Лізавета Пастушэнка нарадзілася ў 1982 годзе ў Мінску. Адукацыю атрымоўвала спачатку ў студыі выяўленчага мастацтва і дзіцячай мастацкай школе № 1 імя В. К. Цвіркі, затым у гімназіі-каледжы мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Графіка». З 2008 года з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў і выкладае ў акадэміі, пазней становіцца загадчыкам падрыхтоўчага аддзялення БДАМ.

«У думках пра былое, іншае», 2022 г.
Мастачка актыўна ўдзельнічае ў конкурсах і пленэрах, выставачных праектах і фестывалях рознага ўзроўню, займаецца афармленнем мастацкіх кніг і навучальных дапаможнікаў. Да ўсяго супрацоўнічае з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм»: у якасці мастака-пастаноўшчыка і мастака па фонах працавала над стварэннем розных анімацыйных фільмаў, сярод якіх — «Мемарыяльныя помнікі Беларусі. Прарыў» (2024).
«Лабірынты памяці» складаюць работы, напоўненыя алегорыямі і метафарамі.
Кожная паўстае прысвячэннем таемнасці нашага свету, яго багаццю і бясконцым адкрыццям, якія робіць чалавек на Зямлі, адлюстроўвае думкі Лізаветы Пастушэнкі пра мінулае і яе ўяўленні пра паралельны сусвет, які ўжо нарадзіўся ды існуе дзякуючы сюжэтам і вобразам графіка.
Зусім не імкнучыся шакіраваць гледача, аўтар спалучае ў сваіх творах тое, што звычайна не змяшчаецца ў рамках адной карціны. Так, у «Песні пра зубра» (2023), прысвечанай, натуральна, аднайменнай паэме Міколы Гусоўскага, Лізавета Пастушэнка звярнулася адначасова да вобразаў магутных жывёл і выяў архітэктурных помнікаў — цэлы шэраг замкаў і храмаў Беларусі, нібыта нехта стварыў мініяцюры гэтых будынкаў і паставіў на адной палічцы. У творы «Узыходжанне» (2019) мастачка супрацьпастаўляе ўзніманне анёлаў у начное неба прыземленасці чалавека, якая адлюстравана праз прыстанак мільёнаў людзей — каменныя джунглі. Адной з ключавых работ на выстаўцы можна лічыць «Змену часоў» (2023), дзе аўтар па-майстэрску візуалізавала абстрактнае паняцце, прапанаваўшы фантазію аб змене розных эпох (дарэчы, таксама выкарыстаўшы сюжэт з палётам, матыў якога, безумоўна, з’яўляецца пакуль для яе галоўным).

«Тулуза», 2022 г.
Лізавета Пастушэнка з выстаўкай «Лабірынты памяці» паўстае мастаком, для якога графіка — спосаб разважаць аб існым і, вядома, мысліць вобразамі. Яе творчасць не можа быць падставай для роздуму для тых, хто цэніць выключна актуальнасць у выяўленчым мастацтве. Зробленае ёй не ўразіць і частку публікі, засяроджаную на кідкасці і пазнавальнасці вобразаў і сюжэтаў. Хутчэй за ўсё застанецца абыякавым і той глядач, які прагне яркіх пачуццяў і чакае ўздзеяння на свой эмацыянальны стан. Перавага думак над усім іншым у творчасці мастачкі відавочная, пра што сведчаць нават прысвячэнні: «Блытаныя думкі» (2021), згодна з задумай, — чарада дзіўных птушачак, якія прымасціліся ў разгалістых кронах дрэў, і кожнай істоце, зразумела, уласцівы асаблівы настрой.
Яўгенія ШЫЦЬКА