«Нягледзячы на адносную стабільнасць графічных камунікатыўных сродкаў, тым не менш ёсць падставы лічыць, што колькасць праблем пастаянна павялічваецца. Каб паспяхова вырашаць іх, неабходна берагчы і паважаць шрыфтавую культуру мінулага, развіваць і ўдасканальваць утылітарныя і мастацкія якасці сучасных шрыфтоў, ствараць перспектыўныя мадэлі новых графічных сродкаў», — пісаў у 1978 годзе ў сваёй кнізе «Асновы шрыфтавай графікі» знакаміты мастак-каліграф і педагог, руплівец на ніве айчыннага выяўленчага мастацтва Павел Семчанка, якога сёлета не стала.
Да Дня беларускага пісьменства прымеркавалі выстаўку твораў майстра ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Экспазіцыя мае назву «Melodia literarum», што ў перакладзе з лацінскай значыць «Мелодыя літар». Змест склалі шрыфтавыя кампазіцыі і каліграфічныя эксперыменты, створаныя тушшу і пяром на розных мовах.
— Мастак нарадзіўся ва Украіне, прыехаў у Беларусь і стаў беларусам, — расказвае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Чым больш праходзіла часу, тым больш ён размаўляў на беларускай мове. Калі я ўспамінаю Паўла Афанасьевіча, то найперш прыгадваю майстэрню: які ён быў шчаслівы, калі да яго прыходзілі, і з вялікім задавальненнем расказваў пра сям’ю, сяброў, вучняў і, вядома, каліграфію. У яго быў талент, унікальны дар. Ён умеў за нас радавацца, што б ні адбывалася ў жыцці.
Выкананыя за дзясяткі гадоў і прысвечаныя тэме кніжнай культуры краіны і свету работы, як адзначаюць арганізатары, дэманструюць прынцыпы нацыянальнага шрыфту і візуальную мелодыку старажытных і сучасных моў. Таму, відаць, і наспявае неабходнасць дэманстрацыі твораў Паўла Семчанкі ў выставачных прасторах, таму і памяць пра майстра жыве.
— Яшчэ ва ўніверсітэце яго зацікавіла мастацтва каліграфіі, ён вельмі доўга яго вывучаў, а пасля заканчэння вучобы пачаў выкладаць прадмет «Шрыфты і друкарня». Павел Семчанка вельмі любіў сваю работу і аддаваў ёй усяго сябе, яго любілі і паважалі студэнты, а ён — іх у адказ, хоць і быў строгім выкладчыкам... Мастак застаўся ў сэрцах паплечнікаў па мастацтве і шматлікіх вучняў, — упэўнены Якаў Ленсу, доктар мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчык кафедры тэорыі і практыкі камунікатыўнага дызайну факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У ліку каштоўнасцей выстаўкі «Melodia literarum» — першы новаскарынінскі шрыфт у аўтарскім выкананні, варыяцыі беларускага нацыянальнага алфавіта, шрыфтавыя кампазіцыі з цытатамі, прысвечаныя Аляксандру Пушкіну, Адаму Міцкевічу, Тарасу Шаўчэнку, Цётцы, Міколу Гусоўскаму ды многім іншым творцам. Пазнаёміцца з работамі можна да 16 лістапада.
Для даведкі
Павел Афанасьевіч Семчанка (1938–2025) — мастак-каліграф, прафесар. Уваходзіў у Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Нацыянальны саюз каліграфіі Расіі.
-
У 1970 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Пазней выкладаў там, а таксама ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
-
З 1976 года ўдзельнічаў у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных мастацкіх выстаўках.
-
Павел Семчанка вядомы як майстар каліграфічных кампазіцый і плаката. Працаваў у асноўным у тэхніцы востраканцовага пяра. Быў у ліку ініцыятараў творчага аб’яднання «ЛітАрт». Аўтар кніг «Асновы шрыфтавай графікі» (1978), «Мелодыі каліграфа» (1993), «Мелодыяграфія» (2008), «Perfice: Удасканальвайся. Совершенствуйся. Выказванні, думкі, развагі на лацінскай, беларускай і рускай мовах» (2018).
-
Мастак — уладальнік шэрага ўзнагарод, двойчы лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» (у 2000 і 2010 гадах). Творы аўтара знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Беларускага саюза мастакоў.