Top.Mail.Ru

Паэтычная азбука дапамагае арыентавацца ў складаных сітуацыях

Аўтар: Лізавета Крупянькова
27.01.2026 | 11:00
Бяспека ад А да Я

Новая кніга вядомага беларускага паэта, перакладчыка, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Пазнякова «Азбука бяспекі ў вершах і загадках» напісана з клопатам пра дзяцей. У лёгкіх рытмічных радках паэт тлумачыць, як паводзіць сябе на вуліцы і дома, каля вады і дарогі, у горадзе ці ў лесе.

Кніга выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» і арыентавана на дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Асновы бяспекі жыццядзейнасці выкладаюцца ў кожнай навучальнай установе, але не ўсе дзеці ставяцца да гэтых заняткаў сур’ёзна. І тут няма іх віны, бо клапаціцца пра бяспеку — абавязак дарослых. Аднак, на жаль, не ўсё можна пракантраляваць, таму кожны чалавек, нават маленькі, павінен ведаць асноўныя правілы. Кніга Міхаіла Пазнякова «Азбука бяспекі ў вершах і загадках» падае складаную інфармацыю ў лёгкай вершаванай форме, што значна спрашчае працэс навучання і робіць яго цікавым для самых юных чытачоў. 

Выданне складаецца з трох частак: «Азбука бяспекі», «Загадкі на тэму бяспекі» і «Правілы бяспекі». У першым раздзеле на кожную літару рускага алфавіта чытач знойдзе цікавую і карысную інфармацыю пра небяспечныя сітуацыі і спосабы іх вырашэння. Такі алфавітны прынцып дапамагае замацаваць веды, пашырае слоўнікавы запас.

Дым и вреден, и опасен

При пожаре каждый раз.

И особенно ужасен,

Если в нём — угарный газ.

Раздзел «Загадкі на тэму бяспекі» замацоўвае атрыманыя ў папярэдняй частцы веды і ў гульнявой форме дапамагае дзецям лепш зразумець, чаму важна быць уважлівымі і асцярожнымі. Загадкі таксама размешчаны ў алфавітным парадку, каб маленькім чытачам было лягчэй арыентавацца. Такі падыход не толькі развівае логіку і памяць, але і робіць працэс навучання больш займальным. Правільныя адказы размешчаны ў канцы раздзела.

Весь в рубашке ярко-красной,

В ситуации опасной

Службу добрую сослужит — 

Возгорание потушит.

Апошні раздзел падзелены на тры тэматычныя часткі: «Дом», «Вуліца. Прырода», «Тэлефоны службаў бяспекі». Пісьменнік надае асаблівую ўвагу сітуацыям, з якімі дзеці пастаянна сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці: сустрэчы з незнаёмцамі, карыстанне электрапрыборамі, паводзіны падчас небяспечных прыродных з’яў, правілы бяспекі ў транспарце і падчас адпачынку на прыродзе. У вершах няма запалохвання і празмернай суровасці — наадварот, яны пабудаваны на даверы, мяккім тлумачэнні і з павагай да дзіцячай дапытлівасці. Праз яркія вобразы і дынамічны рытм пісьменнік дапамагае дзецям запомніць, як дзейнічаць у складаных і небяспечных сітуацыях, не страчваючы спакою.

Если в доме пахнет газом,

То плиту проверьте сразу.

Ничего не зажигайте

И приборы не включайте.

Быстро окна отворите,

104 — наберите.

Кніга падыходзіць і для калектыўнага чытання ў групе ці ў класе. Выданне стане карысным дапаможнікам для бацькоў і настаўнікаў, які можна чытаць разам з дзецьмі, абмяркоўваючы кожную сітуацыю і разгадваючы загадкі. Кніга спалучае прыгожае мастацкае слова і практычную карысць, робячы навучанне лёгкім і цікавым. А яркія ілюстрацыі Кацярыны Плотнікавай дапамагаюць дзецям лепш уявіць апісаныя сітуацыі, робяць правілы больш зразумелымі і запамінальнымі. Малюнкі не толькі ўпрыгожваюць старонкі выдання, але і выступаюць візуальным падмацаваннем да вершаў, акцэнтуючы ўвагу на самых важных момантах.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю