Top.Mail.Ru

Новыя выданні вершаў Яўгеніі Янішчыц

21.01.2026 | 14:59
«Паэзія, — яна не знае тлену…»

Напрыканцы 2025 года ў Мадрыдзе ў выдавецтве «Visor Libros» выйшла анталогія паэзіі Яўгеніі Янішчыц на іспанскай мове з назваю «UN AVE INDOMITA» («Непрыручаная птушка»). Перакладчык — доктар філалагічных навук, прафесар Франсіска Руіс Сарыяна (Francesc Ruiz Soriano). Рэдактары — Дзіяна Бяляцкая і Кацярына Пятрова. Радасна, што выдавецтва «Visor Libros» зацікавілася творчасцю беларускай паэтэсы і ўзяло на сябе выдаткі па выданні кнігі. Але шкада, што выдавецтва адмовілася прыняць у друк анталогію двухмоўную.

Паважаны перакладчык даслаў у Беларусь пяць асобнікаў: Андрэю Янішчыцу, Яне Янішчыц, Дзіяне Бяляцкай, аўтару гэтых радкоў і для музея Яўгеніі Янішчыц. Сям’я Андрэя Сяргеевіча Янішчыца кнігай задаволена і выказвае падзяку Франсіску Руісу Сарыяну і ўсім, хто прымаў удзел у яе падрыхтоўцы. Сімвалічна, што бабуля і ўнучка сустрэліся на старонках гэтай кнігі. Ілюстрацыя Яны Янішчыц «Рака Ясельда» аздабляе вокладку. 

Яна Янішчыц, студэнтка мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, працуе ў розных тэхніках і жанрах, любіць эксперыментаваць з фактурамі, вобразамі, колерам. Прафесійныя якасці юнай мастачкі высока ацэнены — яна працуе мастаком-рэстаўратам у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Анталогія «UN AVE INDOMITA» выйшла ў мяккай глянцава-чорнай вокладцы. На 213 старонках — 125 вершаў Яўгеніі Янішчыц. Паэтычная падборка разнастайная. Спадзяемся, што іспанамоўнаму чытачу кніга спадабаецца і будзе мець розгалас у літаратурным асяродку Іспаніі і Лацінскай Амерыкі. 

Франсіска Руіс Сарыяна працягвае пачатую ім справу. Цяпер ён вычытвае каталонскі варыянт анталогіі, якую плануюць зрабіць двухмоўнай, з фотаздымкамі Яўгеніі Янішчыц і карцінамі Яны Янішчыц. На думку перакладчыка, каталонская анталогія атрымаецца значна лепшай, чым іспанская, і большай па аб’ёме. 

І ў Беларусі напярэдадні Новага года ў серыі «Бібліятэка паэзіі» выйшла кніга Яўгеніі Янішчыц «Я вас люблю». Укладальнікам выступіў паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп. Віктар Анатольевіч ужо на працягу 17 гадоў рупіцца пра спадчыну Яўгеніі Янішчыц. 

У 2008 годзе ён быў укладальнікам зборніка «Пачынаецца ўсё з любві» (серыя «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя»); у 2018 годзе — выдання «Кахання сад і ластаўка вясны» (серыя «100 вершаў»). У 2024 годзе Віктар Анатольевіч рэдагаваў кнігу «Непрыручаная птушка» (укладальнік Алесь Бадак). 

Цікава, што перакладчыкі, укладальнікі, даследчыкі творчасці 

Яўгеніі Янішчыц часта выкарыстоўваюць для назваў зборнікаў выраз паэтэсы «непрыручаная птушка». 

Ён вельмі характэрны як для асобы аўтара, так і для яе творчасці. Паэзія Яўгеніі Янішчыц хвалюе нас сёння і, упэўнена, будзе хваляваць наступныя пакаленні. 

Тамара АЎСЯННІКАВА

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю