Top.Mail.Ru

Пра вайну — на мове мастацтва

Аўтар: Яўгенія Шыцька
20.05.2025 | 07:00

Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў беларускім выяўленчым мастацтве свяшчэнная. Некаторыя мастакі — і старэйшае пакаленне, і моладзь, — нягледзячы на цікавасць і павагу да мінулага, не адважваюцца звяртацца да тых падзей: не дазваляюць хваляванне, страх, няўпэўненасць, не знаходзяцца мастацкія сродкі для выяўлення розных ідэй. Тым не менш значная колькасць жывапісцаў, скульптараў, графікаў, фатографаў, дызайнераў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сёння працягваюць шукаць новыя спосабы, метады, шляхі для размовы з гледачом на гэтую тэму. 


Да таго ж зварот да яе адкрывае мастаку дарогі да публікі, асабліва ў юбілейны год Вялікай Перамогі. Так, плён сваёй працы многія беларускія, а таксама некаторыя расійскія творцы дэманструюць у экспазіцыі мастацкага праекта «Колеры Вялікай Перамогі», падрыхтаванай Беларускім саюзам мастакоў сумесна з Саюзам мастакоў Расіі. З выстаўкай можна пазнаёміцца ў залах Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва».

Творы болей як 200 аўтараў аб’яднаны ў экспазіцыі, прысвечанай ваенным будням і пасляваеннаму жыццю. 

12_18_A.jpg

Зоя Літвінава «Свята», 2019 г. 

12_18_C.jpg

Глеб Отчык «Ала. Пакуль нас помняць — мы жывыя», 2024 г.

«Колеры Вялікай Перамогі» ўмоўна дзеляцца на некалькі асобных праектаў. Так, дэманструюцца творы ХХ стагоддзя з фондаў Беларускага саюза мастакоў. 

Іх аўтары — сведкі вайны, некаторыя прайшлі франтавымі дарогамі, як, напрыклад, Іосіф Белановіч: у экспазіцыі ёсць яго «Салдаты» (1975), дзе абвяшчаецца перамога новага жыцця, «Вяртанне» (год стварэння не пазначаны), у якім адлюстраваны боль страты адзінага прытулку, і «Дзень вайны» (таксама без удакладнення аб перыядзе напісання) — як апісанне кожнай хвіліны катастрофы. Прайшоў вайну і Барыс Няпомняшчы. Яго палатно «Франтавыя дарогі» (1988), нягледзячы на сюжэтную лінію, якая не характарызуецца трагізмам, з-за выбранай палітры перадае ўвесь жах перажытага і ўбачанага яго героямі. Сапраўды, бой і кроў на сваіх палотнах мастакі-франтавікі малявалі не так ужо часта... На выстаўцы ёсць лічаныя батальныя і шэраг калябатальных сцэн: «Вызваленне» (1975) Леаніда Дударэнкі, «Прарыў» (год стварэння не пазначаны) Пятра Крохалева, «Старыцкія партызаны» (1985) Уладзіміра Пасюкевіча... Аднак іх аўтарамі выступаюць сведкі вайны, а не яе ўдзельнікі. Дарэчы, некаторыя з работ гэтай часткі выстаўкі апрацаваны з дапамогай лічбавых тэхналогій і дазваляюць убачыць аніміраваны кантэкст сюжэта на смартфоне праз QR-коды. 

Асобную экспазіцыю склалі жывапіс і графіка мастакоў з Масквы і Варонежа. Большасць аўтараў, у ліку якіх — Таццяна Паплаўская, Аляксей Загарадных, Ірына Токарава, Святлана Зіненка, Наталля Паршына, Сяргей Афонскі, Аляксандр Шубін, Канстанцін Фінакоў, Аляксандр Паплаўскі, Аляксандр Лаўроў, Дзмітрый Савінкаў, Аляксандр Залатых, прадставілі шэраг пейзажаў, нацюрмортаў, тэматычных карцін, дзе апяваецца каштоўнасць будзённасці, кожнага звычайнага дня ў жыцці чалавека. Асаблівым падыходам да адлюстравання рэчаіснасці вызначаецца жывапіс Ігара Скорыкава і Святланы Валодзевай, у якім закладзена асаблівая душэўная цеплыня. Звяртаюць на сябе ўвагу серыя «У гады Вялікай Айчыннай вайны» (2024) Вікторыі Афонскай і трыпціх «Перамога» Аляксея Смірнова (1995) — тут з павагай выкарыстаны і пераасэнсаваны мастацкія сродкі савецкай графікі. 

12_18_D.jpg

Усевалад Канаш «Чалавецтва», 2024 г.

12_18_E.jpg

Андрэй Вараб’ёў «Спадчына», 2025 г.

Між тым асноўная частка праекта прапануе знаёмства з работамі сучасных беларускіх аўтараў. 

Як падкрэсліваюць арганізатары, у выстаўцы ўзялі ўдзел мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а іх творы раскрываюць шматпланавыя магчымасці візуальных мастацтваў у рабоце з гістарычным матэрыялам і падзеямі сучаснасці ў гістарычным і культурным кантэксце.

Некаторыя сучаснікі выбіраюць, як здаецца, нескладаны шлях і апавядаюць пра былое, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, абапіраючыся на сямейныя гісторыі, на біяграфіі блізкіх. Гэта Станіслаў Сугінтас і яго «Балада аб сыне» (2025), Уладзімір Ціханаў з партрэтам «Мастак-ветэран Ціханаў І. Ц.» (2005), Алесь Суша і «Апошні» (2024), Міхаіл Канцавы і «Сустрэча з баявым сябрам (На лініі Сталіна)» (2025) і асабліва Уладзімір Уродніч, які ўсё сваё творчае жыццё прысвяціў тым, каго забрала вайна, і тым, хто змог выжыць у яе пекле. На выстаўцы мастак паказвае ў тым ліку новае палатно «Аповесць аб сіняй хустачцы» (2025). 

У гэтым рэчышчы прыпамінаюцца і тыя работы, з дапамогай якіх аўтары заклікаюць шанаваць мінулае, вяртацца да сваіх крыніц. Яны хоць і нагадваюць пра боль і страты, але здольныя напоўніць жыватворнай сілай: «Доўгачаканая сустрэча» (2024) Анастасіі Чадзій, «Дрэвы-помнікі» (1985) Людмілы Ізмайлавай, «Кветкі памяці» (1984–1985) Анатоля Кузняцова, а яшчэ «Спадчына» (2025) Андрэя Вараб’ёва: у кампазіцыі скульптуры з бронзы, якая здабыла форму раскрытых далоней, мастак з асаблівым замілаваннем выявіў цэлы сусвет беларускай вёскі. 

12_18_F.jpg

Юрый Уцянкоў «Варонеж. Стары горад — новы горад», 2017 г.

12_18_G.jpg

Святлана Валодзева «Покрыва», 2019 г.

Між тым істотна вылучаюцца работы, у якіх аўтары, прытрымліваючыся ўласных правілаў і шануючы эксперыменты, прапаноўваюць смелыя рашэнні. 

У рамках маштабнай выстаўкі «Колеры Вялікай Перамогі» можа падасца зусім непрыкметным твор Ігара Саўчанкі «Чарніцы, сабраныя яшчэ да вайны» (1993) — бліскучы вынік работы аўтара з памяццю. Захапляе падыходам да, здавалася б, трывіяльнага сюжэта ў карціне «Музузвод» (2025) Васіль Васільеў. А Канстанцін Вашчанка выступіў з нечаканай для такой традыцыйнай экспазіцыі, але цалкам адпаведнай яе канцэпцыі абстракцыяй «Deep Line» (2025) — своеасаблівым рэквіемам як спосабам выяўлення вечных ідэй і сэнсаў.

P. S. Экспазіцыя ў Палацы мастацтва працуе да 1 чэрвеня. Між тым у рамках праекта «Колеры Вялікай Перамогі», прызначанага захаваць праўду аб трагічных падзеях вайны, аддаць даніну павагі мастакам-ветэранам, сцвердзіць значную ролю мастацтва і выяўленчага таленту ва ўспрыманні, разуменні, пераасэнсаванні гісторыі краіны, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праводзяцца выстаўкі «У полымі ваенных гадоў» і «На вызваленай зямлі». Сёння пра іх пойдзе гаворка далей... 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю