У межах святкавання Дня беларускага пісьменства Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа выступіў на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Коласаўцы паказалі спектакль «Дзеці. Вёрсты» —
дарогу жыцця ў сямі песнях паводле твораў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа неаднаразова паспяхова выступаў на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу са спектаклямі «Прызнанне» (2015), «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз...» (2015), «Калісь глядзеў на сонца я...» (2018), «Ваўкалак» паводле творчасці Я. Баршчэўскага (2022), «Гульня ў джын» Д. Л. Коўбэрна (2023).
Прэм’ера спектакля «Дзеці. Вёрсты» адбылася 20 і 22 лістапада 2022 года і была прысвечана 140-годдзю класіка беларускай літаратуры.
Унікальнасць спектакля — у пераасэнсаванні вобразаў з драматычнай паэмы «На дарозе жыцця» і трылогіі «На ростанях», у тым ліку з дапамогай сучасных мультымедыйных тэхналогій. Пастаноўка, насычаная глыбокімі роздумамі, народным гумарам, лірычнымі спевамі, паказвае жыццё як моцную сумесь трагічных і камічных эпізодаў. Выбраны і адпаведны жанр сцэнічнага твора — дарога жыцця ў сямі песнях. Менавіта на дарозе жыцця перасякаюцца шляхі Станцыйнага наглядчыка і Кабеты. У віхуры ўспамінаў яны аб’яднаны адным пытаннем: навошта жыць? Памяць адкрывае старонкі мінулага — адну за адной. Сям’я, пачуццё абавязку, немагчымасць зразумець бліжняга, любоў маці і сына, самалюбства... Класічныя героі разам з гледачамі шукаюць спосаб, як у кругавароце дзён захаваць нешматлікія імгненні шчасця.
Яшчэ адной значнай асаблівасцю спектакля з’яўляецца тое, што ад самага пачатку над ім працавала міжнародная творчая каманда. Драматург Арцём Казюханаў, рэжысёр-пастаноўшчык Інэс Амамі, кампазітар Павел Салдацікаў — з Расіі.
Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур і харэограф Сяргей Талкач — з Беларусі. Асэнсаванне класікі творцамі дзвюх краін адбылося паспяхова. Гэта пацвярджае высокая ацэнка спектакля галоўным захавальнікам фонду Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучкай Якуба Коласа Васілінай Міцкевіч, якая наведала прэм’еру. А таксама ўдзел у фестывалях. У 2023 годзе спектакль «Дзеці. Вёрсты» паказаны на XXXII Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», ХХVII Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» (Брэст, Беларусь).
У 2025 годзе ў расійскім Навашахцінску на IX Міжнародным тэатральным фестывалі «Любовь, что движет солнце и светила» пастаноўку ўзнагародзілі дыпломам «Прыз глядацкіх сімпатый». Выканаўца ролі Кабеты Раіса Грыбовіч уганаравана дыпломам імя народнага артыста СССР М. І. Бушнова «За лепшую жаночую ролю». Раіса Грыбовіч і Генадзь Гайдук, выканаўца ролі Станцыйнага наглядчыка, уладальнік медаля Францыска Скарыны, адзначаны таксама спецыяльнымі дыпломамі журы фестывалю «За высокую місію служэння тэатру».
Аляксандр ЗАМКОЎСКІ, вядучы рэдактар Нацыя-нальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
Фота аўтара