На цырымонію ўрачыстага адкрыцця выстаўкі завіталі прадстаўнікі міністэрстваў і дыпламатычнага корпуса, кіраўніцтва і супрацоўнікі розных музеяў, пісьменнікі, педагогі... Першы намеснік міністра культуры Беларусі Дзмітрый Шляхцін, разважаючы пра асобу Абая Кунанбаева, падкрэсліў:
— Яго, як і Янку Купалу, мы можам назваць прарокам сваёй нацыі — ён сапраўды шмат у чым вызначыў той шлях, па якім ісці. Абай Кунанбаеў стварыў літаратурную мову, што немалаважна для любога народа, які прэтэндуе на сваю самадастатковасць і самастойнасць. Прадметы, прадстаўленыя на выстаўцы, дадуць любому наведвальніку магчымасць даведацца больш пра адну з найважнейшых фігур у гісторыі Казахстана. Гэта не проста паэт, літаратар, філосаф, кампазітар, гэта энцыклапедыст, які працаваў у многіх напрамках, перакладаў заходнюю і рускую класічную літаратуру на казахскую мову, каб стварыць неабходны базіс для далейшага развіцця нацыі.
Абай Кунанбаеў напісаў каля 170 паэм і вершаў, зрабіў мноства перакладаў твораў сусветнай літаратуры. Сярод аўтараў, да твораў якіх ён звярнуўся, — Ёган Вольфганг фон Гётэ і Джордж Гордан Байран, Адам Міцкевіч і Аляксандр Пушкін...
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Цімур Жаксылыкаў таксама звярнуў увагу на падабенства ўплыву твораў Янкі Купалы і Абая Кунанбаева на паслядоўнікаў:
— Іх лёс і творчасць складаюць важныя старонкі гісторыі і культуры сваіх краін. Гэта вялікія літаратары, асветнікі і мысляры. Веліч Абая Кунанбаева заключаецца ў яго імкненні злучыць багатую казахскую паэтычную традыцыю з дасягненнямі сусветнай культуры, сучаснымі ідэямі асветы і гуманізму. Яго паэтычнае майстэрства, філасофскі погляд на свет зрабілі неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнай духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці. Самым вядомым філасофскім творам Абая з’яўляюцца «Словы навучання», напісаныя ў класічным стылі. Яны складаюцца з 45 асобных частак, кароткіх прытчаў і філасофскіх парталаў. «Словы навучання» — унікальнае спалучэнне мастацкага слова і філасофскай глыбіні, своеасаблівы маральны кодэкс для казахскага народа.

На выстаўцы «Не для забавы я складаю вершы...» можна ўбачыць арыгіналы твораў, рэчы і прадметы побыту, творы мастацтва, фатаграфіі, якія захоўваюцца ў казахскім музеі. Сярод экспанатаў — домбра Абая, першы зборнік паэта, выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1909 годзе, розныя пераклады яго тэкстаў. Дарэчы, спадчына творцы гучыць на 116-ці мовах народаў свету. Што датычыцца Беларусі, у свой час Мікола Мятліцкі склаў зборнік паэзіі «Стэпавы прастор», а Міхась Пазнякоў пераклаў на беларускую мову не толькі вершы паэта, але біяграфічны раман-эпапею Мухтара Аўэзава «Шлях Абая». У гэтым варыянце твор пабачыў свет у 2021 годзе ў чатырох кнігах.
— Гэта была складаная праца, аднак ні аб чым не шкадую, — расказаў Міхась Паўлавіч. — Мне пашанцавала судакрануцца з вялікім Абаем. Перакладаць, нягледячы на дапамогу кансультантаў, было цяжка — з-за таго, што хацелася ўчытвацца, смакаваць кожнае слова. Ды бачыў я болей паміж радкоў, паміж тым, што надрукавана ў кнізе і што сказана. Раман прысвечаны не толькі творцу, ён пра гісторыю Казахстана. Калі чалавек хоча асэнсаваць веліч і багацце гэтай краіны, то абавязкова павінен прачытаць «Шлях Абая». Без гэтага захапленне Казахстанам немагчымае.
Між тым падчас цырымоніі ў Цэнтр казахскай мовы, гісторыі і культуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, што носіць імя Абая, былі перададзены кніжныя падарункі ад кіраўніка музея-запаведніка «Жидебай-Бөрили» Улана Сагадзіева. Ён у сваю чаргу атрымаў сувеніры ад Купалаўскага і томікі кнігі Мухтара Аўэзава «Шлях Абая» ў перакладзе на беларускую мову. Завяршыла вечар выступленне выконваючай абавязкі старшыні культурна-асветніцкай арганізацыі казахаў «Достар», салісткі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Марыяны Лысенкі. Для ўдзельнікаў мерапрыемства экскурсію па экспазіцыі правяла намеснік дырэктара музея Абая Мейрамгуль Кайрамбаева.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА