Top.Mail.Ru

Пра землякоў з павагай і гонарам

Аўтар: Алесь Марціновіч
07.02.2025 | 07:00

Што з’явіўся гэты матэрыял, «вінаватыя» навагоднія святы. Столькі выхадных дзён было сёлета, як ніколі. Узяўся перабіраць кнігі з аўтографамі. Так і натрапіў на «Белорусы и Русский Север» Валерыя Ярмоленкі. Валерый Аляксандравіч падпісаў яе мне ў тым жа 2009 годзе, калі яна выйшла. Надпіс, можна сказаць, традыцыйны: «Уважаемому Александру Андреевичу Марциновичу (так у арыгінале) с пожеланием творческих успехов». Дарыў яму і я свае кнігі. А ці рэцэнзаваў яго, штосьці не памятаю. Пра ўсе не напішаш, а ён быў з тых, хто на гэтым не настойваў. Таму і атрымалася так, што пра яго як творцу ведаюць куды менш, чым варта было б. 




Быў ён не толькі выдатным пісьменнікам, які плённа працаваў на ніве краязнаўства, але і вучоным ў галіне навукі аб Зямлі, доктарам геаграфічных навук. Нарадзіўся не на беларускай зямлі, а ў сяле Семазёрным Кустанайскай вобласці ў Казахстане 31 кастрычніка 1940 года, але менавіта на Беларусі раскрыў свой талент. 

Біяграфія яго таксама цікавая. Скончыўшы сярэднюю школу ў Вілейцы, вучыўся ў Ленінградскім горным інстытуце, дзе атрымаў дыплом горнага інжынера-маркшэйдара. Пасля скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці «Эканоміка і арганізацыя горнай прамысловасці» гэтай вышэйшай навучальнай установы. Прафесіі, зразумела, з літаратурай не звязаны. Як і кандыдацкая, а потым доктарская дысертацыі. 

У навуковых працах даў эканамічную ацэнку ўсіх відаў карысных выкапняў Беларусі: калійных солей, фасфарытаў, каменнага вугалю і сланцаў, металаў. Распрацаваў праграму рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя для вытворчага аб’яднання «Беларуськалій» і «Экалагічную Праграму горна-хімічных вытворчасцей для прадпрыемстваў СССР да 2010 года». Усяго напісаў больш чым 400 навуковых прац, сярод якіх 5 манаграфій. Каля 30 артыкулаў апублікаваны за мяжой. 

Каб назваць артыкулы, нямала месца спатрэбіцца, а кніг не так і шмат. Затое якія! Прачытаць іх — адно задавальненне. Напрыклад, «За даляглядамі Айкумены», якая ў 1995 годзе з’явілася ў серыі «Нашы славутыя землякі» тагачаснага выдавецтва «Навука і тэхніка» (цяперашняе «Беларуская навука»). Гэта сёння пра падарожніка, даследчыка, палеантолага, географа, энтамолага, геолага Івана Чэрскага ведаюць многія, а Валерый Ярмоленка адным з першых падрабязна расказаў пра яго. 

Цікаўнасць у чытачоў дапытлівых, ахвотных больш ведаць пра ўраджэнцаў Беларусі, якія праславілі яе сваёй працай, даказалі, чаго варты наш народ, — даследаванне Валерыя Аляксандравіча «Горныя інжынеры Беларусі — выхаванцы Санкт-Пецярбургскага Горнага інстытута» (І998). Ён стаў і адным з аўтараў альбома-атласа «Географы і падарожнікі Беларусі» (1999), арыгінальнай сваёй кампазіцыйнай пабудовай. На кожнай старонцы — партрэт і кароткая біяграфія вядомага падарожніка. Прыводзіцца і карта-схема тых мясцін, дзе ён пабываў, а таксама змешчаны пейзажныя замалёўкі. 

Артыкулы, кнігі Валерыя Ярмоленкі напісаны не толькі з прыцягненнем багатага фактычнага матэрыялу. Па неабходнасці ў іх выкарыстоўваюцца першакрыніцы, ёсць спасылкі на аўтарытэтных даследчыкаў. Важна і тое, што яго развагі, аргументы напоўнены пачуццём нацыянальнай годнасці. Тым, што ўраджэнцы Беларусі працавалі і на карысць іншых народаў, ён ганарыўся. Аднак хацеў, каб ведалі, адкуль яны родам. 

Гэтая думка гучыць і ў прадмове да кнігі «Белорусы и Русский Север»: «Результаты деятельности многих белорусов стали достоянием не только российской, но и мировой науки и культуры, мировой цивилизации. Казалось бы, белорусскому народу есть чем гордиться. Однако это далеко не так. Буквально все достижения белорусов до сих пор считаются достоянием... Польши». Прычыну бачыў і ў тым, што «огромную ошибку допустили Брокгауз и Ефрон, которые в „Энциклопедическом словаре“ (1890–1907) всех знаменитых белорусов назвали поляками. Их „материалы“ автоматически перешли в советские энциклопедии».

Кніга «Белорусы и Русский Север» — гэта пошук ісціны ў згаданым кірунку. Асабліва гэтага тычыцца першага раздзела «Легендарное прошлое». Прасцей яе аўтару аргументаваць свае высновы, калі таму ёсць дакументальнае пацвярджэнне. Прынамсі, у «Пинежской летописи» сказана, што першым сярод тых, хто асмеліўся ісці па Ледавітым акіяне на ўсход, быў Юрый Даўгушын: «Лета 7105 (1597 год по новому стилю) первым проведал Надым-реку, а на другой год Таз-реку». Пра яго і апавядаецца ў главе «„Златокипящая вотчина“ белорусов». Пра ўраджэнцаў Беларусі размова ідзе і ў іншых матэрыялах: «Достославные братья Лаптевы», «Кто открыл Аляску», «Таинственный узник»... Паступова аповед набліжаецца да нашых дзён: «Вместе с россиянами из ХІХ века в век ХХІ». Адзін з апошніх матэрыялаў — «Субмарины подо льдом Арктики», у якім гаворка пра тое, як савецкія падводныя лодкі прайшлі пад Паўночным Ледавітым акіянам. Дачыненне да гэтага паходу мелі і беларусы.

Валерый Аляксандравіч незадоўга да сваёй смерці (яго не стала 22 верасня 2015 года) аддаў рукапіс яшчэ адной са сваіх кніг у выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Пра гэта сказаў мне, калі я падпісаў яму свой трохтомнік «Хто мы, адкуль мы...», што выйшаў у 2008 годзе ў выдавецтве «Беларусь». Абяцаў падарыць. Цікава, які лёс яго кнігі. Дарэчы, і яго «Белорусы и Русский Север» таксама з’явіліся ў «Беларусі». Серыя называлася «Земляки». 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю