Top.Mail.Ru

«Памінальную малітву» Рыгора Горына ў апрацоўцы Юрыя Пахомава паказалі ў РТБД

Аўтар: Лізавета Крупянькова
02.07.2025 | 07:00

Кожную прэм’еру Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі гледачы чакаюць з вялікім нецярпеннем. Не стаў выключэннем і спектакль «Памінальная малітва» ў апрацоўцы расійскага рэжысёра-пастаноўшчыка Юрыя Пахомава. Вядомая гісторыя, перанесеная ў беларускія рэаліі, набыла новыя філасофскія сэнсы і драматычны падтэкст.


Знакамітая п’еса Рыгора Горына ў інтэрпрэтацыі Юрыя Пахомава пачынаецца з такой гумарыстычнай і адначасова глыбокай прамовы: «У вёсцы Анатаўка здаўна жылі рускія, беларусы, украінцы і яўрэі. Жылі разам, працавалі разам, толькі паміраць хадзілі кожны на свае могілкі... Такі звычай!» «Беларуская» версія пастаноўкі не капіруе цалкам арыгінал, а напаўняе яго мясцовым каларытам і культурнымі асаблівасцямі. 

Для тых, хто не памятае сюжэта твора, нагадаем асноўныя падзеі. Пачатак ХХ стагоддзя. Краіна ахоплена хваляй народнага абурэння. Раскол грамадства ўсё мацней адчуваецца нават у маленькіх мястэчках. Галоўны герой — просты яўрэйскі малочнік Тэўе (ролю выконвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў), які абараняе культурныя традыцыі свайго народа і жадае ціхага шчасця сваім дочкам. Аднак жыццё распараджаецца інакш. Персанажам прыйдзецца сутыкнуцца з цяжкім выбарам паміж традыцыямі роду і ўласнымі жаданнямі, з сацыяльнай несправядлівасцю і шчырай узаемадапамогай у складаны час.

Недасведчаны чытач можа падумаць, што гэта класічная трагікамедыя, заснаваная на гумарыстычным непаразуменні і гіпербалізацыі. Аднак гэтаму адпавядае толькі першая частка пастаноўкі, якая ўводзіць гледача ў кантэкст і знаёміць з характарамі персанажаў. Другая ж напоўнена сапраўдным драматызмам, таму за ўвесь час глядач можа адчуць багаты спектр эмоцый: ад нястрымнай весялосці да горкага смутку.

У інтэрпрэтацыі Юрыя Пахомава «Памінальная малітва» на сцэне РТБД стварае своеасаблівы мастацкі мост паміж рознымі культурамі — яўрэйскай, беларускай і агульначалавечай. На фоне маштабных падзей разгортваецца ўніверсальная гісторыя чалавека. Юрый Пахомаў робіць акцэнт на ўнутранай стойкасці герояў, іх здольнасці пераносіць трагічныя сітуацыі і будаваць новае жыццё на руінах мінулага.

Філасофскай глыбіні характарам персанажаў, безумоўна, надае ігра акцёраў. Тэўе ў выкананні Валянціна Салаўёва паўстае жывой, супярэчлівай і праўдзівай асобай, перад якой стаіць выбар паміж прыязнасцю да традыцый і неабходнасцю прыняць перамены. Ён не проста вясковы мужык, а вельмі трагічная фігура — муж, бацька, сусед, які паступова страчвае ўсё звыклае, але захоўвае ў сэрцы дабрыню і чалавечую годнасць.

У беларускамоўнай інтэрпрэтацыі зусім іншую ролю выконваюць другасныя персанажы. Яны не проста раскрываюць характары галоўных герояў. Іх думкі, пачуцці і лёсы апісваюць складаны час, у якім развіваюцца падзеі. Іх галасы ўзмацняюць эмацыянальнае гучанне спектакля, адлюстроўваючы развіццё гісторыі праз лёсы «малых» людзей.

13_24_В.jpg

Характэрная для амаль усіх пастановак Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адсутнасць вялікай колькасці дэкарацый толькі падкрэслівае псіхлагічную глыбіню п’есы і дае акцёрам прастору для цікавых творчых рашэнняў. Галоўны сімвал спектакля — дом, які можна ўбачыць у розных варыяцыях. У цэнтры дзеяння знаходзіцца дуб, які аб’ядноўвае філасофію розных культур агульным сэнсам — алегорыяй сям’і і роду.

Пасля спектакля павінен прайсці нейкі час, перш чым можна будзе асэнсаваць эмоцыі і пачуцці. Такое яркае і глыбокае мастацтва патрабуе цішыні, калі толькі пасля апладысментаў нараджаецца разуменне таго, што ты перажыў.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота з сайта РТБД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю