Дзе нарадзіўся і жыў
Усталяваны памятны знак праз дарогу, насупраць месца, дзе калісьці стаяў бацькоўскі дом пісьменніка. Адной з першых кветкі да яго ўсклала дачка творцы — Іна Булатава. Ганаровая госця з цеплынёй падзякавала жыхарам Гуткі і арганізатарам мерапрыемства за ўшанаванне памяці яе бацькі, распавяла, што памятаюць пра яго і ў Маларыце, дзе Сцяпан Крываль жыў і працаваў многія гады...
Самыя цёплыя ўспаміны пра пісьменніка захаваліся і ў яго пляменніка Уладзіміра Сенатара, які на адкрыццё прыехаў з Мінска. Ён прыгадвае сумесныя гутаркі, захоўвае ў сямейнай бібліятэцы кнігу з аўтографам. Бываючы ў Гутцы, Уладзімір Сенатар заўсёды спыняецца каля былога двара, дзе некалі стаяў бацькоўскі дом Сцяпана Крываля, дзе жыла яго маці, бабуля, дзядуля ды іншыя сваякі.
Бясспрэчна, прыемна было і Іне Булатавай апынуцца ў вёсцы, дзе нара-дзіўся і жыў яе бацька, дзе ствараў свае першыя творы. А пісаў іх ён пад бярозкамі і дубамі, якія раслі недалёка ад роднага двара.
Па яе словах, Сцяпан Крываль займаўся творчасцю на прыродзе, у лесе, жывучы і ў Маларыце. На ўскраіне горада ён нават усталяваў драўляны столік з лаўкай: тут бавіў вольны час, а разам з гэтым на лістах паперы з’яўляліся лірычныя і празаічныя творы.
Па творчым шляху
Што датычыцца першых літаратурных спроб Сцяпана Крываля, то яны зроблены яшчэ ў школьныя гады. Вядома, прыносілі радасць будучаму творцу, бо іх друкавалі на старонках раённай газеты. Падчас службы ў арміі яго вершы змяшчаліся ў дывізіённай газеце. А вось першае гумарыстычнае апавяданне «Рэвізор» было апублікавана ў брэсцкай абласной газеце «Заря» ў 1962 годзе, якое было адзначана прэміяй літаратурнага конкурсу.
Сцяпан Крываль шмат пісаў і актыўна друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Вожык», газетах «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена». Яго творы змешчаны ў калектыўных зборніках «Дзень паэзіі» (1977, 1981, 1983), «Перасветы» (1979).
Апавяданні, вершы, байкі часта гучалі на рэспубліканскім радыё. Апавяданне «Медаль за адвагу» (1985) было iнсцэніравана на тэлебачанні (1987). Сёння ў інтэрнэце можна паслухаць апавяданне «У даждлівую ноч»: чытае народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Запіс зроблены ў 1992 годзе.
У аснову многіх твораў Сцяпана Крываля пакладзены анекдатычныя жыццёвыя выпадкі. Якую б тэму ні браў, на першым плане — маральна-псіхалагічны стан чалавека, яго ўнутранае жыццё з усімі супярэчнасцямі і падзеямі, падчас жахлівымі і непрадказальнымі. Аўтар умела выкарыстоўваў багаты лексічны арсенал свайго палескага рэгіёна. Мова яго апавяданняў дасціпная, афарыстычная.
Плённая праца дала вынік. Так, у 1990 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў яго першы зборнік апавяданняў «Аднойчы летам». Тыраж па тым часе выдання быў нямалы — 11800 экзэмпляраў. Сцяпан Крываль недарэмна даў кніжцы такую назву. У ёй амаль у кожным з 14-ці апавяданняў ёсць слова «аднойчы».

Творы пераважна пра вясковае жыццё, каханне, лёс тых, каму давялося прайсці праз суровыя выпрабаванні ваенных гадоў. Тэма вайны цесна звязаная з яго роднымі. Так, бацька пісьменніка, старэйшыя брат Уладзімір і сястра Надзея ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі сувязнымі партызанскага атрада імя Баруцкага...
...А вось другога зборніка апавяданняў «Чмяліная вясна» пісьменнік, на жаль, не ўбачыў. Калі кніга рыхтавалася ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», 5 верасня 1996 года Сцяпан Антонавіч Крываль памёр. Зборнік так і не выйшаў.
Пахаваны пісьменнік у Маларыце на гарадскіх могілках.
Наталля ШЛЯЖКА
Фота аўтара
Дарэчы
Разам з літаратурнай дзейнасцю, Сцяпан Крываль яскрава паказаў сябе і ў журналістыцы. Пасля таго, як пераехаў у Маларыту, уладкаваўся на працу ў раённую газету «Сцяг Перамогі». Сцяпана Антонавіча назначылі адказным за раённае радыё. Акрамя гэтага, ён узначальваў літаратурнае аб’яднанне. Працаваў рэдактарам, старшым рэдактарам на Брэсцкай абласной тэлестудыі і абласным радыё, карэспандэнтам-арганізатарам Жабінкаўскага радыё, супрацоўнікам рэдакцыі талачынскай газеты «Сцяг Ільіча»...