У «Салаўінай радасці» істотна вылучаецца аповесць «Горад пад вадой». Ужо сама нечаканая назва выклікае цікавасць да твора. Праўда, хто раней чытаў прозу Уладзіміра Васько, і ў гэтым выпадку адразу настроіцца на сустрэчу з побытавымі, звычайнымі гісторыямі. Пісьменнік заўжды пільна ўглядаецца ў навакольнае жыццё, адкрывае знаёмыя яму ці пераказаныя гісторыі, узвышаючы іх да мастацкага разгляду. Як правіла, у апавяданнях і аповесцях У. Васько не так і шмат герояў, драматургія твораў звязана з перажываннямі, сумненнямі персанажаў, нечаканай высновай напрыканцы тэксту... «Горад пад вадой» — пра тое, як сталага веку чалавек надумаўся пабудаваць горад пад вадой. «...У ягонай галаве ўзнікла дзіўная думка: а што, каб тут, на дне акіяна, пабудаваць падводны шкляны горад — было б здорава. „Да гэтага яшчэ ніхто не дадумаўся, — працягваў разважаць Казак. — Ва ўсякай ноўнасці ёсць першапраходцы. Чаму б і мне не быць пачынальнікам будаўніцтва падводных гарадоў?“» — чытаем на першай старонцы. Мікалай Мікалаевіч Казак — былы лідчанін, галоўны інжынер шклозавода, які мясціўся на ўскрайку горада Светламорска на беразе Ціхага акіяна. Паступова, праз фантазіі і іх абгрунтаванне, пісьменнік разам са сваім героем выбудоўвае лагічны праект стварэння шклянога горада пад вадою. Адзін за другім перад чытачом узнікаюць каларытныя персанажы кіраўнікоў прадпрыемстваў і горада, якія ўхвальна прымаюць ідэю альбо ставяцца да яе з насцярогай ці адмоўна. Губернатар Камчаткі пры першай тэлефоннай размове на гэтую тэму рэагуе абурана: «Ніякіх падводных гарадоў. Хочаце, каб прывялі да крушэння караблёў ці падводных лодак? Хочаце, каб прагрымелі на ўсю Расію? Тут у мяне абівае парогі яшчэ адзін дзівак. Дамагаецца, каб на сопцы пабудавалі дваццаціпавярховы дом і на даху яго ўсталявалі „чортава кола“ — во, кажа, добра было б бачна з далечыні акіяна, а як цікава было б аглядаць камчацкі пейзаж! Што гэта? Камчатка — паўвостраў дзівакоў ці што? Не выдзяляй яму ні адной капейкі і ўвогуле забарані будаўніцтва фантастычнага горада».
І ўсё ж наш зямляк не пакідае сваёй ідэі, звяртаецца ў міністэрства, знаходзіць паразуменне з яго кіраўніком. Міністр сам прыязджае на «поле бітвы» за ўвасабленне фантастычнай на першы погляд ідэі. У выніку горад пад вадою быў пабудаваны... І нават кансерватыўны перастрахоўшчык-губернатар з часам прыкіпеў да новай і нечаканай будоўлі. Болей таго... Здарылася прыродная катастрофа. На Зямлю прыляцеў вялізны астэроід. І ўпаў ён у Ціхі акіян прыкладна за трыста кіламетраў ад усходняга берага Камчаткі. Яшчэ напярэдадні катастрофы жыхары Светламорска перабраліся ў падводны горад. Як толькі астэроід упаў у акіян, трыццаціметровыя хвалі змылі ўсё жывое на сваім шляху. Хто паспеў перабрацца ў падводны горад, застаўся жывым: хвалі прайшліся па паверхні...
У невялікай аповесці закладзена шмат розных ідэй. І хоць аўтар піша пра іх лаканічна альбо абазначае толькі штрыхамі, «Горад пад вадой» прымушае шмат пра што задумацца. І пра кансерватызм мыслення, пра тое, наколькі пачуццё страху («як бы чаго не выйшла») становіцца перашкодай для ўкаранення навуковых навацый, і пра праблемы экалагічнага характару, і пра тое, як шмат залежыць ад розуму і маральнасці ў адміністрыраванні. Тым жа і цікавыя мастацкія творы, што прымушаюць думаць і спрачацца.
Кастусь ЛЕШНІЦА