Апошняе якраз і тычыцца Мікалая Іванавіча. Добра, што ў яго з’явілася жаданне асэнсаваць свой пройдзены шлях. Канешне, не толькі для сябе, але і для нашчадкаў. Не толькі ўласных, што само па сабе зразумела, а і ўвогуле для тых, хто будзе жыць у нашай роднай Беларусі пасля нас. Каб ведалі яны, што жыць трэба без сораму не толькі перад суайчыннікамі, але і краінамі-суседзямі. Таму і ўзяўся перагортваць старонкі ўласнага жыццяпісу, паэтапна выбіраючы з іх, характэрныя для кожнага перыяду жыцця.
Двухтомнік «Тревожные дни», развагі «На пути перемен» (літаратурная апрацоўка Алены Чаргінец) толькі асобная старонка з яго выбранага. Канешне, нямала і таго, на чым засяродзіў увагу Мікалай Някрасаў. З пачатку свядомага жыцця Мікалай Чаргінец рабіў усё дзеля таго, каб не было сорамна не толькі перад бацькамі, сябрамі. Зразумела, тады не ўяўляў, што такое грамадзянскасць, але недзе ў душы, няхай сабе і падсвядома, гэтае паняцце прысутнічала. Яго ўсведамленне і прывяло да таго, што, праявіўшы сябе ў многіх пачынаннях, асабліва стаў заўважным у палітычнай дзейнасці.
Безумоўна, дзе б ні працаваў Мікалай Іванавіч, якой бы работай ні займаўся, і нават тады, калі быў воінам-інтэрнацыяналістам у Афганістане, заставаўся чалавекам сваёй краіны. У гэтым і праяўлялася яго грамадзянскасць. Аднак менавіта на дзяржаўнай службе стаў сапраўдным палітыкам. Таму, чытаючы том «Проза политики», я неаднойчы прыгадваў выказванне Мікалая Някрасава. Яно не толькі ўзнікала ў памяці, а і часта падмацоўвалася фактамі. Мікалай Чаргінец, маючы грамадскі і палітычны аўтарытэт, прымаў удзел у падзеях, якія мелі вялікі рэзананс за мяжой. Пра асобныя з іх расказвае падрабязна, не сумняваючыся, што чытачу заўсёды цікава ведаць пададзенае з вуснаў таго, хто быў непасрэдным удзельнікам падзей.
Гэта, прынамсі, тычыцца прыняцця знакавага для Расіі і Беларусі важнага гістарычнага дакумента — Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, што, як вядома, паклаў пачатак унікальнаму інтэграцыйнаму праекту. Адбывалася яно, як і патрабуе такі адказны момант, безумоўна, урачыста. Паколькі Мікалай Іванавіч і празаік, ён не толькі пратакольна занатоўвае падзею, а і выказвае да ўсяго сваё стаўленне. Яно не старонняга сузіральніка, а і псіхолага, міма позірку якога нішто не праходзіць. Нават такое, што, магчыма, можна і не прыгадваць. Гэта тычыцца не толькі іншых удзельнікаў, але і самога сябе. Іншы б на яго месцы некаторыя моманты і апусціў, зразумеў, што знойдуцца ахвотныя пакпіць. Ды гэта не ў натуры Мікалая Чаргінца. Хоць чаму здзіўляцца. Той, хто ведае сабе сапраўдную цану, увагу на зласліўцаў ніколі не звяртае.

Падрабязна расказвае Мікалай Іванавіч і пра тое, як адбываліся чарговыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Рыгоравіч аказаў яму высокі давер і гонар: падаў заяву ў Цэнтральную выбарчую камісію аб рэгістрацыі яго ў якасці кіраўніка ініцыятыўнай групы. Работа была не толькі вялікая, але і адказная. Тое, пра што пісьменнік падрабязна расказвае, ужо стала гісторыяй. З-за сваёй аб’ектыўнасці яна, несумненна, будзе цікавай і будучым гісторыкам. У прыватнасці, праўдзіва паказана, як дзейнічалі апаненты ўлады. Гэта відаць хоць з такога сведчання: «<...>предвыборная кампания, борьба идеологий, предложений, которые могли понравиться избирателям, подходов к развитию экономических и международных отношений была жёстокой. Оппозиционные кандидаты в своем большинстве обещали народу ВСЁ! Хотя нормальному аналитику было ясно, что, если придёт такой „обещалка“ к власти, страну ждет беда: ни одно обещание не будет выполнено». Вывад, як сведчыць Мікалай Чаргінец, зразумелы: «нашим оппонентам нужно одно — власть. На вопросы, как они будут ее осуществлять, звучали лишь слова Остапа Бендера: „Запад нам поможет!“».
Апошняя кропка ў кнізе «Проза политики» пастаўлена, але разам з тым яе яшчэ і няма. Так не бывае? Жыццё Мікалая Чаргінца падказвае, што ў палітычнай сферы яго дзейнасць гэтым не заканчваецца. Ён выбіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1, 2 і 3 скліканняў, узначальваў Пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, а таксама Камісію парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі. З 1988 да 2008 года прадстаўляў нашу краіну ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Шмат пра сваю дзейнасць у гэтых кірунках, як бачым, ён гаворыць у «Прозе политики». Шмат, але далёка не ўсё. Таму заканамерна напрошваецца і працяг аповеда пра сябе і час, у якім праявіўся як палітык.

М. Чаргінец, Старшыня ЦВК Расіі А. Вішнякоў, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Расіі В. Туманаў, Старшыня Вярхоўнага Суда Расіі В. Лебедзеў. Масква, Вялікі Крамлёскі палац, 1999 г.
Тым больш, што таксама відаць з гэтай кнігі, заўсёды быў не толькі па-дзелавому актыўны, а і як прадстаўнік сваёй краіны, свайго народа, які дзейнічаў не толькі, як кажуць, па пратаколе, у неабходных выпадках і праяўляў ініцыятыву. Значыць, ёсць што прыгадаць, ёсць што ўспомніць. Працягам «Прозы политики» стане кніга «И за океаном есть наши интересы», якая неўзабаве таксама выйдзе ў Выдавецкім доме «Звязда». Як і ва ўсіх папярэдніх тамах, Мікалай Іванавіч, несумненна, будзе прытрымлівацца жанру аўтабіяграфічны раман. Хоць і ў ранейшых з іх ужо зарэкамендаваў сябе менавіта не столькі дакументалістам, колькі празаікам. Жыццёвая фактура для яго, у тым ліку звязаная з асабістымі момантамі, толькі фон, астатняе — багаты роздум аб падзеях, удзельнікам якіх не проста стаў, а ў асобных выпадках шмат уплываў на іх далейшае развіццё. Усё гэта разам і прыцягвае ўвагу да гэтых кніг не менш, чым яго шматлікія раманы.
Алесь МАРЦІНОВІЧ