Героі выставачнага праекта — пісьменнікі, якія змагаліся супраць фашыстаў за свабоду і мір на роднай зямлі: Андрэй Платонаў, Булат Акуджава, Васіль Быкаў, Веніямін Каверын, Данііл Гранін, Алесь Адамовіч, Віктар Астаф’еў, Віктар Някрасаў і Канстанцін Сіманаў.
Выстаўка ўяўляе сабой своеасаблівую мазаіку, сабраную з літаратурных апісанняў і дзённікавых запісаў, ваенных падзей і ўспамінаў франтавікоў, архіўных фотаздымкаў і дакументаў.
— Вельмі каштоўна, што маладыя мастакі звярнуліся да жанру лейтэнанцкай прозы і паэзіі, да літаратуры, галоўнай тэмай якой з’яўляюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Звярніце ўвагу: усе работы вельмі розныя. Мастак адчуў і адлюстраваў нейкі твор праз сімвалы: гэта і канкрэтныя вобразы, як горад Сталінград, і вельмі алегарычныя, як белая кашуля Сотнікава. Пісьменнікі па-рознаму паказваюць падзеі, якія хвалююць чалавецтва, і калі да іх звяртаецца мастак менавіта праз інсталяцыю, гэта здзіўляе і ўражвае да глыбіні душы, — пракаментавала куратар праекта Ірына Князева.