Top.Mail.Ru

Прэс-канферэнцыя «Тэкстыльныя традыцыі ў сучаснай культуры Беларусі: спадчына, майстэрства, унікальнасць» адбылася ў Доме прэсы

Аўтар: Надзея Зуева
20.04.2026 | 17:58
Ад рамяства да Fiber art

Падчас сустрэчы эксперты абмеркавалі ўнікальнасць тэкстылю як мастацкай мовы, паспрабавалі прасачыць яго эвалюцыю за апошнія 20 гадоў, а таксама разабрацца ў тонкасцях работы з матэрыялам і нагадаць пра маштабныя манументальныя творы, якімі ганарыцца краіна. Асаблівая ўвага была нададзена захаванню і развіццю тэкстыльных традыцый у Беларусі.

Тактыльнасць

Намеснік дырэктара па творчай рабоце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Алеся Іназемцава падкрэсліла ўнікальную тактыльнасць тэкстылю і яго здольнасць «гаварыць» на мове памяці, цяпла і бытавой магіі, не ўласцівыя іншым матэрыялам.

«Тэкстыль, у адрозненне ад выяўленчага мастацтва, валодае вельмі цікавымі асаблівасцямі. Па-першае, тут ёсць шырокая колеравая палітра: колеры, адценні, паўтоны. Уся разнастайнасць фарбаў, якая прысутнічае ў выяўленчым мастацтве, ёсць і ў тэкстыльным. Акрамя гэтага, апошняе валодае фактурнасцю і тактыльнасцю: дае магчымасць адчуць гладкасць, шурпатасць, пушыстасць, зярністасць», —  патлумачыла Алеся Іназемцава.

Яна таксама адзначыла, што цяпер многія дызайнеры пачынаюць выкарыстоўваць мастацтва валакна для прэзентацыі і афармлення міжнародных выставак, асабліва ў гасцявых і ўваходных зонах. 

«Дрэва пазнання» і сусветнае прызнанне

Асобнай тэмай у размове стаў міжнародны вопыт. Мастачка па тэкстылі, магістр мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Хрысціна Высоцкая расказала пра ўдзел у Сусветнай выстаўцы ў Дубаі.

«Гэта не проста выстаўкі. Гэта экспазіцыйны дызайн, вітрыністыка, прадстаўленне прадукцыі на буйных прафесійных выстаўках, гэта паказ нашай краіны на розных узроўнях. У 2022 годзе я стварыла спецыяльна для нашага ўсходняга павільёна „Дрэва пазнання“ — вялікі выставачны аб’ект вышынёй 9 метраў і вагой у тону», — падзялілася яна. Паводле слоў мастачкі, выкарыстоўвалася традыцыйная тэкстыльная тэхніка, якая была перададзена абсалютна сучаснай, унікальнай мовай. Дзякуючы гэтай рабоце беларускі павільён заняў 2-е месца ў намінацыі «Лепшы элемент пазіцыянавання».

Гаворачы пра развіццё напрамку ў Акадэміі мастацтваў, яна адзначыла: «Цяпер мы вельмі актыўна працуем з аб’ёмным тэкстылем: інсталяцыямі, арт-аб’ектамі. Таму што за 60 гадоў змяніліся эстэтыка, архітэктура, аблічча сучаснага інтэр’ера — і тэкстыль адпавядае гэтым зменам часу».

Вялікі патэнцыял краіны

Алеся Іназемцава падкрэсліла, што Беларусь мае велізарны нераскрыты патэнцыял.

«Таму што мы валодаем унікальнымі традыцыямі, тэхнікамі і спадчынай. Напрыклад, твор Аляксандра Кішчанкі, які яшчэ ў ХХ стагоддзі стаў самым вялікім габеленам у свеце, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса», — нагадала яна.

Паводле яе слоў, Беларусь прадстаўлена на міжнародных арт-пляцоўках у першую чаргу дзякуючы традыцыйнаму ручному ткацтву. 

«А тое, што сучасныя мастакі, як Хрысціна Высоцкая, робяць, выкарыстоўваючы традыцыйнае ручное ткацтва, — гэта ўжо зусім іншая фантастычная вобласць, якая прызнаецца экспертамі ва ўсім свеце», — адзначыла Алеся Аляксандраўна.

Шлях праз тысячагоддзі

Мастак па тэкстылі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры мастацкага тэкстылю Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай мастацка-прамысловай акадэміі імя А. Л. Шцігліца Наталля

Цвяткова звярнула ўвагу: «Тэкстыль — адзін з найстаражытнейшых відаў чалавечай дзейнасці. Многія тысячагоддзі гэты матэрыял суправаджае нас пастаянна. Існуе меркаванне, што менавіта ткацтва дало імпульс для стварэння ўсіх астатніх відаў чалавечай дзейнасці, аж да архітэктуры».

Гаворачы пра сучасны стан, прафесар падкрэсліла: «Цяпер само паняцце „тэкстыльнае мастацтва“ пашырылася, і агульнаўжывальным з’яўляецца тэрмін „файбер-арт“ (мастацтва валакна). Сучасныя мастакі як у Беларусі, так і ў Расіі, абапіраючыся на шматвяковыя традыцыі ручнога ткацтва, ствараюць аб’екты сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога і канцэптуальнага мастацтва».

Тэкстыль як другая скура

У працяг размовы Хрысціна Высоцкая адзначыла, што тэкстыль — гэта самы блізкі чалавеку матэрыял. 

«Тэкстыль як матэрыял — другая скура нашага цела. І, вядома, самы прыемны. У Беларусі вельмі моцная тэкстыльная традыцыя. Для нашай нацыі гэта вельмі характэрны матэрыял. Мы яго развіваем, глядзім у будучыню і памятаем пра традыцыі. Тактыльнасць арнаментыкі, унікальнасць тэхнічных момантаў — усё гэта вельмі важна. На тэрыторыі Беларусі ў кожнай сялянскай хаце быў ткацкі станок. І гэта, напэўна, у крыві нашага народа».

Алеся Іназемцава дадала, што чым больш пачуццяў задзейнічана ва ўспрыманні твора, тым мацнейшы эмацыянальны водгук.

Медытатыўнасць і выбар студэнтаў

Мастак па тэкстылі, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Маргарыта Шчамялёва расказала пра сваё ўспрыманне тэкстылю: 

«Ткацтва ўзнікла яшчэ да пісьменнасці. Гэта ўнікальны від дзейнасці. Калісьці ён лічыўся проста рамяством, але ў сучасным свеце ткацтва выйшла на высокамастацкі ўзровень. Для мяне гэта вельмі медытатыўная гісторыя. Асабліва пасля пандэміі, калі людзі існавалі ў лічбавым свеце, раптам усе захацелі тактыльнасці, лёгкасці».

Тэкстыль у Беларусі сёння — гэта не традыцыйнае рамяство ў мінулым часе. Гэта жывы арганізм, які развіваецца і знаходзіць новае гучанне. Абапіраючыся на багатую спадчыну — ад ткацкіх станкоў у кожнай сялянскай хаце да сусветна вядомага габелена Аляксандра Кішчанкі, — беларускія мастакі паспяхова інтэгруюць нацыянальныя традыцыі ў сусветны мастацкі кантэкст.

Файбер-арт, аб’ёмны тэкстыль, інсталяцыі, арт-аб’екты для сучасных інтэр’ераў — усё гэта сёння прэзентуе беларускае мастацтва на міжнародных пляцоўках. І беларускаму тэкстылю ёсць што сказаць свету.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю