Top.Mail.Ru

Полымя ваенных гадоў вачыма сведкаў

Аўтар: Яўгенія Шыцька
21.05.2025 | 07:00

Графіка Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча, Георгія Паплаўскага, Лазара Рана, Людвіга Асецкага, Мікалая Гуціева, Паўла Любамудрава, Пятра Дурчына ды іншых славутых мастакоў склала выстаўку «У полымі ваенных гадоў», што адкрылася напярэдадні Дня Перамогі ў галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Работы з фонду Беларускага саюза мастакоў аб’яднаныя ваеннай тэматыкай, толькі некаторыя прысвечаны пасляваенным старонкам жыцця беларусаў. Аўтары — сведкі Вялікай Айчыннай: хтосьці з іх быў на фронце, нехта змагаўся з ворагам у партызанскіх атрадах, іншыя былі вымушаны існаваць ва ўмовах акупацыі і эвакуацыі. Да таго ж экспануюцца творы тых, хто зазнаў вайну дзіцем. 


Больш за 40 прадстаўленых твораў выкананы ў прамежку паміж 1940-м і 1980-м. Многае было ўключана аўтарамі ў адмысловыя серыі, іх, між іншым, вымагалі жыццё і час, аднак кожная работа — даніна павагі і памяці абаронцам і пераможцам, тым, хто загінуў у ваеннае ліхалецце, і тым, хто здолеў выжыць у гэтыя цяжкія гадзіны. А выстаўка «У полымі ваенных гадоў», у сваю чаргу, услаўляе талент мастакоў, якія выстаялі, а пасля знайшлі сілы адлюстраваць убачанае і пачутае. 

13_18_001.jpg

Юрый Зайцаў «Смутак» (з серыі «Хатынь»).

Што датычыцца гледача, то яму, безумоўна, добра знаёмыя творы з праграмных серый славутых беларускіх мастакоў. Сярод іх — «Памяці вогненных вёсак» Васіля Шаранговіча: за працу над аўталітаграфіямі ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Вывучэнне гэтай графікі — нагода пазнаёміцца ці перачытаць кнігі Антона Бялевіча «Споведзь сэрца» (мастак працаваў над афармленнем) і Алеся Адамовiча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калеснiка «Я з вогненнай вёскi...» (значна паўплывала на аўтара). 

З ліку найважнейшых для беларускага мастацтва серый — «Мінскае гета» Лазара Рана (у экспазіцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы цыкл пазначаны чамусьці пад назвай «Фашысцкая акупацыя»). У гэтых, як і ў іншых работах пасляваеннага перыяду, выяўлены востры боль аўтара — асабістая трагедыя — Лазар Саулавіч падчас вайны страціў усю сваю сям’ю, аб чым даведаўся толькі пасля вызвалення Мінска, — і трагедыя народная... Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што ў гэтым прысвячэнні катастрофе, якое паўстае ў тым ліку праз па-майстэрску перададзеныя сюжэты і вобразы герояў, мастак адлюстраваў сваіх родных і блізкіх. Праўда гэта ці не, вызначыць, натуральна, немагчыма, тым не менш серыя «Мінскае гета» застаецца бясспрэчным помнікам супраціўлення смерці. 

Увайшлі ў выстаўку «У полымі ваенных гадоў» і асобныя работы і творы з серый «Партызаны» і «Блакада» Арлена Кашкурэвіча, што паказваюць розныя старонкі быцця чалавека на вайне. А яго «Ураджай вайны» і «Без звестак зніклым» 1978 года бачацца пасляслоўем праекта: іх аб’ядноўваюць вобразы сталых жанчын, зварот да якіх абумоўлены задумай аўтара — паказаць скалечаную і стомленую ад бясконцага кровапраліцця зямлю, расказаць пра жанчыну ў горы — маці, змушаную страціць сваіх сыноў і дачок, уславіць моц чалавека, якому даводзіцца існаваць з нясцерпным болем і будаваць новае жыццё. 

Цікавасць выклікае і менш вядомая публіцы спадчына беларускіх майстроў і не толькі. Так, сапраўдныя музейныя экспанаты — аўталітаграфіі «Савецкія войскі ў Германіі» і «Вулічны бой» — выкананы ў 1946 годзе маскоўскім мастаком, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам Багаткіным. Валянцін Ягораў, які ў свой час звязаў сваё жыццё з Гомельшчынай, нарадзіўся ў Ленінградзе, дзіцем перажыў блакаду, а ўспамінам пра тыя падзеі прысвяціў цыкл літаграфій «Блакадны дзённік» (у экспазіцыі — «На перадавую» 1985 года). 

У Беларусь пераехаў і ўраджэнец Барнаула Юрый Зайцаў, які стварыў серыю «Хатынь», прадстаўленую на выстаўцы работамі «Маці» і «Смутак» (год стварэння работ не пазначаны). Усяго адзін твор прэзентуе творчасць беларуса Анатоля Александровіча: афорт «23 чэрвеня. Першыя дні вайны» (1983) паказвае Мінск у агні і ахопленых жахам гараджан. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца выява будынка Вялікага тэатра — ён, нягледзячы на пагрозу поўнага разбурэння, захаваўся і стаў адным з сімвалаў беларускай сталіцы, што і падкрэсліў аўтар. 

Выстаўку «У полымі ваенных гадоў» можна наведаць да 29 чэрвеня. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю