Top.Mail.Ru

Postscriptum «Арт-Беларусь»: чые работы можна пабачыць?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
27.05.2025 | 07:00

Тыдзень таму ў галерэі «Арт-Беларусь» прайшлі адкрыццё выстаўкі твораў пераможцаў фестывалю «Арт-Мінск» і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых аўтараў. Нагадаем, іх выбіралі гледачы выстаўкі, якая доўжылася больш як месяц. У новую экспазіцыю пад традыцыйнай для маштабнага праекта назвай «Postscriptum» увайшлі работы некалькіх дзясяткаў мастакоў, у тым ліку экспануюцца тыя напрацоўкі, з якімі публіка пазнаёміцца яшчэ не паспела. 


Куратарамі выстаўкі «Postscriptum», што дзейнічае зусім мала — да 1 чэрвеня, выступаюць Аляксандр Зінкевіч і Кацярына Янкоўская, якія звычайна і працуюць над стварэннем «Арт-Мінска» ў Палацы мастацтва. Яны традыцыйна падвялі вынікі маштабнага праекта і павіншавалі пераможцаў у адпаведных намінацыях, а таксама ўладальніка Гран-пры — ім стаў Аляксандр Некрашэвіч. Мастак часта выступае са сваімі работамі ў розных фестывалях і конкурсах, апошнім часам — з карцінамі, аднак у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ён вучыўся на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, таму ўплыў яго моцна адчуваецца і ў станковым жывапісе. Творы аўтара неаднаразова атрымлівалі высокую ацэнку ў рамках асобных праектаў, між тым апошнім часам асаблівая ўвага прафесіяналаў і публікі была накіравана на работы, аб’яднаныя вобразам папяровага самалёта: надзвычай яркі і стракаты, складзены з рэпрадукцый класічных карцін, ён, як правіла, урэзваецца ў шэрую штодзённасць, нічым не прыкметнае жыццё без мастацтва, выяўленае праз прыродны пейзаж, выкананы ў змрочных тонах. Гэта ўжо тэндэнцыя — штогод публіка прагне квяцістасці, імкнецца да таго, каб выяўленчае мастацтва аздобіла яе рэчаіснасць. Звычайна большасць наведвальнікаў «Арт-Мінска» выбірала суцэльную казку надзвычай папулярнага жывапісца Алесі Скарабагатай (сёлета яна не здабыла трыумф), але гэтым разам спынілася на сусвеце кантрастаў Аляксандра Некрашэвіча, які, між іншым, схільны разважаць пра сур’ёзнае з гумарам. Да гэтага глядач, безумоўна, таксама неабыякавы. 

12_19 (1).jpg

Аляксандр Некрашэвіч «Air Battle», 2025 г. 

У намінацыі «Жывапіс» перамогу атрымалі Таццяна Чарных, Алеся Скарабагатая, Ганна Садоўская, Эльміра Мухтарава і Алесь Багданаў. Найлепшымі графікамі былі названыя Аляксандра Адамовіч, Юлія Давыдава, Фёдар Шурмялёў, Надзея Барай і Паліна Сухадольская. 

Скульптары, творы якіх прыйшліся даспадобы публіцы, — Андрэй Асташоў, Валерыя Бірала і Арцём Мядзведзеў, Раман Кавальчук, Аляксандр Шаппо і Павел Малаткоў. Найбольш цікавыя майстры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, згодна з выбарам гледачоў «Арт-Мінска», — Анастасія Чадзій, Юлія Цярэшка, Уладзімір Гормаш, Паліна Белая і Уладзіслаў Мялешчанка. Пераможцамі ў намінацыі «Інсталяцыя і арт-аб’ект» сталі Уладзіслаў Хацкевіч, Кацярына Афоніна, Ірына Рамбальская, Вольга Якаўлева, а таксама Inshiya. Што датычыцца майстэрства фатаграфіі і лічбавага мастацтва, то найлепшымі прадстаўнікамі кірунку сталі Graph Calligraph, Генадзь Дук, Алеся Максіменка, Ксенія Лакотка, Марыя Буйніцкая. 

12_19_а.jpg

Эльміра Мухтарава «У туман», 2025 г. 

Тым часам спецыяльны прыз журы пры падтрымцы анлайн-платформы artcenter. by атрымалі Уладзімір Зінкевіч, Ганна Мельнікава і Аляксандр Трускоўскі. Дыпломам куратара адзначаны Сяргей Ашуха, Аляксандр Барташэвіч, Марына Казак, Андрэй Пяткевіч, Эдуард Куфко, Андрэй Клюйко, Аляксандр Шаппо, Вадзім Мацкевіч, Алесь Багданаў, Усевалад Швайба, Ілья Гічан і Міша Дайліда. Прызы ад партнёраў праекта таксама ўручаны Юрыю Сяргейчыку, Наталлі Шапавалавай ды іншым мастакам. 

Экспазіцыя «Postscriptum» атрымалася, як і заўсёды чакана, даволі неаднастайнай. Яе каштоўнасць — у дэманстрацыі таго, што цэніць публіка ў сучасным мастацтве: творчая справаздача сучасных беларускіх аўтараў становіцца і справаздачай гледача аб яго густах, своеасаблівым экзаменам. Ці вытрымаў той яго? І хто ўпаўнаважаны ацэньваць узровень гэтых ведаў? Пытанні, зразумела, дыскусійныя, недзе нават рытарычныя... Аднак жаданне атрымаць адказы на іх час ад часу ўзнікае, а прапанаваць іх могуць, вядома, мастацтвазнаўцы, арт-крытыкі, галерэйшчыкі і музейшчыкі. Тым не менш нельга адбіраць гэтае права — прапанаваць сваё бачанне, даць ацэнку становішчу спраў — і ў кожнага здольнага бачыць і адчуваць, думаць і аналізаваць. То запрашаем! 

12_19 (3).jpg

Вольга Якаўлева «Прадоўжанка», 2025 г. 


Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю