Top.Mail.Ru

Праваслаўны форум сабраў творцаў

13.10.2025 | 16:00
У імя Бога і Айчыны

На базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» прайшоў ІІ Міжнародны праваслаўны фестываль духоўнай творчасці «Богородице похвалу воспоём». 

Паўдзельнічала дэлегацыя Мінскага гарадскога аддзялення СПБ на чале з паэтам, заслужаным дзеячам культуры, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхасём Пазняковым і дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ (старшыня заслужаны дзеяч культуры Беларусі, паэтэса, празаік, перакладчыца Людміла Кебіч). Да іх далучыліся прадстаўнікі творчай супольнасці розных пакаленняў з Міншчыны, Брэстчыны, Магілёўшчыны, іншых абласцей Беларусі, літаратары з Ліпецка і Масквы. Сярод арганізатараў фестывалю — Беларуская Праваслаўная Царква, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Інстытут тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, творчыя аб’яднанні і грамадскія арганізацыі Беларусі. Фестываль прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю кнігі першадрукара Францыска Скарыны «Апостал» і прымеркаваны да цэлага шэрага праваслаўных рэлігійных свят (Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы, Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга).

Ідэйнымі натхняльнікамі гэтага маштабнага форуму сталі вікарый Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, епіскап Нясвіжскі Аўксенцій і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўца, паэтэса, радыёвядучая Зоя Кулік. Сярод арганізатараў, членаў журы конкурсу аўтар сцэнарыя фестывальнай праграмы, наша калега з Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ паэтэса Таццяна Яцук.

Паводле меркаванняў стваральнікаў свята, паняцце духоўнасці ўключае 

ў сябе некалькі вельмі важных сэнсаў. Гэта і хрысціянскі светапогляд, і любоў да бліжняга, павага да старэйшых, да традыцый, гісторыі і культуры роднага краю, інтэлектуальны і творчы патэнцыял, іх развіццё, удасканаленне, практычная рэалізацыя. У аснове канцэпцыі фестывалю — абарона традыцыйных каштоўнасцей, увасабленне духоўнага адзінства хрысціян, услаўленне ідэалаў гуманізму і патрыятызму ў мастацкай творчасці. Галоўнымі дзеючымі асобамі выступілі святары, педагогі і людзі мастацтва (паэты, барды, дэкламатары, мастакі). Пераможцы фестывальнага літаратурнага конкурсу (Гран-пры ў Людмілы Кебіч), удзельнікі і арганізатары свята атрымалі ў падарунак творы жывапісу ад членаў Еўразійскай мастацкай садружнасці (Мінск). 

Як вядома, асновы духоўнасці закладваюцца на самым раннім этапе фарміравання асобы. Таму вельмі важная роля арганізатарамі была адведзена дзецям. Па спецыяльнай праграме ў рамках фестывалю адбыліся тэматычны конкурс юных чытальнікаў, цікавыя экскурсіі, тэатралізаваныя пастаноўкі, канцэрты, выставы, сустрэчы школьнікаў з пісьменнікамі, асветніцка-тэалагічныя гутаркі, прэзентацыі кніг. Пачаўся фестываль з круглага стала на тэму духоўнага выхавання, абароны хрысціянскіх і сямейных традыцый. У тэматычным пасяджэнні паўдзельнічаламаладая гродзенская паэтэса Вольга Алізар з сям’ёй. З дакладамі выступілі і іншыя госці з Гродна. Людміла Кебіч прапанавала агляд духоўнай тэматыкі ў творчасці пісьменніцкай арганізацыі Прынямоння і ва ўласнай паэзіі. Вучоны, педагог, выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы Аліна Сабуць надала гутарцы за круглым сталом «купалаўскі вектар», запрасіла калег з іншых рэгіёнаў на традыцыйныя Купалаўскія чытанні, ахарактарызаваўшы шматгранны рэлігійна-духоўны аспект у традыцыях універсітэцкага жыцця. Гродзенская пісьменніца, педагог Галіна Богдан (псеўданім Ліна Багданава) падзялілася вопытам рэалізацыі праектаў духоўна-маральнай накіраванасці, адзначаных дыпломамі міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню і паспяхова рэалізаваных у гродзенскай сярэдняй школе № 12 імя В. У. Бабко. Пра супрацоўніцтва з царквой, духоўнае выхаванне юных грамадзян краіны расказвалі празаік, бібліятэкар Ірына Фаміна (Брэст), паэтэса, дэкламатар, выкладчык БДПУ імя М. Танка Таццяна Жылінская (Мінск) і іншыя дасведчаныя эксперты. 

На працягу двух дзён на фестывальнай сцэне сваё мастацтва дэманстравалі аўтары, выканаўцы, творчыя калектывы. Усё гэта прадстаўнікі розных пакаленняў. Але аб’яднала іх вера, святы вобраз Багародзіцы, чыё чароўнае покрыва засцерагае ад бед нашу сінявокую Беларусь. Усё часцей мы бачым, наколькі трывожны і супярэчлівы свет, у якім выпала жыць роду чалавечаму. Усё часцей нават самыя стойкія матэрыялісты вымушаныя спадзявацца на ласку вышэйшых нябесных сіл. Чалавек жыве, пакуль у яго ёсць вера. Жыццё дэманструе неабходнасць яе ўмацоўваць. ІІ Міжнародны праваслаўны фестываль духоўнай творчасці «Богородице похвалу воспоём» пацвердзіў актуальнасць хрысціянскага ладу жыцця, прадэманстраваў надзвычайную зацікаўленасць сучаснага мастацтва духоўнай тэматыкай, яе эфектыўнасць у справе пабудовы нашай светлай будучыні. Зразумела, калі ёсць запыт — трэба рухацца далей. Гэты кірунак неабходна развіваць і напаўняць новым карысным зместам. Магчыма гэта толькі сумеснымі намаганнямі ўлады, царквы, сістэмы адукацыі, культуры — гэта значыць, талакой, народнай еднасцю славян у імя Бога і Айчыны.

Скончыўся міжнародны творчы форум святкаваннем юбілею актыўнага грамадскага дзеяча, таленавітага літаратара, радзімазнаўцы, асветніцы і проста цудоўнай жанчыны Зоі Мікалаеўны Кулік. Віншуем!

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю