Да 18 студзеня ў арт-галерэі «Сфера» бібліятэкі № 18 ДУ «Цэнтралізаваная сістэма публічных бібліятэк г. Мінска» можна наведаць персанальную выстаўку беларускага жывапісца Алега Драбышэўскага «Водар Радзімы». Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін адзначаў, што пейзажы мастака адрозніваюцца творчай асаблівасцю — адлюстраваннем сімвалічнага і абагульненага вобраза роднай старонкі.
Спецыялісты, мастацтвазнаўцы характарызуюць яго творчасць як «прасветла-чыстае мастацтва», здольнае вяртаць да вытокаў і напаўняць сэрца любоўю да радзімы.
Творчая дзейнасць Алега Драбышэўскага вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Мастак актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Яго работы знаходзяцца ў музеях Беларусі і замежжа, а таксама ў прыватных калекцыях у розных краінах свету.
Мастак спрабуе не проста паказаць прыгажосць прыроды, а надаць ёй асаблівы філасофскі падтэкст, падштурхнуць чалавека да глыбокіх разважанняў. Работы Драбышэўскага напоўнены цішынёй, святлом і гармоніяй. Яны, як медытацыя, спрыяюць унутранаму супакою і аднаўленню духоўных сіл. У іх няма мітусні і шуму, толькі чыстая прастора, якая адкрывае гледачу магчымасць засяродзіцца на галоўным — на сувязі чалавека з прыродай і самім сабой. Тут няма драматычных кантрастаў і эмацыянальнай напружанасці, толькі гармонія і спакой, якія абуджаюць у чалавеку пачуццё душэўнай раўнавагі.
На выстаўцы «Водар Радзімы» прадстаўлены пейзажныя замалёўкі, прысвечаныя вёсцы, дзе мастак нарадзіўся і вырас, і гораду Мінску. Любоў да роднага краю, беларускай зямлі знайшлі сваё адлюстраванне на палотнах «Родны Астравец», «Палушанская зіма», «Раніца над Лошай», «Малінавы звон», «Затока», «Сонечнасць Траецкага», «Паўночныя Афіны Агінскага», «Час вясны», «Местачковая спадчына», «Над Нёманам», «Водар Радзімы» і іншых.
Паэты Т. Трафімава, З. Падліпская, А. Рудзь, В. Мілаш, А. Гаравенка, Г. Раманоўская, Т. Мазур, А. Харытонаў і іншыя прысвяцілі мастаку свае вершы.
Творам Алега Драбышэўскага ўласцівы дасканалая перадача колеравай гамы, мастацкае абагульненне, арыгінальнасць стылю — «аксаміцістасць», экспрэсія, рамантычны настрой. Работы мастака адрозніваюцца асаблівай лірычнасцю і эмацыянальнай насычанасцю, яны нібыта перадаюць настрой самой прыроды — яе цішыню, веліч і вечную прыгажосць. Творца ўмела спалучае рэалістычнасць з рамантычным абагульненнем, ствараючы пейзажы, што становяцца сімваламі духоўнага яднання чалавека і прыроды.
Жывапіс Алега Драбышэўскага вылучаецца тонкім адчуваннем колеру і святла. Мяккія пераходы, насычаныя адценні і далікатныя мазкі перадаюць не толькі вонкавую прыгажосць краявідаў, але і іх унутраную сутнасць. У гэтым — галоўная асаблівасць творчасці мастака: праз пейзаж ён адкрывае гледачу свет душы, свет памяці і свет надзеі.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА