Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў святкуе ў гэтым годзе свой пяцідзясяты юбілей. На чатырох факультэтах, а таксама ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі
кадраў сёння рыхтуюць прафесіяналаў па 16 спецыяльнасцях (29 прафілізацыях). А мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» і ўласны спартыўна-культурны цэнтр даюць студэнтам прастору для ўсебаковай рэалізацыі іх талентаў. Пра сённяшні дзень універсітэта і яго перспектывы размаўляем з рэктарам БДУКМ Наталляй КАРЧЭЎСКАЙ.
Нашы выпускнікі — усюды
— Наталля Уладзіміраўна, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў святкуе 50-годдзе. Што ў яго паўвекавой гісторыі ў вас выклікае гонар і ўдзячнасць?
— Я асабіста ўдзячная, у поўным сэнсе гэтага слова, за ўсё, таму што ў гэтых сценах прайшла большая частка майго жыцця. Тут я вырасла, сфарміравалася як асоба і да сённяшняга дня фарміруюся як чалавек. Таму я ўдзячная за тое, што тут атрымала адукацыю, знайшла сяброў, што склалася ў прафесіі і атрымала свой вопыт кіраўніка. Для мяне гэты ўніверсітэт — вельмі асабістая гісторыя, паколькі пра яго я ве-дала яшчэ да таго, як пайшла ў школу. Тут некалі вучылася мая родная цётка. І я ганаруся тым, што цяпер, фактычна праз 50 гадоў, няма, мабыць, ніводнай установы культуры ці іншых блізкіх сфер, дзе б ні было нашых выпускнікоў. І гэта асаблівае пачуццё. Бо падзей за паўстагоддзя было шмат, і складана выдзеліць штосьці, а вось калі ты прыходзіш у вядучую ўстанову культуры ці ў невялікую бібліятэку ў самым маленькім населеным пункце, хутчэй за ўсё там будзе наш выпускнік!
— Якія магчымасці дае сёння ваш універсітэт?
— Мы забяспечваем падрыхтоўку на ўсіх узроўнях адукацыі. Сюды, умоўна, можна прыйсці ў 16 гадоў і застацца на доўгі час: вучыцца, працаваць, развівацца. Можна пачынаць з падрыхтоўчага аддзялення, а пасля працягваць навучанне ў бакалаўрыяце, магістратуры. Ёсць магчымасць вучыцца ў аспірантуры і дактарантуры. У нас ёсць два саветы па абароне дысертацый. І мы маем вялікія магчымасці для рэалізацыі праектаў, як навуковых, так і творчых. Таму ўніверсітэт забяспечвае поўны цыкл навучання. І Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў для нас таксама значны рэсурс, які, з аднаго боку, дазваляе зразумець, ці так мы рыхтуем спецыялістаў, а з іншага — дапамагае скарэкціраваць нашы праграмы, усвядоміць, што трэба палепшыць, атрымаўшы водгук непасрэдна ад людзей, якія працуюць на месцах.
— Скажыце, а ў прафесарска-выкладчыцкім складзе хто ў вас пераважае: людзі з вопытам ці маладыя кадры?
— Я, на жаль, не магу пахваліцца тым, што ў нас вельмі малады прафесарскавыкладчыцкі склад. Мы разумеем і імкнёмся да таго, каб адбывалася яго абнаўленне, каб павялічвалася колькасць маладых. Таксама мы вельмі трапятліва ставімся да традыцый, бо лічым, што гэта база ў адукацыі, таму вельмі цэнім людзей, якія ў нас даўно працуюць. І стараемся іх берагчы, пакуль здароўе дазваляе ім працаваць і выконваць сваё прызначэнне на высокім узроўні. Вядома, у апошнія гады мы ўдзяляем вялікую ўвагу таму, каб прыцягнуць у прафесарска-выкладчыцкі склад нашых лепшых выпускнікоў альбо тых маладых спецыялістаў, хто працуе ва ўстановах культуры, адукацыі. Але тут трэба разумець і такі момант, што не кожны нават выдатны дзеяч культуры можа быць добрым выкладчыкам. Таму, калі абагульняць, то ў нас у большасці — гэта людзі з вопытам, але ёсць асобныя кафедры, дзе шмат моладзі. Праўда, здараецца і так, што маладыя сябе настолькі добра праяўляюць, што іх забіраюць іншыя арганізацыі. Але і ў такіх выпадках мы гэта ставім сабе ў заслугу, бо яны ўсё роўна нашы людзі.
На адным баку ў навучальным працэсе
— Ужо месяц, як пачаўся новы навучальны год. Якой сёлета была ўступная кампанія ў вашай ВНУ?
— Сёлетняя ўступная кампанія запомнілася тым, што вельмі вырас конкурс і прахадныя балы. Гэта сведчыць, што, з аднаго боку, адукацыя запатрабаваная, карыстаецца папулярнасцю ў абітурыентаў і іх бацькоў, а з іншага, пацвярджае якасць падрыхтоўкі ў тых установах, дзе вучыліся яны да прыходу ва ўніверсітэт. І мы ўдзячныя тым, хто рыхтуе нам будучых студэнтаў. Вельмі важна, як людзі здаюць ЦТ, бо гэта вышэйшая адукацыя. Ёсць спецыяльнасці, дзе абітурыенты здаюць па тры ЦТ альбо ЦЭ і, адпаведна, там вельмі высокія балы. Што таксама радуе, бо я глыбока пераканана, што ў культуры павінны працаваць высокаадукаваныя людзі. А вось на спецыяльнасцях, дзе здаецца дысцыпліна «Творчасць», усё крыху па-іншаму выбудоўваецца. Там важная роля якраз здольнасцей. І больш за тое, людзі, якія праявілі сябе ў рэспубліканскіх ці міжнародных конкурсах, з’яўляюцца іх пераможцамі альбо лаўрэатамі, унесены ў банк даных таленавітай моладзі, могуць да нас паступаць і без уступных экзаменаў. Трэба адзначыць, што па выніках першага месяца такія добра вучацца. Верасень завяршыўся, а нашы студэнты ўжо паспелі паўдзельнічаць у шэрагу знакавых для нашай краіны мерапрыемстваў: Дзень народнага адзінства, Дзень беларускага пісьменства і іншыя. Студэнты былі там і ўдзельнікамі, і гледачамі, і валанцёрамі. Тут пачынаецца вельмі насычанае жыццё, да якога адразу трэба прывыкнуць. Ім, як яны самі прызнаюцца, гэта падабаецца.
Аказалася запатрабаванай «Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць», на якую істотна вырас і конкурс. Гэтая спецыялізацыя вельмі запатрабаваная ў работадаўцаў, але быў перыяд, калі яна не выклікала вялікага інтарэсу ў нашых абітурыентаў. Як звычайна, быў вялікі конкурс на «Сацыяльна-культурны менеджмент і камунікацыю», дзе нават на платным аддзяленні высокі прахадны бал. У прынцыпе, усе спецыяльнасці, па якіх мы рыхтуем спецыялістаў і якія традыцыйна цікавяць будучых студэнтаў, карысталіся сёлета попытам. Тыя ж «Рэжысура тэатра» і «Рэжысура прадстаўленняў і свят», «Музычнае мастацтва эстрады» — папулярныя. Не набіралі мы сёлета на «Камп’ютарную музыку», таму нехта чакае наступнага года.
Тэхналогіі і кантакты на карысць
— Наколькі і ў якіх абласцях запатрабавана адукацыя, якую дае ваша ВНУ, у замежных студэнтаў?
— Сёлета мы ўпершыню правялі «Летнюю школу» для замежных студэнтаў. Гэта наш сумесны праект з Чжэньчжонскім педагагічным універсітэтам. І высветлілі, што замежнікам для адаптацыі ў навучальным працэсе ў нашай краіне патрэбна яшчэ больш часу. Таму прапанавалі варыянт, пры якім яны могуць на месяц прыехаць да нас, каб паглядзець Беларусь і ўмовы навучання па тых напрамках, якія ім цікавыя. Спадзяёмся, што пасля частка з іх вернецца да нас у якасці студэнтаў. Праект, на мой погляд, вельмі ўдалы, мяркуючы па эмацыянальнай рэакцыі кітайскіх грамадзян, якія не хацелі ад’язджаць. Традыцыйна замежных студэнтаў, у прыватнасці з Кітая, цікавяць такія спецыяльнасці, як, напрыклад, «Харэаграфічнае мастацтва», «Музычнае мастацтва эстрады», «Харавая творчасць». Па «Мастацтвазнаўстве» ў нас ёсць магістарскія праграмы на рускай і англійскай мовах. «Арт-менеджмент» — на англійскай мове. На «Культуралогіі» можна вучыцца на рускай альбо англійскай мовах. Нават на «Музейнай справе і ахове гісторыка-культурнай спадчыны» навучаюцца замежныя студэнты. У гэтым годзе пашырылася геаграфія краін, адкуль прыязджаюць да нас студэнты. Мы сталі актыўней працаваць з Афрыканскім кантынентам, Японія ўпершыню выбрала наш універсітэт. Узаемадзеянне ёсць.
— На ваш погляд, як штучны інтэлект уплывае на сегмент творчых прафесій?
— Я не футуролаг і не вялікі эксперт па гэтай частцы, але, як усе мы бачым, штучны інтэлект развіваецца вельмі хутка. Ён, вядома, як мае свае перавагі, так і нясе пэўныя пагрозы. Напрыклад, дваццаць пяць гадоў таму мы не карысталіся смартфонамі, і яны былі нам не патрэбныя, а цяпер без іх складана. Таму і ў выпадку з ШІ многае залежыць ад таго, як гэты інструмент будзе выкарыстоўвацца. У нас ён прысутнічае практычна ва ўсіх спецыяльнасцях. Больш за тое, распрацоўваецца асобная дысцыпліна, каб студэнты разумелі, як з ім працаваць. Канешне, нейкія рэчы ШІ спрашчае. Гэта як мыць бялізну рукамі і ў машынцы-аўтамаце. Галоўнае, каб быў вынік. Але ШІ нясе ў сабе
і пэўную небяспеку. Спадзяюся, што канчаткова ён не заменіць людзей у сферы культуры. Але і нельга не ўлічваць яго развіццё. Трэба разумець усе сучасныя тэхналогіі і вучыць студэнтаў выкарыстоўваць іх з карысцю.
— Якім вы бачыце жыццё БДУКМ на новым вітку гісторыі?
— Хочацца, каб наш дарагі ўніверсітэт развіваўся, нават калі будуць памылкі. Каб ён заўсёды заставаўся «маладым». Для навучальнай установы 50 гадоў — гэта не ўзрост, а толькі пачатак. Я жадаю, каб у нас захоўваліся традыцыі, адбываліся пошукі новага і цанілася тое, што маем.
Алена ДРАПКО
Фота БелТА і Лізаветы ГОЛАД