Top.Mail.Ru

Нацыянальны конкурс у межах Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — цудоўная нагода для асэнсавання таго, што адбываецца ў беларускім кіно

Аўтар: Ларыса Цімошык
24.11.2025 | 18:56
Наша: традыцыйнае, маладое, арыгінальнае

Прычым не толькі ў кантэксце існавання і работ Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Ужо не першы раз у яго праграму трапляюць фільмы, зробленыя тэлеканаламі і незалежнымі кінамайстрамі — і гэта вельмі цікава: хто і як цяпер у нас гатовы рабіць кіно? Хто насамрэч жыве гэтым мастацтвам? Як яно можа прадстаўляць краіну? 

Апошняе пытанне — адно з тых, што вызначыла сёлета лёс галоўнага прыза ад прафесійнага журы конкурсу. У нацыянальным конкурсе большасць работ былі менавіта неігравыя, за выключэннем трох кароткаметражак, пра адну з якіх — ваенную драму — мы распавядалі ў мінулым нумары. Але і дзве іншыя ігравыя стужкі вартыя ўвагі, кожная па-свойму. Пра іх асобная размова. Як і пра тую, што атрымала галоўную ўзнагароду журы сярод усіх прадстаўленых у нацыянальным конкурсе.

Беларускае хараство

«Найлепшым неігравым фільмам», па меркаванні журы на чале са старшынёй Саюза кінематаграфістаў Таджыкістана Сафарам Хакдодавым, была карціна вытворчасці «Белтэлерадыёкампаніі» «Жыццё маё — Харошкі. Валянціна Гаявая» рэжысёра Анжалікі Новікавай. І зразумела чаму: гэта была амаль адзіная работа, у якой раскрывалася Беларусь, яе адметнасць, каларыт. І яе хараство — праз абрады і традыцыі, замацаваныя ў тым ліку і ў танцах. 

Іншая справа, што танцы «Харошак» — усё ж аўтарскія, а не ў чыстым выглядзе аўтэнтычныя. Гэта хутчэй погляд збоку на беларускі свет і ўспрыманне яго чалавекам. У дадзеным выпадку — харэографам Валянцінай Гаявой, якая атрымала званне народнай артысткі яшчэ ў савецкі час. Менавіта яна стварала харэаграфічны ансамбль «Харошкі» (калісьці пачыналі яго разам з мужам Мікалаем Дудчанкам), і цяпер усе атаясамліваюць калектыў менавіта з імем Валянціны Гаявой. 

Валянціна Іванаўна расказвае як захапілася беларускай культурай, жывучы яшчэ ў Ленінградзе, але маючы продкаў тут. Падобна Уладзіміру Мулявіну (такое параўнанне просіцца), змагла стварыць на глебе нашых традыцый нешта арыгінальнае, што кранала, чапляла, уражвала не толькі жыхароў рэспублікі. Напрыклад, у фільме гучаць успаміны пра тое, як станоўча на харэаграфію Гаявой у «Харошках» адрэагаваў вядомы Ігар Маісееў. Магла б спачываць на лаўрах, але працягвала працаваць, паставіўшы сваё служэнне беларускай культуры вышэй за асабістае. 

Ды для яе асабістае — таксама «Харошкі». Прызнае, што нечым прыходзілася ахвяраваць у жыцці, але дзеці выраслі, і адзін з сыноў дапамагае маці перадаваць беларускія традыцыі праз строі як мастак. Так атрымалася, што «Харошкі» сталі як сям’я, з якой прайшла ўсе этапы станаўлення. Цяпер гэта Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль, які існуе ўжо больш за паўстагоддзя. 

Дарэчы, да 50-годдзя калектыву і быў прымеркаваны фільм, створаны тэлеканалам «Беларусь-3». У яго аснову пакладзена тэлеінтэрв’ю з заснавальніцай ансамбля, якая расказала пра творчасць, аднак гучаць у стужцы выказванні розных людзей — родных і тых, што сталі блізкімі за гады працы. Ёсць згадка пра розныя праграмы «Харошак», уключэнне запісаў яркіх нумароў. Беларускія традыцыі перадаюцца не толькі праз танцы. Пра гэта гаворыцца ў праграме «Па старонках Полацкага сшытка», што была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Успамінаецца і тое самае беларускае хараство, блізкае сэрцу нашых суграмадзян, якое даспадобы тым, хто адкрывае Беларусь: вось яна — працавітая, кемлівая, гарэзлівая, задумлівая, пакутная, прыгожая, светлая. Яна жыве ў руху, і танец пра гэта сведчыць. 

А хто не ведае «Харошкі»? Напэўна, іх не ведаюць пакуль там, дзе ансамбль не выступаў. І вось падказка: можна паглядзець фільм, а ўжо праз яго ўявіць краіну, якую прадстаўляюць «Харошкі». Таму «лістападаўскі» прыз ад міжнароднага журы ўручаны за тое, што нас адрознівае ад іншых.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю