Што ні кажы, але аматары мастацтва чакаюць, што іх уразяць. Мастакі ж ставяцца да гэтага па-рознаму: хтосьці адмаўляе такія чаканні, іншыя імкнуцца ўгадаць патрабаванні гледача, а некаторыя не цураюцца правакацый. Галоўнае ж — запомніцца, без гэтага поспех немагчымы... Самым рызыкоўным шляхам ідуць тыя, хто дамогся прызнання свайго таленту, аднак пачаў спрабаваць свае сілы ў іншым жанры, наважыўся эксперыментаваць са стылем.
Аляксей Кесел даволі вядомы ў асяроддзі моладзі мастак, гледача доўно зацікавілі яго творчыя спробы з колерам і формай, якія адлюстроўвалі пошукі ў розных кірунках. Працуючы ў жывапісе і графіцы, аўтар напісаў шмат работ: некаторыя ўяўляюць сабой рэалістычны малюнак рэчаіснасці, іншыя — цалкам абстрактныя, а недзе гэтыя віды мастацтва перасякаюцца. Відавочна, пошук уласнай мовы доўжыцца гадамі і можа наогул не скончыцца, аднак на сучасным этапе дзейнасці Аляксей Кесел звярнуўся да метаду, які дазволіў яму эксперыментаваць з паказам навакольнага свету, весці гаворку пра адвольныя вобразы і сімвалы, выказваючы свае думкі і пачуцці, і разам з гэтым не страчваць гледача, часта абыякавага да абстракцый, зацікавіць яго нетыповымі нацюрмортамі, пейзажамі. Работы ў гэтых жанрах створаны з дапамогай квадрацікаў — пікселяў. Такім чынам, мастак не збочыў са свайго шляху, але прапанаваў гледачу паглядзець на лічбавую выяву інакш.
На выстаўцы «Асяроддзе пражывання», якая працуе ў «Арт-Фабрыцы» да 20 кастрычніка, прадстаўлены якраз «піксельныя» выявы. Зварот да такога тыпу творчасці і дэманстрацыю зробленага ў мінскай галерэі Аляксей Кесел тлумачыць так: «Грані паміж рэальнасцю і ілюзіяй імкліва знікаюць. Машына ўсё лепш імітуе прыгажосць, карціну і нават пачуцці. Сёння трэба нанова вучыцца адрозніваць сучаснасць ад выдуманага для таго, каб атрымаць асалоду ад прыгажосці ў абноўленым асяроддзі пражывання».
Мастак, прапануючы даследаванне магчымасцей аб’яднання рыс жывапісу і лічбавай графікі, прымушае гледача паразважаць пра тое, наколькі паспяховым можа быць спалучэнне абстрактнага і фігуратыўнага, якія перспектывы мае гэты кірунак, і ці можна выяўленае ў творах такога кшталту падпарадкаваць незвычайнай або нават не зусім арыгінальнай ідэі.
Яўгенія ШЫЦЬКА