Галоўны герой — звычайны хлопчык Савелій, які вельмі любіў маляваць і марыў пра хатнюю жывёліну. Аднак сабачку ці папугайчыка яму не суджана было займець, бо бацькі падарылі трусіка. З-за чароўных вочак, што блішчалі ў цемры пакоя, пухнацік атрымаў імя Ліхтарык. Нарэшце хлопчык змог заняцца любімай справай з сябрам, і яны з трусікам пайшлі маляваць пейзаж. Пухнацік перакуліў скрыначку з жоўтай фарбай, якая пачала расцякацца і, пакуль хлопчык не паспеў яе прыбраць, зацягнула сяброў у невядомы свет. Звычайны вечар стаў сапраўдным міжгалактычным падарожжам, куды Савелій адправіўся разам з Ліхтарыкам.
У вялікім пакоі, дзе апынуліся хлопчык з трусікам, сяброў сустрэлі яго аднакласнікі — Цімафей, Яна і Аліна, якія таксама праводзілі вечар як звычайна. Цімафей сядзеў на занятках у музычнай школе, Аліна збіралася на танцы, а Яна вучыла тэкст да новай ролі ў спектаклі. Пакуль школьнікі спрабавалі здагадацца, куды яны трапілі, іх сустрэла кіраўніца чароўнага свету — прынцэса Гармонія. Яна патлумачыла, што чакала сяброў ужо вельмі даўно, бо яе каралеўства ў небяспецы і ёй неабходны таленавітыя дзеці, якія цікавяцца мастацтвам. Сябры выправіліся на пошукі сакрэтнага модуля, з дапамогай якога прынцэса зноў усталюе ў сваёй краіне мір і гармонію. На іх шляху сустрэліся розныя выпрабаванні, аднак узаемадапамога і вера ў справядлівасць дапамаглі ім выйсці пераможцамі.
Лёгкая і цікавая казачная гісторыя, арыентаваная на дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, вучыць юных чытачоў дабрыні, узаемадапамозе, шчырасці і веры ў справядлівасць. Выданне ўпрыгожваюць яркія і вясёлыя ілюстрацыі Ксеніі Куранцовай. Кніга падыходзіць для сямейнага і пазакласнага чытання і стане добрым сябрам для ўсіх, хто верыць у цуды.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА