Top.Mail.Ru

Пераступіўшы парог Дома Валянціна Таўлая...

10.09.2025 | 14:00
Набліжаецца Дзень беларускага пісьменства. Лідскія пісьменнікі рыхтуюцца да сустрэч з аднадумцамі, гасцямі, прыхільнікамі мастацкага слова.

Установы культуры праводзяць на сваіх пляцоўках разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да маштабнага пісьменніцкага рэспубліканскага свята. Яно і зразумела: Лідчына багатая на творцаў! Амаль што кожны лідскі пісьменнік мае на сваёй паліцы ўласны зборнік твораў (і нават не адзін) або калектыўны. У чэрвені сябры-літаратары ўжо збіраліся разам, каб правесці прэзентацыю літаратурна-мастацкага зборніка «Ад лідскіх муроў», але толькі першай кнігі, у якую ўвайшлі паэзія і пераклады. І вось нядаўна літаратары зноў сустрэліся. 

У Доме Валянціна Таўлая адбылася прэзентацыя ўжо другой кнігі — зборніка «Ад лідскіх муроў» за 2022–2025 гады, у якую ўвайшла проза. Такога значнага па аб’ёме зборніка лідскія літаратары яшчэ не мелі! Калі сумясціць дзве часткі, то агульная колькасць старонак склала б 756. А пачынаўся збор твораў з 1998 года, калі выйшаў першы нумар зборніка «Ад лідскіх муроў» на 62 старонках. У зборніку друкуюцца як творы беларускіх аўтараў, так і пераклады з рускай і польскай. 

Акрамя раздзелаў «Проза» і «Паэзія» змяшчаюцца і такія, як «Пераклады», «Спадчына», «Літаратуразнаўства», «Літаратурнае жыццё», «Мемарыял», «Кнігапіс». У абодвух зборніках змешчаны творы вядомых пісьменнікаў: Віктара Праўдзіна, Уладзіміра Васько, Ірыны Багдановіч, Міхася Мельніка, Кастуся Якубчыка, Станіслава Судніка, Леаніда Лаўрэша, Алеся Хітруна, Ганны Рэлікоўскай, Ірыны Маркевіч, а таксама пераклады аповесці Веры Навіцкай. У выданні ўпершыню надрукавана аповесць «Бура» Ніны Тарас.

Майстры слова падзяліліся сваімі думкамі, планамі, ідэямі аб далейшым пашырэнні літаратурнага руху на Лідчыне. Так, пры жыцці Валянціна Таўлая ў гэтым будынку збіраліся паэты-аднадумцы, якія чыталі вершы, водар гарбаты разыходзіўся па пакоях. Супрацоўнікі дома-музея стараюцца захоўваць гэтыя традыцыі: тут збіраюцца мясцовыя пісьменнікі. 

Разам з тым літаратары сталі сведкамі адкрыцця новай экспазіцыі «Пераступіўшы парог». Так, пераступаючы парог Дома-музея, наведвальнік цяпер будзе знаёміцца з жыццём і творчасцю беларускага паэта Валянціна Таўлая. Яшчэ ў далёкім 1946 годзе паэт змясціў матэрыял у газеце «Літаратура і мастацтва» пад такой жа назвай. У тэксце ён звяртаецца да чытачоў, дзеліцца планамі на будучае і знаёміць з раздзеламі падрыхтаванага ў друк зборніка «Шляхі і краты». В. Таўлай пазначае: «Закончыўшы працу над кнігай, я адчуваю сябе так, як быццам пераступіўшы парог з мінуўшчыны ў сучаснасць. Якія ж творчыя перспектывы адчыняюцца перада мной за гэтым парогам?»

  • У экспазіцыі можна пабачыць фотаздымкі, якія былі дасланы з розных архіваў і музеяў, бібліятэк. Між іншым, некаторыя дэманструюцца ўпершыню. Фатаграфіі акунаюць наведвальніка ў жыццё паэта — ад нараджэння да апошніх яго дзён. Усё жыццё Валянціна Таўлая — гэта барацьба за сацыяльную справядлівасць, за нацыянальную самасвядомасць. Свой шлях ён прайшоў нібыта па лязе нажа. А ўсё дзеля таго, каб народ выйшаў з прыгнёту, каб жыхар Беларусі называўся беларусам, каб свае каштоўнасці, свая нацыя, свая мова, якія былі закладзены яшчэ прадзедамі, не зніклі і засталіся для наступных пакаленняў. На выстаўцы прыхільнікі творчасці беларускага паэта змогуць пабачыць «Партрэт Валянціна Таўлая» лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава, а таксама мемарыяльныя прадметы: сцізорык, які падчас вайны (1943–1944 гг.) быў перададзены паэтам камісару партызанскага атрада Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Мікалаю Грабёнкіну; стыльную лінейку, якой карысталася жонка паэта Лідзія Казлоўская; фотаздымак, які перадала для захоўвання Клышко Ірына Мікалаеўна, хросная дачка роднай сястры паэта Ніны Паўлаўны Таўлай; і што важна, першую кнігу паэта «Выбранае», якая выйшла ў свет ужо пасля смерці аўтара, напрыканцы 1947 года. 

Прадстаўлены і рукапісы вершаў паэта. Адзін з іх — гэта спроба пяра, «Верабейкі». Ён быў напісаны ў 9-гадовым узросце, у 1923 годзе, калі будучы паэт вучыўся ў лідскай усеагульнай школе № 1 імя Тадэвуша Касцюшкі, якая размяшчалася за паўночнай сцяной Лідскага замка. Гэты твор цяпер даступны і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі — на тактыльнай карціне мастака Васіля Зянько, якую таксама можна пабачыць і памацаць рукамі. А 6 верасня каля Дома паэта будзе ўстаноўлена манументальна-дэкаратыўная скульптура (інклюзіўны арт-аб’ект) «Верабейкі» работы лідскага скульптара Рычарда Грушы таксама з азбукай Брайля. 

Праз стылізаваную інсталяцыю наведвальнік можа прасачыць лёс паэта — падпольшчыка, палітвязня, рэвалюцыянера. На стале — рукапісы, побач — краты і эскіз вокладкі зборніка пад назвай «Шляхі і краты». Ланцугі, пакладзеныя паверх рукапісаў вершаў, нібы ажываюць у радках паэта: «ланцугі на мне тады звінелі, — можа, й вершы ад таго звіняць». Копіі карцін беларускіх мастакоў (В. Сахненкі, В. Бутрыма, Р. Семашкевіча, У. Стальмашонка, С. Геруса, А. Карповіча і інш.) таксама знаёмяць з вобразам Валянціна Таўлая і перадаюць час, у які ён жыў. 

Трэба зазначыць, што і мемарыяльны пакой паэта таксама змяніўся. Такое адчуванне, што зараз ціха рыпнуць дзверы і ўвойдзе Валянцін Таўлай з жонкай Кірай Бранд. Ён адразу сядзе за стол і працягне шчыраваць над сваімі творамі, рыхтаваць чарговы матэрыял у лідскую газету «Уперад», а яна як гаспадыня возьме ў рукі свежы нумар газеты, выданні Якуба Коласа, Янкі Купалы і наталіцца творамі, звяжа рукавічкі для сястрычкі паэта Ніны... З’явіўся ў пакоі не толькі новы стол, але і піяніна. Па ўспамінах, паэт меў добры музычны слых. У Навагрудку ў яго было піяніна, і ён адным пальцам выстукваў знаёмыя мелодыі, у прыватнасці, «Кацюшу». 

У Санкт Пецярбургу жыве дачка паэта Галіна Валянцінаўна, якая час ад часу выходзіць на сувязь з супрацоўнікамі Дома-музея. Яго сястра Ніна Паўлаўна, якая жыве ў Літве, таксама дапамагае музейшчыкам у зборы інфармацыі, дасылае фотаздымкі, успаміны, радаводы. 

Ліда помніць свайго патрыёта. Ёсць вуліца імя Валянціна Таўлая, філіял раённай бібліятэкі Янкі Купалы па вуліцы Фурманава. А таксама дом, уякім паэт жыў. Варта туды завітаць! 

Пераступіўшы парог дома па вуліцы Замкавая, 7, адразу адчуеце дух паэта! 

Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея

Фота sb.by.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю