Бывае і так, што творца, неаднойчы ўгананараваны рознымі высокімі званнямі, а то і які з’яўляецца Героем Сацыялістычнай Працы, лаўрэатам Ленінскай прэміі, — кажу гэта пра народнага паэта Беларусі Петруся Броўку (дарэчы, як некаторыя ні ставяцца сёння да гэтых званняў, іх былі ўдастоены — асабліва сярод пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва — нямногія) — найбольш вядомы толькі некалькімі сваімі творамі. Ды і далёка не ўсе здагадваюцца аб іх аўтарстве. У Петруся Усцінавіча такіх два. Памятаеце?
Мне не забыцца песні той
даўняе вясны:
— На Мурамскай дарожцы стаялі
тры сасны...
Хадзілі мы, спявалі,
і з песняй ты цвіла.
Александрына, помніш,
якою ты была?
Гэта яго знакамітая «Александрына». Не менш вядомы і верш «Пахне чабор», таксама пакладзены на музыку. Шкада толькі, што родныя мясціны Петруся Броўкі далекавата ад Мінска. У гэтым сэнсе яму не пашанцавала. Таму куды менш наведвальнікаў у музеі, які знаходзіцца ў яго роднай вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна.
ПЕСНЯ РОДНАЯ З ДАРАГОЙ УШАЧЧЫНЫ
Мне ж не забываецца прыезд у Пуцілкавічы тым летам, з якога прайшоў не адзін дзясятак гадоў. Забылася, што за мерапрыемства праводзілася на Ушаччыне, але перажытае тады адчуванне помніцца. Ды і ніколі не забудзецца. Гэта была не толькі сустрэча з малой радзімай Петруся Усцінавіча, а і сустрэча з самім паэтам. Без яго, на жаль, бо паэта не стала яшчэ ў 1980 годзе. Але ў Пуцілкавічах зусім па-іншаму загучалі шмат якія творы, набыўшы тую афарбоўку, што адчуваецца, заўважаецца толькі ў родных аўтару мясцінах. І найперш класічны верш «Пахне чабор», на напісанне якога паўплывала, няхай у пэўнай меры і падсвядома, тое, што бачылася яму ў Пуцілкавічах.
- Любоў да прыроды адчувалася ўжо ў яго першых творах, апублікаваных у газеце «Чырвоная Полаччына». Глыбока сімвалічна, што аўтар, шмат у чым камсамольскі паэт, які вітаў «новае ранне» ў краіне, які ў той час і значна пазней нямала прысвяціў вершаў апяванню «бурапеннай маладосці», пачаў творчы шлях усё ж з верша «Ой, не шапчы, мая бярозка...», што зместам сваім як быццам далёкі ад той эпохі, якая выклікала нябачаныя дасюль сацыяльныя змены ў жыцці грамадства. Настолькі традыцыйнае прысутнічае ў ім, настолькі сам паўстае звычайным сялянскім сынам.
У Петруся Усцінавіча было нямала паездак па Беларусі, бываў ён і ў іншых краінах, але абавязкова вабіла дарога, дзе звычайны паказальнік на лепельскай шашы сведчыў, што да Пуцілкавіч дзевяць кіламетраў. Нечакана, трапятліва, усхвалявана білася сэрца, і ўжо інакш, зусім іншымі вачыма ўзіраўся ў навакольныя краявіды, спрабуючы знайсці ў іх тое адзінае і блізкае, што асабліва хвалявала.
З ЛЮБАЙ КРЫНІЧКАЙ І МІЛАЙ ПЛАЧКАЙ
Асабліва вабіла крынічка непадалёку. Прайшоўшы летам колькі крокаў па пыльнай траве, можна было падставіць далоні пад халодны бруісты праменьчык, зачэрпаць прыгаршчы сцюдзёнай вады, паднесці да засмяглых вуснаў. Многія з паэтаў, хто сябраваў з ім, называлі яе броўкаўскай. Калі ім надаралася быць на Ушаччыне, любіў паказваць сцежкі-дарожкі, якімі хадзіў колісь. А найперш супыняў машыну на ўзлеску, каб ізноў сустрэцца са сваёй крынічкай. Яго твар у гэты момант станавіўся памаладзелым, адухоўленым. Нібыта перад ёй стаяў не слынны творца, якога ведаюць далёка за межамі Беларусі, а той падлетак, які ўпершыню сустрэўся з гэтай крынічкай, каб пазней пры першай магчымасці прыязджаць да яе.
У гады дзяцінства і юнацтва яму часта даводзілася праходзіць гэтай дарогай, асабліва калі працаваў у Вялікіх Дольцах у ваенкамаце. З ранніх гадоў палюбіў не толькі гэтую крынічку, а і рэчку Ушачку, якую ў адным з вершаў назваў ласкава «мілая плачка». Яна працякала каля самай вёскі, адразу за агародамі.Любіў паблукаць і лугам, пайсці туды, дзе блішчыць закінутае азярцо. У сярэдзіне лета, калі паветра станавілася салодка-водарным ад спелых ягад, у дзіўны букет ператвараліся кусты малінніку, крыху далей за Пуцілкавічамі бегла торная сцяжынка, якая чаплялася карэнняў дрэў. Яна для яго ў той час таксама стала жыццёвай дарогай, бо выводзіла на бальшак, што вёў у Барысаў. У гэты горад наведваўся часта, працуючы рахункаводам валаснога выканкама, а пазней старшынёй выканкама сельскага Савета. Заносіў паперы, браў у бібліятэцы кнігі.
ГОЛАСАМ СЭРЦА
З 1940 года Пятрусь Броўка працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. Быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў з партызанскімі выданнямі, а ў 1943 годзе стаў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. І, вядома, нямала пісаў. Не мог не пісаць. Быў перакананы, што праўдзівае слова неабходна ў час, калі ўзнікла пагроза знішчэння роднай краіны. Браўся за пяро з упэўненасцю, што ненавісны вораг будзе знішчаны. Гэтая вера была не толькі на словах, а несла ў сабе тую перакананасць, на якую здатны толькі сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы. Каб упэўніцца, што гэта так, дастаткова ўжо двух твораў, напісаных тады, калі пры масавым гераізме ўсё ж было яшчэ шмат няпэўнасці, як разгорнуцца падзеі далей. Верш «Маці» пазначаны кастрычнікам 1941 года, а «Будзем сеяць, беларусы!» з’явіўся ў 1942-м. У першым гучыць напамін аб тым, што беларусам неаднойчы даводзілася змагацца за сваю краіну, але яны не скарыліся: «Не раз мы зносілі насланую бяду, // Не раз знішчалі мы драпежнікаў шалёных; // Змяце зямля і гэтую брыду, — // І выйдзе Беларусь з палону!» Яшчэ больш веры ў лепшае ў другім вершы. Ішоў толькі 1942 год, а колькі аптымізму ў радках:
Хутка вызваляцца гоні
З-пад уціску, з-пад прымусу,
Будзем сеяць, беларусы,
На ўсход сонца чыстым зернем...
Смерць на захад мы павернем!
Як ставіўся Пятрусь Усцінавіч да ўсенароднага змагання з фышызмам, яскрава сведчыць яго верш «І Беларусь, і партызан...», напісаны ўжо бліжэй да нашых дзён, у 1974 годзе, калі было зразумела, што Вялікая Айчынная вайна не забываецца. Шмат робіцца дзеля таго, каб новыя пакаленні памяталі, якой вялікай цаной і, на жаль, з вялікімі стратамі заваяваны мірны дзень. Таму і наступіў ён, бо народ быў адзіны ў сваіх памкненнях да свабоды:
Мне не забыцца дзён агністых,
Ні страт цяжкіх, ні горкіх ран,
Гучаць суладна і ўрачыста:
І Беларусь, і партызан!
У гэтым гучанні і голас нявінных ахвяр фашызму, сярод якіх была яго маці Алена Сцяпанаўна, якую разам з аднавяскоўцамі вывезлі ў лагер смерці Асвенцім. Яе — за сувязь з партызанамі. Магчыма, нягледячы на нечалавечыя здзекі, неяк і выжыла б. Ва ўсякім разе, калі нелюдзі ў 1943 годзе, чарговы раз пастроіўшы ахвяр, выбіраючы па чарзе, каго весці на згубу ў крэматорый, яе мінулі. Але побач стаяла 14-гадовая дзяўчынка з суседняй вёскі. Адсунуўшы яе назад, Алена Сцяпанаўна выйшла наперад...
Пасля Перамогі Пятрусь Броўка пабываў у Асвенціме, у выніку з’явілася паэма «Голас сэрца» — адзін з найбольш значных антываенных паэтычных твораў у беларускай літаратуры, у якім паўстае звярынае нутро фашызму. Дарэчы, гэты твор першапачаткова называўся «Маўчаць не магу я...», што не менш дакладна вызначала, аб чым хацеў выказацца. Гэтым жаданнем не маўчаць прасякнуты і паэмы «Беларусь», «Кірыл Пракопавіч» (пра Арлоўскага), «Дума аб бессмяротнасці» і іншыя. Плённа працаваў і ў галіне прозы: аўтар рамана «Калі зліваюцца рэкі», аповесцей, апавяданняў. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», з Яўгенам Рамановічам — «Дзяўчына з Палесся», абедзьве былі пастаўлены. Але, безумоўна, асаблівыя яго заслугі ў паэзіі. Як ставіўся да яе, відаць з верша «Паэзія»: «Сябры, навошта словы драць, // Як з той кары бяросту, // Калі як след паразважаць, // Дык гэта вельмі проста — // Паэзіі плысці ракой, // Цячы крынічкай жвавай, // Як на вяселлі маладой, // Заўсёды быць цікавай».* * *
Уладзімір Гніламёдаў назваў Петруся Усцінавіча «паэтам купалаўскай школы». З гэтым нельга не пагадзіцца. Ды і сам Пятрусь Броўка, што відаць з яго верша «Купала і Колас, вы нас гадавалі...», не забываў аб гэтым: «<...> Мы з імі выходзілі заўжды ў дарогу, // А як акрыляла нас іхняе слова, // Што сказана простаю матчынай мовай». Ацэнка Уладзіміра Гніламёдава не толькі высокая, а і заслужаная, у чым пераконвае найлепшае з напісанага Петрусём Броўкам. Усяго ж Збор яго твораў складаецца з 9 тамоў. Ёсць і тое, што з творчасцю не звязана, але таксама яскрава сведчыць аб вялікай заслузе яго перад Беларуссю, перад родным народам.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Ф. Сурганаў уручае П. Броўку ордэн Леніна. Мінск, 1972 г. Фота БелТА.
1941 г.