Top.Mail.Ru

Прывабныя назвы і сюжэты

05.02.2025 | 07:00

Праблемы маральнага, працоўнага, сямейнага выхавання дзіцяці ва ўсе часы знаходзіліся ў полі зроку бацькоў, педагогаў, псіхолагаў і дзіцячых пісьменнікаў. У сучасным грамадстве выхаванне найлепшых рыс і якасцей асобы дзіцяці сродкамі літаратуры таксама мае вялікую актуальнасць. Кніга апавяданняў Тамары Бунта «Далонькі з пушынкамі», якая выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне», мае вялікі педагагічны патэнцыял. Напісаная мовай, зразумелай маленькім чытачам, кніга дазваляе стварыць далікатныя выхаваўчыя сітуацыі, зразумець прычынна-выніковыя сувязі паводзін герояў, навучыцца разумець важнасць і каштоўнасць станоўчага прыкладу бацькоў у штодзенным жыцці.



У змесце і пабудове твораў аўтар улічвае псіхалагічныя асаблівасці дзяцей — чытачоў гэтай кнігі. Прывабныя назвы апавяданняў («Далонькі з пушынкамі», «Цуда-майстры», «Адзін дома», «Рукавічка з сюрпрызам» і інш.) яшчэ да чытання запрашаюць маленькіх чытачоў паразважаць, пра што пойдзе размова, узмацняюць цікавасць да кнігі. Яскравыя, зразумелыя дзецям прыклады з жыцця, якія сталі сюжэтам кожнага апавядання, утрымліваюць у сабе пэўную праблемную сітуацыю, дэманструюць варыянты іх паспяховага вырашэння з улікам індывідуальнага падыходу да дзіцяці. Гэты аспект дазваляе адзначыць, што кніга апавяданняў Тамары Бунта «Далонькі з пушынкамі» мае каштоўнасць не толькі для арганізацыі чытання яе вучнямі на ўроках літаратурнага чытання, але і для выкарыстання кнігі ў пазавучэбнай дзейнасці (на тэматычных класных гадзінах, факультатыўных і гуртковых занятках літаратурна-творчай і выхаваўчай накіраванасці і інш.), кніга можа быць рэкамендавана і для сямейнага чытання.

Нельга не адзначыць маляўнічае, добра прадуманае афармленне кнігі (мастак — Аксана Аракчэева), што з’яўляецца вельмі важным для паўнавартаснага ўспрымання зместу і галоўнай думкі твораў чытачамі малодшага школьнага ўзросту.

Такім чынам, кніга Тамары Бунта ўяўляе сабой узор сучаснай якаснай, добра ілюстраванай кнігі для дзяцей, якае мае літаратурную, мастацка-эстэтычную, педагагічную каштоўнасць і можа з поспехам выкарыстоўвацца для арганазацыі чытацкай дзейнасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Ірына БУТОРЫНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю