Top.Mail.Ru

Па выніках XIX Міжнароднага пленэру па кераміцы «Арт-Жыжаль — 2025»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
28.10.2025 | 14:00
Выпрабаванне агнём

Нядаўна ў мінскага гледача была магчымасць у чарговы раз ацаніць творчыя здзяйсненні Валерыя Калтыгіна: выстаўка «Чалавек у кераміцы» ў арт-гасцёўні «Высокае мѣста» прадстаўляла работы, выкананыя ім і сынам Максімам. Цяпер жа натхняльнік і кіраўнік славутага пленэру «Арт-Жыжаль» пазнаёміў усіх з вынікамі сёлетніх выязных заняткаў майстроў у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. 

Аднак спачатку выстаўку «Мастацтва жывога агню» паказалі ў Бабруйскім мастацкім музеі, які нароўні з Беларускім саюзам мастакоў, Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам, Бабруйскім гарадскім выканаўчым камітэтам стаў яе арганізатарам. Пленэр «Арт-Жыжаль» з 2003 года збірае мастакоў-керамістаў і скульптараў з розных краін свету і з таго часу стаў брэндам горада. Сёлета на базу адпачынку «Вербкі» прыехалі прадстаўнікі гэтага віду мастацтва з Беларусі, Расіі, Казахстана, Малдовы, Егіпта і Турцыі. Экспазіцыю склалі скульптуры і арт-аб’екты, створаныя на працягу трох ліпеньскіх тыдняў Махамедам Элабдам Алі Халілам, Дар’яй Арочкай, Іванам Арцімовічам, Вольгай Валавай, Андрэем Вараб’ёвым, Анастасіяй Гумінскай, Валянцінай Іваньковай, Індзірай Узбекавай, Валерыем Калтыгіным, Максімам Калтыгіным, Сяргеем Каралёвым, Юрыем Малыгіным, Ганнай Марамыгінай, Валерыем Марчуком, Тамарай Перапёлкінай, Аляксандрам Перліным, Вольгай Сямашка, Магедам Закі Хасанам, Яўгенам Чэўдарам, Анастасіяй Швець і Святланай Шугждай. Многія з мастакоў — сталыя ўдзельнікі знакамітых заняткаў на прыродзе, некаторыя наведаліся сюды ўпершыню. 

А спецыфіка пленэру па кераміцы якраз і зводзіцца да калектыўнай дзейнасці, бо праца над творамі патрабуе значных высілкаў, напрыклад, у сумесных работах па падрыхтоўцы печаў і правядзенні штодзённых абпалаў. 

  • Выбраная тэма пленэру 2025 года — «Культура і мастацтва ў вобразах і сімвалах». На выніковай выстаўцы экспануецца больш за 50 керамічных вырабаў, якія аўтары прысвяцілі гісторыі і нацыянальным асаблівасцям сваіх краін. Некаторым падступіцца да тэмы дапамог традыцыйны падыход, хтосьці на культурную спадчыну паглядзеў праз прызму сучаснасці, іншыя ж засяродзіліся на абстракцыях. 

Арганізатар пленэру Валерый Калтыгін гэтым разам прадставіў «Агнявую скульптуру». Гэта цэнтральная работа выстаўкі, праз яе знакаміты кераміст звярнуўся да абагульненага вобраза прыгажуні-бабруйчанкі. Хоць на яе знешні выгляд па традыцыі паўплывалі ўсе ўдзельнікі свята: прывітанні ад некаторых гледачу будзе няцяжка знайсці. Аб’яднальным выступае таксама «Арт-Жыжаль. Кожны на сваёй хвалі, і ўсе 

ў адной плыні» — так Вольга Валава выказала любоў і павагу да сяброў і паплечнікаў, да вялікай справы. А Максім Калтыгін тым часам прапанаваў работы «Не чуць, не бачыць, не казаць» і «Начная кветка», у якіх выяўлены яго фармальныя пошукі. 

Сёлетнюю выстаўку ўпрыгожылі творы старшыні секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Івана Арцімовіча. Яны пераканаўча сведчаць — спалучэнне розных прыёмаў скульптуры і керамікі можа быць надзвычай удалым. У экспазіцыі — «Узыход месяца», «Сустрэча», «Раніца», «Успаміны», і бачна, што за ажыццяўленне ідэй з дапамогай не самага звыклага для сябе матэрыялу мастак узяўся ўмела, з душой падышоў да працэсу. Гэта вынікае са звароту да абсалютна розных вобразаў, сімвалаў і матываў, з імкнення эксперыментаваць з формай і зместам на новай творчай ніве. Дасягненнем Івана Арцімовіча можна лічыць і тое, што вырабы, быццам прасякнутыя паэзіяй, поўныя хараства, таму добра зразумелыя гледачу, ён паспяхова пазбаўляе звыклай у падобных выпадках пасрэднасці. 

Яшчэ адзін знакаміты скульптар, які паўдзельнічаў у пленэры і прапанаваў для выстаўкі работы «Аўтапартрэт-піраміда» і «Малая радзіма», — Андрэй Вараб’ёў. Аўтар з пазнавальным стылем, дасціпны мастак, ён заўсёды цікавы сваім бачаннем рэальнасці, яе адлюстраваннем у скульптуры і кераміцы. І гэтым разам Андрэй Вараб’ёў падышоў да тэмы з лёгкім гумарам, аднак гэта не перашкаджае ўспрымаць керамічныя кампазіцыі як увасабленне роздумаў пра сябе ў вялікім свеце, пра родны кут — частку свайго быцця, пра канечнасць чалавечага існавання. 

Ключавым вобразам выстаўкі стаў Месяц, таму часта гучыць начны матыў. Юрый Малыгін у рабоце «Поўня» паказаў асаблівую яго фазу, засяродзіўшыся на рэзкай розніцы ў колеры; Вольга Сямашка настаяла на сваім бачанні спадарожніка Зямлі ў гэты час («Мая поўня»); Яўген Чэўдар прадставіў «Адваротны бок месяца» ў дэталях, а яшчэ дапусціў магчымасць яго знікнення ў творы «Зямля страціла месяц»... Гэты дзівосны вобраз часта дапамагае мастакам дзяліцца думкамі пра чарговы цыкл жыцця. Керамістам гэтыя роздумы ўласцівы, магчыма, нават у большай ступені, чым іншым творцам: яны працуюць з прыродным матэрыялам, пластычным, падатлівым у іх руках. (А да гэтага моманту гліна існуе ў зусім іншых умовах, утварыўшыся, між іншым, пасля распаду і выветрывання горных парод на драбнюткія часцінкі. Такі працэс з’яўляецца апошнім этапам іх дэградацыі...) І пасля чалавек выпрабоўвае гліну агнём, ператвараючы ў кераміку падчас абпалу. І калі не будзе дапушчана памылак, а яшчэ калі ў працэсе скарыстаць іншыя матэрыялы, вынік задаволіць і аўтара, і публіку. Відавочная неглыбокая выснова — творам мастацтва завяршаецца толькі чарговы цыкл існавання гліны, ніхто не ведае яго будучыню. Ва ўдзельнікаў пленэру па кераміцы «Арт-Жыжаль» яна прадвызначана — карпатлівая праца і, калі лёс таго пажадае, сустрэча з сябрамі пад Бабруйскам праз два гады. 

Выстаўка «Мастацтва жывога агню» будзе працаваць у галерэі Міхаіла Савіцкага да 9 лістапада. Мяркуецца, што далей праект убачаць жыхары і госці Магілёва. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю