— Некалькі гадоў я назірала за творчасцю розных жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падчас правядзення буйных выставак, — падзялілася думкамі Кацярына Янкоўская, — адзначаючы тое, як сімвал змяі выяўляе сябе. Падбіраючы работы для гэтай экспазіцыі, заўважыла наступныя тэндэнцыі: беларусы выбраны вобраз выкарыстоўваюць, як правіла, у міфалагічных і біблейскіх сюжэтах, знаходзяць яму месца ў дэкаратыўных інтэрпрэтацыях канцэпта наіўнага мастацтва, вядома ж, звяртаюцца, да літаратурных крыніц. У рэшце рэшт завяршаецца пералік актуальным мастацтвам, якое ўключае ўсе вышэйпералічаныя кірункі, — тут аўтары працуюць над новымі, абсалютна ўнікальнымі вобразамі. Гэты праект адрозніваецца разнастайнасцю: мы бачым вялікую колькасць тэхнік, знаёмімся з рознымі сюжэтамі, назіраем непадобныя падыходы. Аднак ёсць і агульнае — многія выкарыстоўваюць вохрыстую гаму, вельмі тонкую, мяккую. Усё ж сімволіка змяі мае пэўную энергетыку, хоць ёй і ўласціва шматпланавасць, бо значэнні вобраза могуць быць самыя розныя, нават супрацьлеглыя сыходзяцца разам.
Тычыцца гэта, напрыклад, работ, у якіх аўтары звяртаюцца да матываў беларускіх міфаў і легенд. На выстаўцы гэта ілюстрацыі Мішы Дайліды да твора «Малочны кактэйль для вужынага караля, альбо Калякамп’ютарная казка». Кніга Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан выйшла ў 2019 годзе і складаецца з невялікіх гісторый, у якіх шмат увагі ўдзяляецца паданням. З гэтага вынікае іранічны і адначасова глыбока-міфалагічны сэнс графікі мастака, які ў якасці інструментаў любіць выкарыстоўваць гелевыя ручкі і маркеры і ўжо гэтым часта вылучаецца сярод іншых аўтараў. У экспазіцыі ёсць таксама яго твор «Укус» (2025) — тут Міша Дайліда працаваў з пастэллю, і работа зноў жа мае характарыстыкі, уласцівыя тэхніцы скетчынгу. Выразны, жывы малюнак з нетыповай кампазіцыяй, ён выяўляе ў тым ліку і няшчасце, шкоду ды магчымасць страшных наступстваў.

Іранічны погляд на тэму ўласцівы і Юліі Дранец, якая для выстаўкі «Vuž. Вобраз змяі ў сучасным беларускім мастацтве» прапанавала калаж «38 папугаяў», фонам для якога сталі геаграфічныя карты і шпалеры.
— Вобраз змяі ў беларускай культуры звязаны з нечым небяспечным і неспазнаным, аднак, напрыклад, ва ўсходняй традыцыі ён сімвалізуе мудрасць, — адзначыла Юлія Дранец. — У сваёй рабоце, якой бы іранічнай яна ні была, у гэтым прысвячэнні мультфільму
«38 папугаяў», дзе ўдаў быў якраз увасабленнем разважлівасці, мне хацелася падкрэсліць, што мастакі могуць прачытаць гэты вобраз па-рознаму. Па выстаўцы відаць, што выказванні аўтараў не прамалінейныя. І тэмперны, алейны жывапіс, і графіка, і скульптура, і калаж — усё гэта цудоўна адлюстроўвае сучаснае бачанне творцамі пэўнай тэмы.

Многія запрашаюць да пераасэнсавання вечных сюжэтаў сусветнага мастацтва. Ды куды без біблейскай гісторыі пра спакушэнне Евы (змяя і жанчына ў якіх толькі вобразах сёння не паўстаюць!), без згадкі пра Гаргону Медузу, пачвару са змеямі замест валасоў, позірк на твар якой рабіў чалавека каменем? Ды большасць удзельнікаў выстаўкі засяродзілася на адцягненых разважаннях, канструіруючы абстрактную
рэчаіснасць. Шлях да яе разумення кожны шукае сам.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара