Top.Mail.Ru

Прэс-канферэнцыя «Культурная прастора рэспублікі: падзейны каляндар і агляд знакавых мерапрыемстваў» адбылася ў Доме прэсы

Аўтар: Яўгенія Шыцька
28.07.2025 | 07:00

На Міншчыне гасцей сёлета сустракалі Міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі «Jazz-Time» ў Салігорску, Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле» ў Мядзельскім раёне, Рэспубліканскі фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні»... 


У ліку знакавых — мерапрыемствы, прысвечаныя святу Вялікай Перамогі і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі ў мемарыяльным комплексе «Курган Славы». Упершыню на яго схіле былі прадэманстраваны маштабныя інсталяцыі «Мы светлай памяццю адзіныя» і «Беларуская зямля». Рэалізацыя падобных пректаў у гэтым комплексе будзе прадоўжана, падкрэсліла Таццяна Краўчонак, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. 

— Што датычыцца другога паўгоддзя, то на тэрыторыі Кургана Славы ў летні перыяд праходзіць пазнавальны праект «Выставачнае мерапрыемства выхаднога дня» — выстаўкі-прэзентацыі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, грамадскіх, спартыўных, культурных арганізацый. Штотыдзень у іх рамках праводзяцца майстар-класы па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэгустацыі, квэсты, латарэі, спартыўныя і канцэртныя праграмы. З 27 ліпеня да 2 жніўня ў аграградку Морач Клецкага раёна запланаваны абласны пленэр па вырабе драўляных скульптур пад назвай «Сонечная цеплыня дрэва». Яго тэма — «Беларускі народны каляндар». 9 жніўня запрашаем на фестываль гістарычных рэканструкцый «Нясвіжская фартэцыя». У гонар яго пяцігоддзя ў праграму ўключылі ўрачысты баль, на які завітаюць дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці. У рамках фестывалю ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку, на тэрыторыі Англійскага парку, арганізуюць кулінарны конкурс «Пернікавы цуд». А 20 верасня ў Заслаўі пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі», які супадзе з 1040-годдзем горада. Да святкавання з’явіцца музей пад адкрытым небам «Заслаўе ў эпохах», — расказала Таццяна Паўлаўна. 

26 і 27 верасня — свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы», з 20 верасня да 2 кастрычніка — фестываль «У Шэметава ў Шастаковічаў», канцэртныя праграмы якога пройдуць на тэрыторыі Мядзельскага раёна, а таксама ў Белдзяржфілармоніі. Дарэчы, разам з Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла „Санорус“» выступіць Жэром Гішар — вядомы габаіст з Францыі. Запланавана і свята мастацтваў «Мелодыі ўздзенскай восені» ў горадзе Узда (даты правядзення ўдакладняюцца). А ў снежні пройдзе абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» у Мар’інай Горцы, які раскрые ўсё багацце і палітру аматарскай мастацкай творчасці Міншчыны. 

Тым часам Мінскі абласны драматычны тэатр рыхтуе прэм’еру «Хтосьці павінен пайсці» па п’есе Валянціна Краснагорава. Новыя дзіцячыя пастаноўкі прадставіць тэатр лялек «Батлейка» — гэта «Чарадзейны куфэрак» (аўтар п’есы і рэжысёр — Дзмітрый Нуянзін) і «Шэры і руды» (па матывах беларускіх казак, аўтар і рэжысёр — Міхаіл Асановіч). 

Пра брэнды Гродзеншчыны расказаў Сяргей Давыдзік, начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта: 

— Толькі ў Гродзенскай вобласці праводзіцца своеасаблівы каравай-фэст «Бацькава булка» ў Свіслачы. Сёлета запрашаем на свята 16 жніўня. Шмат гадоў на тэрыторыі Аўгустоўскага канала ў канцы мая адкрываецца турыстычны сезон і праходзіць рэгіянальнае свята народнай творчасці «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў», праводзяцца штотыднёвыя мерапрыемствы. Наступнае — «Свята мора». Тым часам жыхары і госці Вялікай Бераставіцы збяруцца на «Бераст-Фэст. Вавёрка руліць» (выява звярка адлюстравана на гербе гарадскога пасёлка). Там, між іншым, — адзіны ў краіне Музей вавёркі. Навагрудак, у сваю чаргу, славіцца маштабным святам «Хлеб, сыр, квас і добры настрой» і традыцыйным фестывалем бардаўскай і аўтарскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага «Музыка сэрцаў». 20 верасня ў горадзе Воранава пройдзе гастрафестываль «Воранаўскі дранік», 22 і 23 верасня завітайце на «Ганенскі кірмаш», што на Зельвеншчыне, а 23 жніўня ў Астраўцы не прапусціце «АтамДзвіж». Ужо 6 і 7 верасня Ліда будзе сустракаць Дзень беларускага пісьменства...

Пра акцэнты культуранага жыцця Віцебшчыны расказала Вольга Сяргеенка, мастацкі кіраўнік абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Так, у Докшыцах пройдзе Рэспубліканскі фестываль сяброўства і мастацтва «Дзве ракі», а на Мёршчыне запланавана экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны». У кастрычніку запрашаюць на абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні «Нас з’яднала зямля Беларусі». 

Іна Балаўнёва, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы, нагадала пра абласны музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка», які адкрываецца сёння на Чыгірынскім вадасховішчы ў Быхаўскім раёне і будзе праходзіць да 27 ліпеня. 

1–2 жніўня ў Мсціславе адбудзецца рэгіянальнае свята сярэдневяковай культуры «Рыцарскі фэст». 15 і 16 жніўня — фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі». 23 жніўня гасцей запрашаюць на «Краснапольскі глечык», фэст, які ладзіцца ў Краснаполлі з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця самабытных народных майстроў-керамістаў. Стваральнікі мяркуюць правесці канферэнцыю на тэму захавання і развіцця традыцыйных промыслаў і рамёстваў. 

Марына Клімук, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, расказала, што гэтымі днямі будзе праходзіць Міжнародны парад аркестраў. Мерапрыемства — у рамках святкавання Дня горада Брэста. 

— 2 жніўня ў Пінскім раёне ў вёсцы Гарадзішча пройдзе рэгіянальны гастра-экалагічны фестываль «Палескі ўюн», — прадоўжыла Марына Міхайлаўна. — 9 жніўня ў Бярозаўскім раёне ў заказніку «Спораўскі» чакаем гасцей на экалагічным фестывалі «Спораўскія сенакосы». Шмат падзей праходзіць ў культурнай сталіцы Беларусі Іванаве, ва ўсім рэгіёне. Так, у аграгарадку Моталь 9 і 10 жніўня адбудзецца брэндавае свята «Мотальскія прысмакі».

Яшчэ на Іванаўшчыне з 12 да 18 жніўня правядуць пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры. Запрашаюцца не толькі брэсцкія майстры, але і спецыялісты з іншых рэгіёнаў. Гэтым разам работы будуць прысвечаны тэматыцы творчасці Напалеона Орды. 

У лістападзе ж у выставачнай зале Брэста запланавана выстаўка нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёна. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з архіва БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю