Top.Mail.Ru

Навум Гальпяровіч: «Паэзія і ёсць рай на зямлі»

Аўтар: Наталля Святлова
20.10.2025 | 11:00

Журавель высока лятае, ды да ракі павяртае. Можа, да Палаты, Бельчыцы або Заходняй Дзвіны? Сюды імкнецца крылатая душа ўраджэнца Полацка паэта, празаіка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча. Журавель найбольш прыгожы ў палёце, бо трымае галаву выцягнутай. Разам з шырока развінутымі крыламі гэта нагадвае стралу — сапраўдная паэзія, грацыёзная лірычная дзея. Такі ж палёт жураўля Гальпяровіча, які заўсёды кіруе на Радзіму. Там — сілкаванне яго творчага «я», сведчаннем чаму — новая кніга «Чырвоны мост». Пра сакральнасць роднай старонкі, мову творчасці і імпэт да кніг наша гутарка з Навумам Гальпяровічам.

— Ваша новая кніга «Чырвоны мост» нядаўна прэзентавана ў Доме дружбы. Многія філосафы падкрэсліваюць непарыўную сувязь духоўнага і патрыятычнага. Наколькі рухала вамі пачуццё сумлення, гонару, доўгу перад Радзімай, калі вы пісалі гэтую кнігу?

— Гэтае пачуццё са мной ідзе праз усё жыццё. Я адчуваў яго не толькі ў той час, калі пісаў гэтую кнігу. Радзіма, мой Полацк — тое, чым я жыву ва ўспамінах і ў штодзённых справах... Гэта не столькі і не толькі геаграфічнае паняцце, колькі прыцягненне душы, гэта, калі хочаце, абярэг ад усяго дурнога, непатрэбнага, мітуслівага, хцівага і лжывага. Гэта тое, што трымае на свеце, што дае сілы.

— Што было ў запасе вашай душы для стварэння рамана-эсэ «Чырвоны мост»?

— Пачуццё роднасці. З домам, з мамай і татам, бабуляй, якія засталіся ў маёй памяці як самае светлае, самае чыстае, чаму няма ніякага параўнання. Успаміны пра сяброў, пра вуліцы і завулкі роднага горада, па якіх я часта блукаю ў снах, любоў, усеабдымная і глыбокая, разуменне сябе часткай зямлі, на якой нарадзіўся, якой назаўжды належу. Як у маім вершы «Гэта адзінае і назаўжды»... 

Я бываў у Заходняй Сібіры, у Сярэдняй Азіі, Кітаі... І яшчэ больш сумаваў па роднай Беларусі, хацеў хутчэй вярнуцца...

— Некаторыя лічаць, што паэт піша на адной мове: напрыклад, альбо толькі па-руску, альбо толькі па-беларуску. Калі на дзвюх мовах — ты не сапраўдны паэт... Маўляў, трэба ісці па адным шляху. Што скажаце на гэта?

— Ведаць і гаварыць можна аднолькава добра і на той, і на іншай мове. І гэта паказчык адукаванага, багатага душой чалавека. Але для мяне ў творчасці ёсць адна мова, на якой я думаю, адчуваю, чым, як кажуць, дыхаю. Ці можна аднолькава адчуваць сябе на іншых мовах, не ведаю. У мяне ёсць з чым параўноўваць, бо пачынаў я пісаць па-руску, але душа адкрылася толькі тады, калі перайшоў на беларускую, — гэта, як у каханні, немагчыма адначасова аднолькава кахаць двух розных людзей. Паважаць можна, але палка, да самазабыцця, кахаць... Ды і Купала не стаў бы Купалам, і Колас — Коласам, калі б не выбралі для сябе ў творчасці адну мову. Максім Багдановіч спрабаваў пісаць ажно на трох мовах, але стаў беларускім класікам толькі на роднай.

— Уладзімір Караткевіч сказаў: «Выбірай: быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй». Дык што, тыя, хто ў нас піша па-руску, — «пасрэднасці»?

— Я думаю, Уладзімір Сямёнавіч у сваёй манеры крыху эмацыянальна абвастрыў думку. Не так, магчыма, катэгарычна, але я з яго выказваннем у цэлым згодны. Па-руску ў Беларусі, напрыклад, пісаў выдатныя радкі Веніямін Блажэнны. Былі і ёсць у нас іншыя добрыя рускамоўныя паэты. Выдатныя творы могуць быць на любой мове. Ды праўда ў словах Караткевіча ў тым, што толькі тут, толькі ведаючы глыбока душу ўласнага народа, яго спрадвечную мову, звычаі і традыцыі, можна стварыць такое, што застанецца назаўсёды ў гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства. Ці, прынамсі, у народнай памяці. Прыклад таму — Іван Мележ, Васіль Быкаў ды і той жа Уладзімір Караткевіч. А раней — Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі...

— Займанне кіраўнічых пасад шкодзіла творчасці?

— Я ўжо сышоў з такіх пасад, але, нават калі давялося займаць іх, а на гэта пайшло нямала гадоў, не адчуваў ся-бе гэткім начальнікам. Што тычыцца творчасці, то, вядома, служба ў нечым адцягвала час ад больш інтэнсіўнай, калі можна так сказаць, пісьменніцкай працы, але пісаць, думаць, адчуваць не пераставаў ніколі. Я ведаў заўсёды, што самая высокая пасада — чалавек, паэт, творца. Але, канечне, магчыма, каб не тая праца, напісанага было б больш.

— А дзе вам пішацца найлепш: на прыродзе, у транспарце, падчас радыёэфіру?

— Паўсюль... Калі няма пад рукой паперы, па некалькі разоў паўтараю ў памяці тое, што «стукнула», што ўвасобілася ў нейкія словы. Тут я ў нечым стараюся быць падобным на свайго сябра Алеся Пісьмянкова, які «думаў» і «выходжваў» вершы. Ён не запісваў у сшытак радкі, пакуль у галаве не складваўся верш. Я так не заўсёды магу. Таму, бывае, запісваю, стараючыся не згубіць радкі, якія прыйшлі раптам, на самых выпадковых лістках паперы, што трапляюцца пад руку.

— Шмат сябе правіце? Ці адкладваеце напісанае на некаторы час, які патрабуецца, каб праверыць якасць? 

— Бывае, па-рознаму. Часам, калі верш падаўся надта ўдалым, хочацца тут жа некаму з сяброў ці блізкіх пачытаць, і не заўважаеш пэўных хібаў. А потым, праз дзень, — нібы халодны душ. І правіш, і адкладваеш. Але найлепшыя вершы, на мой погляд, пісаліся адразу і практычна без правак. 

— Як ставіцеся да сваіх першых твораў?

— У асноўным крытычна. Я далёка не адразу знайшоў свой шлях у творчасці, адметнасць стылю, голасу. Некаторыя першыя творы нават закрэсліваў, ды, хоць і рэдка, здараліся і ўдачы. А яшчэ некаторыя раннія вершы я потым перарабіў, бо ў іх за няўдалымі часам радкамі хавалася непасрэднае юначае гарачае пачуццё.

— Глыбока сягае ў душу ваш верш: «Я вучань. // Мне настаўнік загадаў // Вучыць на памяць хмары, рэкі, дрэвы... Звініць званок. // Чуваць далёкі рокат. // І бачыцца, што ў неба цемру я лячу, // І страшна, што не вывучыў урока». Як навучыцца дараваць усё і ва ўсіх бачыць толькі добрае? Вам гэта ўдаецца?

— Ва ўсякім разе, стараюся. Цяжка бывае гэта зрабіць, калі сустракаешся з подласцю, здрадай, падманам. Але і тады ўсё ж стараюся не даць сабе спакусы на помсту, варожасць. А добрых людзей бачу і радуюся, што такія ёсць, і нават у не вельмі добрым чалавеку хачу знайсці добрыя рысы.

— Ваша штотыднёвая калонка «Чытацкі дзённік Навума Гальпяровіча» ў «ЛіМе» — жаданне зрабіць унёсак у справу далучэння беларускага чытача да скарбаў, набыткаў літаратуры або натуральная душэўная патрэба выказацца?

— Канечне, патрэба выказацца, падзяліцца радасцю ад прачытанага, нават, можа, парэкамендаваць звярнуцца да цікавага аўтара. І паказаць, што, на мой погляд, сапраўдная літаратура.

— Колькі кніг у вашай хатняй бібліятэцы? Якія з іх з аўтографамі ад аўтарытэтных асоб у літаратуры? Якія з іх вам найбольш дарагія?

— Купляю кніжкі з васямнаццаці гадоў. Шмат падараваў роднай школе, бібліятэцы вайсковай часці, дзе выступаў, частку перадаў у сынаву бібліятэку, якая таксама ўнушальных памераў. Асабліва ганаруся зборам твораў беларускіх аўтараў. Ёсць каштоўныя для мяне з аўтографамі Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Міхася Стральцова, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Панізніка, Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Зіновія Прыгодзіча, Рымы Казаковай, кнігі з паэтычнымі прысвячэннямі Алеся Пісьмянкова, Алеся Жыгунова...

— «Што ж гэтак хочацца сёмага неба, // Што ж гэта верыцца ў шчасця працяг? <...> Значыць, жывём мы не хлебам адзіным, // Небам адзіным нам хочацца жыць» — надзвычай праўдзівыя і натхняльныя вашы радкі. Паэзія дала магчымасць адчуць рай на зямлі, даляцець да сёмага неба?

— Паэзія і ёсць рай на зямлі, і сёмае неба. Толькі калі яна агорне сваім крылом, калі далучыць да шэпту і пацалунку нябёсаў.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю