Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» запрашае на калектыўную выстаўку Desing ПАRTall / 2025 — «Прыгажосць формаў».
У экспазіцыі прадстаўлены работы беларускіх дызайнераў, мастакоў, фатографаў, скульптараў і керамістаў.
На працягу гісторыі чалавецтва паняцце прыгажосці змянялася пад уплывам культур, эпох і светапоглядаў. Яно шматграннае і суб’ектыўнае, бо кожны ўспрымае хараство па-свойму — у залежнасці ад часу, месца і свайго ўнутранага свету.
Са старажытных часоў творцы імкнуліся ў сваіх работах увасобіць прыгажосць. Палеалітычныя Венеры, такія як «Венера з Холе-Фельс» і «Венера Вілендорфская», сімвалізавалі ўрадлівасць і працяг роду — у той час прыгажосць была непарыўна звязана з прыродным пачаткам і інстынктамі выжывання. Пасля грэкі пачалі атаясамліваць прыгажосць з гармоніяй, прапорцыяй і натуральнасцю. У часы Сярднявечча яна набыла духоўнае і рэлігійнае значэнне. Вобразы святых і анёлаў, створаныя выбітнымі мастакамі і скульптарамі, станавіліся сімваламі боскай гармоніі і чысціні. У эпоху Адра-
джэння гуманізм зрабіў чалавека цэнтрам сусвету, і прыгажосць пачала інтэрпрэтавацца не толькі як знешнія дадзеныя, але і як духоўнае развіццё і станаўленне асобы. ХХ стагоддзе прынесла новае асэнсаванне прыгажосці праз мадэрніз — мастацкі кірунак, які зруйнаваў традыцыйныя каноны і адкрыў шлях да творчых эксперыментаў. Мастакі адышлі ад класічных партрэта і пейзажа і пачалі шукаць новыя формы выказвання, каб перадаць эмоцыі і ідэі, ствараючы ўнікальную мастацкую мову.
Сёння прыгажосць — гэта не проста знешнасць і модныя тэндэнцыі, а цэлы сусвет ідэй, сэнсаў і эмоцый. Сучасныя мастакі ўзялі лепшае ў папярэднікаў і пашырылі гэтае паняцце. Выстаўка Desing ПАRTall / 2025 знаёміць з творчасцю сучасных беларускіх жывапісцаў, скульптараў, дызайнераў, фатографаў, керамістаў і інш. Удзельнікі праекта выкарыстоўваюць аўтарскія тэхнікі і сюжэты, каб адлюстраваць уласны погляд на прыгажосць,заснаваны на багатай гістарычнай традыцыі і індывідуальным успрыманні рэчаіснасці. Іх работы — дыялог паміж мінулым і сучаснасцю, унутраным светам і навакольнай рэальнасцю.
У экспазіцыі шырока прадстаўлены сучасны беларускі жывапіс. Аўтары Юлія Бортнік, Юлія Коба, Аксана Пахомава, Сяргей Варкін, Ірына Гаспадарская, Галіна Санько, Кацярына Кудашова, Сяргей Бяляўскі і іншыя дэманструюць прыгажосць у розных яе формах і праяўленнях. Мастакі звяртаюцца да традыцыйных жанраў — нацюрморта, пейзажа, партрэта, а таксама да эксперыментальных формаў — інсталяцый, абстрактнага і канцэптуальнага мастацтва. Сюжэтамі для твораў сталі беларускія краявіды, летнія і восеньскія нацюрморты, паўсядзённыя сцэны з жыцця вясковага і гарадскога чалавека. У абстракцыі знайшла сваё адлюстраванне ўнутраная прыгажосць чалавечай душы, хараство такіх пачуццяў, як каханне, пяшчота, вернасць і інш.
Жывапісныя работы спалучаюцца са скульптурамі Мікалая Дробыша, у якіх аўтар імкнецца перадаць гармонію сусветуі зрабіць акцэнт на простых рэчах. Бо менавіта ў паўсядзённай рэчаіснасці хаваецца сапраўдная прыгажосць.
На выстаўцы прадстаўлены творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў выкананні Юрыя Фурса, Івана Кірэйцава, Кацярыны Хадасевіч і іншых. Канцэптуальныя работы майстроў скіроўваюць на пошук прыгажосці ў недасканалым, у тым, што звычайна застаецца па-за ўвагай, але нясе ў сабе паэзію формы і фактуры.
Выставачны праект «Прыгажосць формаў» прапануе наведвальнікам самастойна адшукаць эстэтыку штодзённасці, якая можа стаць крыніцай натхнення і глыбокіх разважанняў.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара