Top.Mail.Ru

Пра што расказвае фільм «Мемарыяльныя комплексы Беларусі»?

Аўтар: Алена Драпко
21.05.2025 | 07:00

Важныя ўрокі мінулага прапаноўваюць стваральнікі паўнаметражнага фільма «Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2», што ўбачыў свет на студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Гледачоў чакаюць пяць новых дакументальна-мастацкіх навел, у якіх распавядаецца пра месцы ўшанавання гісторыі і гераічнае мінулае нашага народа. 



Стваральнікам працягу цыкла стаў аўтарскі калектыў рэжысёраў у складзе Канстанціна Андрушачкіна, Наталлі Касцючэнкі, Аляксандра Ленкіна, Ірыны Тарасавай і Юліі Пінцак. Другая частка анімацыйна-дакументальнага альманаха распавядае нам пра пяць унікальных мемарыяльных комплексаў: «Масюкоўшчына», «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», мемарыял «За нашу савецкую Радзіму» (прысвечаны легендарнай «кацюшы»), мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці. У кожным з аўтарскіх аповедаў спалучаюцца дакументальная і анімацыйная часткі. Гэта дазваляе больш акцэнтна раскрыць заяўленыя тэмы і робіць змест кінанавел зразумелым для гледачоў нават зусім юнага ўзросту. 

Пачынаецца другая частка з аповеду пра мемарыяльны комплекс «Масюкоўшчына», які знаходзіцца ў Мінску. Менавіта там у гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных «Шталаг-352». І рэжысёр робіць акцэнт не проста на трагедыі беларускага народу, а знаёміць гледача з гісторыямі сапраўднага гераізму і няскоранасці. Там было шмат людзей, якія аказвалі супраціўленне акупантам. Адным з такіх прыкладаў сталі ўцёкі з лагера некалькіх лётчыкаў зімой у ноч пад новы 1943 год. Супрацоўнікі лагера пашылі ім з прасцін маскіровачныя халаты, што дазволіла палонным вырвацца ў лес, а пасля дабрацца да партызан і зноў вярнуцца ў неба. Асаблівую танальнасць кожнаму расповеду надае, вядома, музычнае афармленне. 

Перапляценне дакументальнай кінахронікі і ажыўленне асобных эпізодаў з біяграфій герояў, як пазл, аб’ядноўвае мінулае і сучаснасць у адну гісторыю, якую варта ўсім нам ведаць, помніць і захоўваць. Так, распавядаючы пра «Хатынь», у кадры згадваецца страшная трагедыя аднайменнай спаленай вёскі ў сакавіку 1943 года, на месцы якой узведзены мемарыяльны комплекс стаў сімвалам болю ўсёй Беларусі. Гісторыя паказана праз успрыманне тых падзей сучаснымі дзецьмі, якія з бацькамі прыязджаюць туды, каб аддаць даніну памяці гераічнаму мінуламу, калі за праўду і любоў да сваёй зямлі знішчалі зажыва. Гэта здарылася і ў Хатыні, дзе загінулі 149 мірных жыхароў, а выжылі толькі двое дзетак і адзін дарослы. Сярод іх былі Іосіф Камінскі і яго сын Адам, які пазней памёр на руках бацькі. Яны сталі прататыпамі помніка «Няскораны чалавек» у мемарыяльным комплексе. 

Адметнай і цікавай атрымалася таксама навела пра мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Як вядома, ён прысвечаны абаронцам рубяжоў нашай Радзімы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. 

— Працуючы над праектам, я звярнулася ў музей Брэсцкай крэпасці з просьбай пракансультаваць мяне адносна героя па тэме «У пошуках невядомага імя». Таму што вялікія, вядомыя імёны абаронцаў мы ведаем, паколькі ў гонар такіх людзей названы вуліцы, праспекты. А мне хацелася паказаць лёс простага салдата, якіх тады была большасць, — распавяла рэжысёр анімацыйных фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» Наталля Касцючэнка. — І на прыкладзе такога чалавека — аднаго з герояў — мне ўдалося гэта зрабіць. У навуковым аддзеле Брэсцкай крэпасці са мной падзяліліся гісторыяй нашага земляка, ураджэнца Уздзенскага раёна Мінскай вобласці з вёскі Забалацце Алеся Махнача. Я з задавальненнем вывучала жыццё гэтага чалавека. Ён увайшоў у літаратуру найбольш як пісьменнік, які пісаў пра дзяцей — абаронцаў Брэсцкай крэпасці. І гэта вельмі падышло нашым здымкам. 

Алесь Іванавіч быў лейтэнантам, калі яго прызначылі камандзірам стралковага ўзвода ў Брэсцкай крэпасці, дзе і застала яго вайна. Пасля тыя падзеі ён апіша ў сваіх творах і ўспамінах: «Дзяўчынкі схіліліся над пагранічнікам, які ляжаў, нібы мёртвы. Пульс ледзь праслухоўваўся. Сэрца білася з перабоямі...». Сам пісьменнік таксама атрымаў цяжкія раненні і трапіў у палон, прайшоў два канцлагеры, але па волі лёсу застаўся ў жывых. Відаць, яшчэ і для таго, каб захаваць праўду пра тыя падзеі і перадаць памяць пра іх наступным пакаленням у сваіх шматлікіх творах. 

Завяршае другую частку фільма «Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2» навела пра мемарыял «За нашу Савецкую Радзіму» (прысвечаны легендарным баявым «кацюшам»). 

— Канкрэтна ў рабоце над «кацюшай» рабіўся акцэнт на тым, каб распавесці гледачам пра невядомае. Мы ж усе чулі, што гэта легендарная зброя, якая адыграла вялікую ролю ў вайне. А вось як яна працавала, хто ўклаў у яе «душу», хто аддаў уласнае жыццё, каб машына не дасталася немцам, у чым быў галоўны сакрэт гэтай тэхнікі? — падзялілася рэжысёр студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ірына Тарасава. — Словам, мы імкнуліся знайсці нейкія асаблівасці, нюансы, якія дазволяць па-іншаму паглядзець на легендарную «кацюшу». Гісторыя ў нас, лічу, атрымалася цікавай і кранальнай. 

І так можна сказаць пра кожны з пяці міні-фільмаў. У іх ёсць і цікавыя факты, і лёсы сапраўдных герояў, аўтарскія погляды і нагода паразважаць гледачам аб тым, якой цаной, маштабам людскіх ахвяр і гераізму дасталася нашаму народу Вялікая Перамога. Пра гэта ж расказваюць скульптуры, манументы і мемарыяльныя комплексы па ўсёй краіне. Яны — маўклівыя сведкі цяжкіх баёў, спаленых вёсак і былых канцлагераў, у якіх абарвалася жыццё тысяч нявінных ахвяр. Гэтыя мясціны былі і застаюцца пунктамі прыцягнення людзей, якія імкнуцца даведацца больш пра гісторыю і яе сапраўдных герояў. Пачаць знаёмства можна і з прагляду кінастужкі «Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2», якія цяпер у пракаце па ўсёй краіне.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю