Аматараў творчасці Ганны Альхоўскай, а ў прыватнасці яе серыі пра Варвару Ярцаву, Выдавецкі дом «Звязда» парадаваў працягам пад назвай «(Не)родны». Хітраспляценні таямнічых ворагаў набываюць нечаканыя маштабы, а галоўным героям даводзіцца сутыкнуцца з праблемамі, якія не падпарадкоўваюцца законам логікі. Хто выйдзе пераможцам у гэтай бітве і чаму ад яе зыходу залежыць лёс чалавецтва? Адказ знойдзеце на старонках рамана.
У папярэдняй частцы «Тайна змеевага лесу» чытач пазнаёміўся з галоўнай гераіняй Варварай Ярцавай, на долю якой заўсёды выпадаюць розныя неверагодныя здарэнні. Сюжэт разгортваецца ў самай звычайнай вёсцы Нізоўка, дзе нягледзячы на сусветнае панаванне тэхналогій жыхары вераць у старадаўнія легенды і нават расказваюць пра цмока, што дагэтуль жыве ў суседнім лесе і крадзе прыгожых дзяўчат. Дапытлівая Варвара гэтым чуткам не верыла, пакуль сама не сутыкнулася з міфічнай істотай. Аднак рэальнасць аказалася даволі празаічнай: цмокам празвалі хлопца, які нарадзіўся з рэдкай хваробай «іхтыёз», з-за якой скура чалавека пакрыта луской.
У адрозненне ад першай часткі, дзе містычны налёт быў зусім слабы, а перавага аддавалася дэтэктыўнай лініі сюжэта, працяг гісторыі напоўнены персанажамі і падзеямі, якія нельга растлумачыць з пункту гледжання навукі ці логікі. Некаторым чытачам такі рэзкі пераход да фантыстыкі можа не спадабацца, аднак тыя, хто чакаў ра-скрыцця містычнай тэмы, будуць задаволены. У новай частцы Ганна Альхоўская змяшчае акцэнт на трагічны лёс хлопца-цмока Паўла, чыя гісторыя напоўнена тугой, вечным змрокам, адчужэннем і душэўным болем. Сын, ад якога адмовіліся пры нараджэнні, дзіця, якое правяло лепшыя гады жыцця ў няволі і адзіноце, каханы, які вымушаны хавацца ад дзяўчыны з-за не-
звычайнай знешнасці. Але калі ў першай частцы Павел быў хутчэй загадкавым цмокам з народных паданняў, то ў працягу ён паўстае жывым чалавекам са сваімі жаданнямі, страхамі і рашучасцю змагацца за ўласнае шчасце. У гэтым яму перашкаджаюць не толькі жудасная хвароба і сацыяльны ціск, але і моцная таямнічая сіла, што доўгія стагоддзі хавалася сярод звычайных людзей.
У рамане «(Не)родны» можна адразу вылучыць некалькі канфліктаў, якія прымушаюць чытача затрымацца да апошняй старонкі. Перш за ўсё гэта ўнутрыасобасны канфлікт, які не дае Паўлу адчуць сябе сапраўднай часткай соцыума, праявіць свае таленты і нарэшце выйсці ў свет. Яго душа разрываецца паміж чалавечым «я» і праклёнам цмока, паміж жаданнем знайсці каханне і страхам быць не прынятым. Страх гэты падмацоўваецца і знешнімі фактарамі: родная маці героя адмовілася ад яго пры нараджэнні, а цяпер усімі сіламі спрабуе знішчыць «вырадка» дзеля ўласнай бяспекі. Пакінуты самымі блізкімі, Павел змагаецца за права на шчасце, аднак сацыяльныя нормы таксама выключаюць яго з грамадаства. Перад героем паўстае цяжкі маральны выбар: працягваць гэтую барацьбу за сваё месца сярод звычайных людзей ці перайсці на цёмны бок, з-за якога можа пацярпець усё чалавецтва?
Ганна Альхоўская спрабуе балансаваць на тонкай мяжы рэальнасці і містыкі, уплятаючы ў паўсядзённасцьэлементы фантастыкі. У кагосьці такісюжэтны паварот можа выклікаць супярэчлівыя эмоцыі, а скептыкі, якія спадзяваліся атрымаць асалоду ад добрай дэтэктыўнай гісторыі, могуць адчуць сябе злёгку збянтэжанымі. Аднак гэта цікавы эксперымент з жанрам, які прапаноўвае чытачу нешта новае пад знаёмай вокладкай.
Тым, хто патрапіць на раман «(Не)родны» без знаёмства з папярэднімі часткамі серыі, будзе лёгка арыентавацца ў сюжэце: пачатак кнігі прысвечаны падзеям мінулых частак. Атрымліваецца невялікі эфект «дэжавю» — пісьменніца быццам баіцца адпускаць чытача з накатанай сцяжынкі. З аднаго боку, гэта значна спрашчае працэс паглыблення ў гісторыю. А з іншага, можа сапсаваць настрой чытача, які знаёмы з папярэдняй часткай.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА