Top.Mail.Ru

Пейзажы Юліі Кунды дэманструюцца ў Пружанах

14.10.2025 | 11:23
Калі прыходзіць натхненне…

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» праходзіць першая персанальная выстава мастачкі ў душы і юрыста па адукацыі Юліі Кунды. Аўтар выстаўляецца ўпершыню не з-за недахопу дастойных работ — працавітая мастачка стварыла нямала карцін. Як прызналася Юлія Кунда, яна вельмі патрабавальная да сябе і не спяшалася з вернісажам.

Жывапіс заўсёды з’яўляўся неад’емнай часткай жыцця Юліі. Нарадзілася яна ў Пружанах, а ў трохгадовым узросце дзяўчынка разам з сям’ёй пераехала ў паўночную частку Расіі (Пермскі край, пасёлак Керас). Маляўнічыя глухія лясы, сярод якіх знаходзіўся пасёлак, паходы на паляванне з бацькам — усё гэта яе яркія і цёплыя дзіцячыя ўспаміны. Пасля развалу Савецкага 

Саюза сям’я вярнулася на Радзіму ў вёску Шані. І зноў лес, возера, школьныя паходы... 

Маляваць будучай мастачцы падабалася і хацелася заўсёды — у школьныя гады дапамагала афармляць школьныя куткі, насценгазеты, стварала плакаты да свят. Але магчымасці наведваць мастацкую школу, на жаль, не было, таму пытанне аб паступленні ў навучальную ўстанову з мастацкай накіраванасцю нават не паўставала. Пайшла вучыцца на юрыдычную спецыяльнасць, а далей — юрыдычная практыка, якой Юлія Кунда займаецца ўжо амаль 20 гадоў; паралельна — сям’я (муж і двое дзяцей). Цяга да малявання нікуды не знікла, перыядычна мастачка-аматар бралася за пэндзаль і альбом.

На выстаўцы «Калі прыходзіць натхненне...» экспануецца 33 карціны Юліі. На палотнах — маляўнічае наваколле Пружан, вясковыя і прыродныя пейзажы. Усе карціны мастачкі напоўнены святлом і прымірэннем, дзіцячымі ўспамінамі і любаваннем роднай прыродай. Выстаўка радуе наведвальнікаў багатай палітрай і лірычным настроем.

— Я вельмі люблю прыроду. Многія не заўважаюць, якая прыгажосць нас акружае, затое для мастака гэта раздолле, — кажа Юлія.

Наведаць выстаўку Юліі Кунды можна да канца лістапада. Спяшайцеся дакрануцца да прыгожага!

Марына КАЎТУНЮК

Фота даслана аўтарам


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю