Top.Mail.Ru

Прыгоды Альмы, Лізы і яе сяброў працягваюцца

05.12.2024 | 09:44

Бадай, некаторыя чытачы знаёмы з кнігамі Алеся Марціновіча «Альма. Прыгоды на Зямлі і ў космасе», «Ліза — пераможца тыгра», «Казкі сабачкі Альмы», галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца гэтыя дзве чатырохногія сяброўкі. Ды і не толькі яны. Другая кніга заканчвалася так: «Нечакана адбылося непрадбачанае. Што канкрэтна, даведаешся з маёй чарговай кнігі пра Альму, Лізу і яе сяброў». 


Котка Ліза, трапіўшы ў прытулак, пасябравала з катом Басяком. Дзякуючы яму і ўцякла адтуль. 

У знак удзячнасці папрасіў называць яго інакш, чым дагэтуль: 

«Я дар твой! Значыць, я Лізадар». Здружыўся з Лізадарам і сабачка Татошка з прыватнага дома каля шматпавярховіка, у якім жывуць Альма і Ліза. Лізадар перабраўся жыць да яго. Адна бяда, што Татошка застаўся без лапы, якую яму аперыравалі, а далей... 

Што адбылося далей, і расказваецца ў новай кнізе Алеся Марціновіча «Дай лапу, Месяц!». Калі ранейшыя выходзілі ў выдавецтве «Беларусь», то гэтай жыццё даў Выдавецкі дом «Звязда». Адрознасць яе і ў тым, што па жанры гэта аповесць-казка, а да ўсяго прыгодніцкая. Невыпадкова і тое, што прысутнічае назва спадарожніка Зямлі, бо чацвёра адважных — Ліза, Альма, Лізадар і Татошка — ажыццяўляюць падарожжа на Месяц. Наведваюцца ў галоўны горад Селямес, дзе жывуць яго жыхары на чале з галоўным лунацікам Кіс-Гавам, якія нечым падобны на сабаку і ката. 

Аснову сюжэта аўтару падказала тое, што на зваротным баку Месяца ёсць пячоры, у якіх пастаянная тэмпература каля 17 градусаў цяпла. То чаму б не быць у іх жыццю? І не на паверхні, а ў глыбіні велізарных кратараў, якія прасціраюцца на некалькі дзясяткаў кіламетраў. Там жа могуць быць пейзажы, падобныя на зямныя. Наўкол жа ніякай радыяцыі — жыві і радуйся.

Фантастыка? Безумоўна! Але адначасова і магчымасць падаць неверагоднае так, каб яно адпавядала рэальнаму. З той розніцай, што жыхары горада Селямеса не людзі, а лунацікі. 

Што не менш важна — завастрыць сюжэт твора так, каб літаратурныя героі траплялі ў неверагодныя сітуацыі, а іх прыгоды ўяўлялі для юнага чытача вялікую цікавасць. І раптам добрыя знаёмцы паўстаюць у сітуацыях касмічных. Не толькі на Месяц ляцяць, а пераадольваюць такія перашкоды, якія і людзям не ўсім паддаюцца. 

Каб як мага больш зацікавіць дзяцей, аўтар не «нанізвае» прыгоды на прыгоды, але ў пэўнай ступені ставіць перад сабой звышзадачу. Яна ў тым, каб даходліва паказаць хлопчыкам і дзяўчынкам, што не толькі ў сучасным жыцці ўсё ўзаемазвязана. Існуе і іншая сувязь. Сама гісторыя таксама можа ўплятацца ў дзень сённяшні. Канешне, пра гэта не ў лоб гаворыцца, бо не забывае пісьменнік, хто яго чытач. 

Ужо тое, што хірургі ў галактыкалёце з «нічога» замест пратэза зробяць Татошку лапку, заінтрыгуе. Умела ў сюжэт уплятаюцца элементы міфічнасці. І тут жа праводзіцца паралель з тым, што можа адбыцца, калі пачнецца ядзерная вайна. Яна магла быць і ў дагістарычныя часы, у чым перакананы некаторыя навукоўцы. А гэта тое, пра што апавядаецца ў аповесці-казцы: людзі, якія выжылі ў выніку той катастрофы, трапілі на Месяц, напаткалі там нячысцікаў.

Своеасаблівым гідам падарожнікаў з’яўляецца птушка Гамаюн. Яна выступае як пасланец лунацікаў. Аўтарытэт яе вялікі: «Жывучы вечна на Зямлі, — сведка ўсяго таго, што было на ёй раней. Не менш ведала і таго, што чакаецца наперадзе. Ёй пашчасціла зведаць і даўняе жыццё на Месяцы». Сустрэўшы чатырохногіх касманаўтаў, нагадвае ім, што, каб трапіць у Селямес, трэба вытрымаць некалькі выпрабаванняў. Гэта і сустрэча з міфічнымі персанажамі Турносікам, катом Баюном, рознымі нячысцікамі…

Няпроста выстаяць, ды літаратурным героям да гэтага не прывыкаць. Яны і дома дастойна выходзілі з розных сіуацый, а на Месяцы — тым больш. Збіраючыся ў такую небяспечную дарогу, ведалі, на што ідуць.

З выпрабаваннямі справіліся паспяхова. А зірнеш на іх — пастараўся знакаміты ілюстратар кніг для дзяцей, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей Волкаў — і ўспрымаеш сваімі знаёмцамі. Выглядаюць такімі, як пра іх і апавядаецца. А што ўжо казаць пра юных чытачоў. Думаецца, высокамастацкія малюнкі яшчэ больш прыцягуць іх увагу да прыгодніцкай аповесці-казкі «Дай лапу, Месяц!»

Ганна ІВАНЕЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю