Выстаўка «Postscriptum» па выніках сёлетняга «Асенняга салона з Белгазпрамбанкам» працавала ў прасторы ZAL#2 (вул. Козлова, 3) зусім мала — меней як два тыдні. А вось права на абмеркаванне выбару пераможцаў ды іх работ, мусіць, не мае строгіх абмежаванняў па часе, таму гэтым разам дазволім сабе зрабіць заўвагі, падзяліцца назіраннямі і такім чынам пашырыць поле дыскусіі аб чарговым этапе вялікага мастацкага праекта Беларусі.
Пераможцамі ў 2025 годзе сталі 50 творцаў — яны атрымалі большасць галасоў ад наведвальнікаў «Асенняга салона». Не дзіва, але спрактыкаваны глядач, які арыентуецца ў выніках папярэдніх сезонаў і разумее густ вялікай часткі публікі, быў здольны прадказаць імёны многіх сённяшніх лідараў спаборніцтва. Да таго ж некаторыя з гэтых аўтараў былі згаданы як прэтэндэнты на ўзнагароду і ў папярэдніх публікацыях «ЛіМа», прысвечаных сёлетняй экспазіцыі. Так, найлепшымі фатографамі ў межах выстаўкі-продажу сталі Максім Карасцялёў, Алеся Максіменка і Graph Calligraph. Калі з першымі двума месцамі памылкі не было дапушчана, то з трэцім угадаць
не ўдалося. Відаць, многім усё ж больш даспадобы выразныя, нягледзячы на часты туман і змрок, абрысы пазнавальнага Мінска, які ў аб’ектыве фатографа пад псеўданімам Graph Calligraph набывае фарбы яркіх тонаў з высокай колеравай інтэнсіўнасцю, чым урбаністычныя светла-выцвілыя пейзажы Ільі Шагава, аматара нетыповых ракурсаў і шматпланавай кампазіцыі.
Найлепшымі жывапісцамі гэтага «Асенняга салона» сталі Марыя Богдан, Алеся Скарабагатая і Вікторыя Старавойтава. Імёны ўладальніц 2-га і 3-га месцаў зноў жа можна было прадбачыць, але для Марыі Богдан прызнанне таленту такой вялізнай часткай публікі — трыумф. Зразумела, галасавалі за яе найперш юныя гледачы, якім падабаюцца сюжэты з немудрагелістымі кампазіцыямі, поўныя дзіцячых уражанняў, адпаведная стылістыка. І ўсё ж 1-е месца сведчыць пра зацікаўленасць аматара мастацтва менавіта такім жывапісам і, пэўна, умацуе веру Марыі Богдан у сябе, зацвердзіць пазіцыю адносна выбранага кірунку.
У намінацыі «Графіка» вылучаны Таццяна Рачкоўская (мабыць, не аднаго гледача знаёмства з цукеркамі на яе акварэлях прымусіла накіравацца пасля ў кандытарскую краму), Аляксей Жукаў (зачараваў поўнымі дакладнасці бляклымі пейзажамі Мінска і Санкт-Пецярбурга — гарадоў, вуліцамі якіх часта захапляюцца маладыя) і Анастасія Нікіпарэц (прыцягнула ўвагу сваімі партрэтамі з ухілам у міфалагізм). Мала вядомых мастакоў, як, дарэчы, і ў намінацыі «Скульптура»: 1-е месца — у аўтара пад псеўданімам Piloroma, які ў творах з дрэва таксама разважае на тэму міфаў; 2-е — у Анастасіі Сіпач з яе незвычайным поглядам на знакамітых герояў сусветнай культуры, 3-е заняў Filip Swansky: у скульптурах з нержавеючай сталі ён адлюстроўвае вобразы людзей і жывёл.
Узнагароды ў намінацыі «Дэкатарыўна-прыкладное мастацтва» забралі Дар’я Пунтус (публіку ўсё ж не пакінулі абыякавай яе дываны на тэму народных святкаванняў), Святлана Баева (аўтар заявіла пра сябе і як жывапісец, аднак найбольшую ўвагу прыцягнулі яе абстрактныя работы без назвы, у якіх выкарыстаны ў тым ліку ракавінкі) і Юлія Дранец: прадстаўніца постмадэрнізму, яна заўсёды запрашае да разгадвання галаваломак, якія стварае ў тым ліку пры дапамозе калажу.
Імёны пераможцаў у катэгорыі «Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва»: Анастасія Чадзій, Юлія Цярэшка і Паліна Белая. Кожная апошнім часам працуе над пэўнай тэмай, і творчыя пошукі ацэньваюцца як даволі паспяховыя. Сапраўднай жа ўдачай будзе, калі ў гэтым рэчышчы знойдзецца повязь з адпаведным тыпам архітэктуры і пасля майстры ўпрыгожаць розныя будынкі і запоўняць прасторы, як патрабуе таго кірунак...
«Інсталяцыя і арт-аб’ект» — адна з найбольш складаных намінацый, яна часта крытыкуецца, прычым заслужана. Гэтым разам перамогу атрымалі арт-група «IRRA», Анастасія Сцешыц, а таксама Ілья Гічан. Узнікае непрыемнае жаданне змяніць гэтую паслядоўнасць, бо так ці інакш увагі заслугоўваюць найперш творы апошняга аўтара з гэтай тройкі: Ілья Гічан спрабуе свае сілы ў жывапісе і графіцы, у скульптуры, але сувязь паміж створаным не губляецца, агульнае ў задуме не страчваецца. Не хапіла арыгінальнасці інсталяцыям Анастасіі Сцешыц, а «IRRA» прадставіла на «Асеннім салоне» сумніўную скульптуру пад назвай «Пра тваю маці» (2025) — яна праз характарыстыку некаторых асаблівасцей быту беларускай жанчыны прызначана дэклараваць яе права на пазбаўленне ад мяжы цярплівасці...
Тым часам прыз галасавання гледачоў перайшоў дывановым фантазіям Антона Борздага. Вульгарна і прымітыўна? Для многіх — так, большасці тых, хто ўдзельнічаў у выбары найлепшага твора, «Чырвоны дыван» (а за ім пайшоў і «Аранжавы дыван» — ужо ў рамках «Postscriptum») здаўся ўзорам дасканаласці. Ярка і стыльна, а яшчэ — шпілька мастацкаму густу знаўцаў...
Журы, у сваю чаргу, вызначыла найлепшых, абапіраючыся, безумоўна, на больш жорсткія і прынцыповыя крытэрыі. Гран-пры дасталіся Алесю Багданаву, Ганне Мельнікавай і Фёдару Шурмялёву, майстэрства якіх пацвярджаецца не ўпершыню. Спецыяльнага прыза экспертаў удастоіліся Сяргей Арышчанка, Васіліса Васілеўская, Міша Дайліда, Алёна Ліпінская, Вольга Мельнік-Малахава, Ганна Нічыпаровіч, Кірыл Орсік, Алеся Скарабагатая, Юлія Цярэшка і Дзмітрый Чужакоў (DSNT87). Дыпломы ад куратара былі таксама ўручаны цэламу шэрагу мастакоў. Гэта Сяргей Ашуха, Ян Басалыга, Дзіна Бельская, Сцяпан Грабчыкаў, Юлія Дранец, Вольга Жэбіна (O.ZHE), Ганна Макушынская, Арцём Мядзведзеў, Таццяна Савік, Алесь Сакалоў, Вераніка Ракашэвіч і Ангеліна Чарнуха. Гэта між тым не ўсе ўзнагароды — партнёры «Асенняга салона» таксама вызначылі сваіх пераможцаў...
Яўгенія ШЫЦЬКА