Выстаўка «Простыя сюжэты. Частка 3» складаецца са здымкаў, зробленых у перыяд з 1960 да 2010 года. Многія з іх, як падкрэсліваюць у бібліятэцы, экспануюцца ўпершыню. Прадстаўленыя работы — прыклады аналагавай, плёначнай фатаграфіі. Аўтар аддае перавагу традыцыйным узорам фотамастацтва, лічбавы век яму, відавочна, не зусім даспадобы.
Перад гледачом паўстаюць абрыўкі штодзённага жыцця — аніякай выдумкі і прыхарошвання. Фатаграфіі ледзь не дакументальныя — часам нагадваюць рэпартажы.
Узнікае адчуванне, што аўтар з’яўляецца ўдзельнікам тых падзей, якія адлюстроўваюцца. Ды ад такога стылю фотаздымкі адрознівае найперш небесстаронні погляд на жыццё і навакольны свет, неаб’ектыўнае іх асвятленне. Ад гледача не схавана стаўленне Віктара Бутры да таго, што трапляе ў аб’ектыў. Фатограф неабыякавы да пачуццяў сваіх герояў, уважлівы да сюжэтаў, якія ці падкідвае жыццё, ці аўтар сам адшуквае і выхоплівае з будзённасці, да таго ж асцярожны з усім тым, да чаго ўдаецца наблізіцца.
Прыкметная настальгія Віктара Бутры па светлых гадах, па часе, калі многія людзі жылі сённяшнім днём, спадзеючыся на шчаслівую будучыню, і яшчэ не ведалі ўцягвання ў віртуальную рэальнасць, у свет, дзе чалавек можа быць кім заўгодна — але не заўсёды сабою. Між тым фатограф не імкнецца стварыць і паказаць фотадакумент як пацвярджэнне правільнасці свайго меркавання аб радасным і асэнсаваным жыцці. Ён нават не заўсёды фіксуе ці пакідае на здымках прыкметы таго ці іншага перыяду, не спыняецца на рознабаковым адлюстраванні канкрэтных падзей і мясцін і, такім чынам, не змагаецца за пэўную ідэалогію, хутчэй, выяўляе свае ідэалы. Спроба адлюстраваць прыгажосць моманту і спадзяванне, што ён паўторыцца, — каму гэта не блізка?
І нічога, калі некаторыя «простыя сюжэты» спасцігаюцца праз прызму ціхага смутку.