Дзве кнігі трылогіі «Брэсцкія вароты» і «Бог не гуляе ў косці» таксама пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». У цэнтры ўвагі аўтара — тры гарады: Брэст, Беласток, Гродна; тры арміі: чацвёртая, дзясятая і трэцяя. Пісьменнік імкнецца дайсці да ісціны, перанесці чытача ў першыя хвіліны вайны і сарваць рамантычны флёр, нададзены гэтым страшэнным падзеям дзеля ўтойвання сапраўдных пачуццяў насельніцтва, дзе гераізм і адвага былі зусім не першымі...
Раман «Лес прастрэленых касак» прысвечаны гораду Гродна і 3-й арміі Заходняга фронту, якая сыграла важную ролю ў пачатковым этапе вайны. Батальныя эпізоды, звязаныя з абаронай Гродна, захопам фартыфікацыйнага падзямелля «Лагер дажджавога чарвяка», дапаўняюцца лірычнымі гісторыямі вайскоўцаў і мірных жыхароў.
У цэнтры апавядання — лёсы генерала Кузняцова, генерал-лейтэнанта Карбышава, капітана Шыбарскага, лейтэнанта Пустэльгі, лейтэнанта Берэста, капітана Няўстроева, маёра Глазунова і іншых герояў, якія абаранялі радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раман «Лес прастрэленых касак» — гэта не проста чарговая мастацкая гісторыя пра вайну, а спалучэнне дакументальных фактаў і мастацкага асэнсавання падзей праз пачуцці рэальных і выдуманых герояў.
Аўтар праходзіцца па асноўных трагічных этапах адступлення і наступлення Чырвонай Арміі: Шылавіцкі лес, Беластоцкі выступ, аперацыі «Баграціён» і «Дафна», захоп Рэйстага.
На аснове афіцыйных гістарычных дакументаў, архіўных даных і асабістых запісаў сведкаў Мікалай Чаркашын стварае напружаную атмасферу пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі ў кнізе разгортваюцца ў чэрвені 1941 года. Застаюцца лічаныя дні да нападу нямецкіх войскаў. Напружанне лунае ў паветры, аднак мірнае насельніцва спакойнае — жахлівыя навіны з-за мяжы не могуць супрацьстаяць аўтарытэту Чырвонай Арміі. І толькі вайскоўцы кожны дзень да болю ў вачах углядаюцца ў таямнічую цемру прыгранічнай паласы.
Немцы ўсё бліжэй. Яны падцягваюць сілы. Аднак Масква не дае ніякіх указанняў. Да першых выбухаў фашысцкіх бомбаў людзі спадзяюцца на мір ці хуткую перамогу савецкай арміі. Але доўгачаканая перамога прыйдзе толькі ў маі 1945-га, а пакуль штодзённыя баі прыносяць толькі страты, боль і хаос.
З дакладнасцю вайскоўца пісьменнік распавядае пра абарончыя і наступальныя аперацыі, аналізуе дзеянні савецкай арміі і Трэцяга рэйха. Для ўсіх, хто цікавіцца гэтым гістарычным перыядам, ці для тых, хто не вельмі арыентуецца ў датах, падзеях і асобах, у рамане размешчаны невялікія фрагменты «Даведка гісторыка», «З дзённіка», «Адказы ў канцы задачніка», якія дапамагаюць чытачу не заблытацца ў вялікай колькасці фактаў.
Складаныя вайсковыя стратэгіі, ваенная тэрміналогія і дынаміка адлюстраваных падзей пераплятаюцца з лірычнымі гісторыямі звычайных людзей, не падрыхтаваных да цяжкіх умоў вайны. Галоўнымі героямі другога плана сталі члены сям’і маёра Глазунова (жонка Галіна, дочкі Оля і Эля) і капітана Шыбарскага (жонка Анфіса, дачка Рая і сын Юра). Кагосьці на доўгія гады разлучыла вайна, хтосьці прайшоў пекла лагера для ваеннапалонных. Для ўсіх гэты перыяд стаў цяжкім выпрабаваннем сілы духу і ўстойлівасці. Не абышлося і без гісторыі кахання — як напамін, што нават у самы цёмны час ёсць месца для радасці і надзеі. У рамане іх нават не адна, а тры.
Спалучаючы дакументалізм з лірыкай, аўтар надае вялікую ўвагу эмацыянальнаму апісанню ваенных дзеянняў ва ўспрыманні галоўных герояў. Ад атмасферы поўнай безвыходнасці — «Неба было цалкам спярэшчана чорнымі свастыкамі. Здавалася, на самым сонцы быў выцягнуты чорны разлапісты крыж» — да пробліскаў веры і аптымізму — «Калі ўсё навокал разлятаецца ўшчэнт, гарыць і гіне, будаваць — гэта значыць кідаць выклік вайне, яе разрусе, яе чорнаму тленню...», «Там было пекла. Там паўставалі з ракі чорныя ад тарфянога глею слупы вады, там узляталі ў неба кусты выкінутай выбухамі зямлі, там уздымаліся густыя дымы падпаленых грузавікоў, там моцна парыў пакінуты на станцыі паравоз з прабітым сухапарнікам. Тут жа па абодва бакі грунтоўкі пакуль яшчэ ціхамірна зелянелі палі, у гнёздах на шастах і пячных трубах стаялі буслы, трывожна азіраючы наваколле. Больш за ўсё абнадзейвалі Шыбарскага менавіта гэтыя вялізныя птушкі, якія не хацелі адлятаць. „Калі буслы ў гнёздах, значыць, усё будзе добра...“ — казаў ён сам сабе».
Мікалай Чаркашын спрабуе адысці ад класічнага ўвасаблення вайны і перамогі, калі персанажы жывуць толькі пачуццём абавязку перад радзімай і нічым не падмацаваным гераізмам. Яго героі — простыя людзі. Яны баяцца, бягуць ад небяспекі, хаваюцца ад куль, скардзяцца на бяздзейнасць высокага кіраўніцтва, спрабуюць дамовіцца з ворагам і не здрадзіць радзіме. Адна з самых паказальных гісторый у рамане — жыццёвы шлях лейтэнанта Берэста, які разам з саслужыўцамі ўзняў савецкі сцяг над Рэйхстагам. Гісторыю іх подзвігу перапісалі дзеля большай прыгажосці і найлепшага адлюстравання гераізму Чырвонай Арміі. І толькі героі гэтых эпахальных падзей капітан Няўстроеў, лейтэнант Берэст, сяржант Ягораў і малодшы сяржант Кантарыя наступным пакаленням перадавалі сапраўдную, не ўпрыгожаную.
«Лес прастрэленых касак» падыходзіць шырокаму колу чытачоў ад 16 гадоў. Напярэдадні вялікага свята — Дня Перамогі — раман дапаможа паглыбіцца ў атмасферу былой эпохі і дакрануцца да подзвігу нашага народа.