэматыку і матэматыкаў» — кніга, якая напісана жывой мовай, на старонках якой пададзена шмат прыкладаў з сусветнай матэматычнай галіны. І яшчэ тут шмат разважанняў пра правільны выбар. Студэнтам, якія выбралі матэматыку сваёй прафесіяй, вельмі важна прачытаць гэтую разумную і займальную кнігу, часам напоўненую і гумарам, што таксама робіць чытанне прывабным і цікавым. 

Алесь Карлюкевіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю