Мастацкая гісторыя народа так ці інакш залежыць ад розных асоб, якія, падобна метэорам, сваімі ідэямі асвятляюць небасхіл нацыянальнага мастацтва. Беларускае ж мастацтва адносна маладое, але нягледзячы на гэта ў нас ёсць свае першапраходцы, свае мастадонты духу, якім было наканавана пакінуць яркі след у гісторыі. Англічане ганарацца Шэкспірам і Мільтанам, італьянцы — чароўным Дантэ, іспанцы памятаюць барочнага класіка Гонгару. Але хто ж з’яўляецца першым сярод нас, беларусаў?
Адказ ведае кожны школьнік — гаворка ідзе пра Францыска Скарыну. Менавіта з яго жыццяпісу пачынаецца кніга Ірыны Аўсеп’ян.
Насуперак жахлівым абставінам
Каму з беларусаў невядомы гэты дзіўнага лёсу майстар, на долю якога выпалі разнастайныя нягоды, які быў душой і сэрцам беларускага Рэнесансу?.. Час ідзе, эпохі мяняюцца, а асоба палачаніна Скарыны становіцца адначасова і больш яснай (у кантэксце пазачасавага культурнага ўплыву), і больш туманнай (у кантэксце асабістай біяграфіі). Але Ірына Аўсеп’ян не робіць стаўку на міфалагізацыю вобраза Скарыны — наадварот, гістарычныя факты тут неабходныя для фіксацыі індывідуальных дасягненняў першадрукара. Гэта не грубая факталогія ці банальны пералік заслуг.
- У нейкім родзе гэта спроба пазнаёміцца з майстрам скрозь тоўшчу гісторыі, стварыць эскіз, у якім будзе адлюстроўвацца яго індывідуальнасць. Было б памылкай лічыць, што Ірына Аўсеп’ян прапануе нам галерэю класічных партрэтаў розных эпох: не, гэта зусім не жыццяпісы ў духу Вазары. Гэта свайго роду візітныя карткі, з якіх мы можам пачаць знаёмства з дзеячамі культуры розных часоў. Яны не прэтэндуюць на маштабнасць або эпічнасць, але ў гэтых мініяцюрах ёсць пэўная свежасць, што абуджае цікавасць да апісаных постацей.
У кнізе расказана 21 гісторыя: тут ёсць месца і тым, хто заклаў асновы мастацтва ў XIX стагоддзі (гаворка пра Хруцкага і Пэна), і тым, хто атрымаў свабоду самавыяўлення ў новыя сацыялістычныя часы (напрыклад, паэт Паўлюк Трус), і тым, чый творчы лёс так ці інакш пераплецены з успамінамі пра жахі вайны і акупацыі (паэт і грамадскі дзеяч Валянцін Таўлай), і тым, хто адраджаў краіну пасля жудаснай навалы, якая забрала жыцці мільёнаў. Для лепшага паглыблення чытача ў кнігу дададзены міні-партрэты работы таленавітага мастака Алега Карповіча: мініяцюры гэтыя быццам бы адлюстроўваюць той унутраны няўлоўны агонь, які штурхаў нашых слаўных суайчыннікаў на адкрыцці ў імя мастацтва. Поўныя свайго «празрыстага» жыцця, яны свежыя і ў значнай ступені паўнакроўныя для таго, каб даць дакладнае ўяўленне пра герояў кнігі.
Нечаканыя паралелі
Тут назіраюцца (сказаць адкрыта) і ў пэўным сэнсе спрэчныя меркаванні пра мастацтва, і адносная шаблоннасць у апісаннях, але гэтага не пазбегнуць, калі гаворка заходзіць пра такі від эсэістыкі. Нельга не адзначыць, што ў кнізе бачацца і відавочныя аўтарскія поспехі.
Самым яркім (на думку аўтара дадзенага крытычнага артыкула) фрагментам кнігі з’яўляецца гісторыя Мая Данцыга. Дазвольце некаторую вольнасць: гэтая частка кнігі ў нейкім сэнсе нагадвае па духу бадлераўскага «Паэта сучаснага жыцця». Бадлер пісаў аб сваім сучасніку Гісе, Аўсеп’ян жа — аб галоўным беларускім рэалісце нашай эпохі Данцыгу. І сапраўды, гэтыя мастакі дакументавалі сутнасць сучаснасці, яе цякучую бесперапыннасць і нават (!!!) эфемернасць. Гіс, у адрозненне ад Данцыга, усё ж не быў на самай справе манументальным мастаком, але паралелі тут непазбежныя. Бадлер выкарыстоўвае дзіўны парадокс для апісання сутнасці вялікага мастацтва: геній падобны чалавеку, які вылечваецца. Вырваўшыся з лап смерці, ён адкрывае зусім новы свет, які здаецца яму невядомым, а невядомае заўсёды прыцягвае.
Цяпер жа параўнайце гэта з абставінамі жыцця Данцыга: прайшоўшы разам з савецкім народам праз жахі Вялікай Айчыннай, ён назірае за пасляваенным «выздараўленнем» Мінска, за адраджэннем вітальных сіл роднага горада. Гэта магутны прыліў веры, які літаральна зводзіць з розуму таленавітага жывапісца, прымушае Данцыга (калі верыць Аўсеп’ян) лезці на недабудаваныя дахі шматпавярховак для таго, каб здабыць зыбкае ўражанне, якое ў працэсе працы застыне навек. Данцыг у гэтым сэнсе нават нагадвае Манэ: апошні, не будучы імпрэсіяністам у прамым сэнсе гэтага слова, усё ж быў тым самым «паэтам сучаснага Парыжа». Ці не справядліва гэта і ў адносінах да Мая Данцыга? У любым выпадку тут прасочваецца відавочная ўдача аўтара кнігі: Ірына Аўсеп’ян адкрыла новы бок творчага таленту беларускага майстра. І хоць у кнізе няма ні слова ні пра Бадлера, ні пра мастацкае «выздараўленне», нельга не адзначыць, што ў гэтым пасажы адчуваецца паліфанія, якая падштурхоўвае дасведчанага чытача да самых нечаканых паралеляў, пра якія ў працэсе мастацкіх пошукаў, верагодна, не думаў і сам аўтар кнігі!
І ў гэтым уся сутнасць сапраўды таленавітых кніг. Кажучы пра сучаснасць, яны так ці інакш скіроўваюць нас да асэнсавання мінулага. Магчыма, кніга Ірыны Аўсеп’ян тым і важная для сучаснасці, што ў яе звыклай апісальнасці жыццёвага цыкла вялікіх людзей Беларусі так шмат нараджаецца асацыяцый з «ніадкуль». Асацыятыўнасць так ці інакш намякае на багацце ўяўлення. А ўяўленне, калі быць сумленным, і ёсць аснова любой вялікай літаратуры.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ